У сваёй прамове Парфірый сказаў, што цяпер сыноды дзьвюх цэркваў завяршаюць афармленьне юрыдычных дакумэнтаў, пасьля чаго будзе падрыхтаваны афіцыйны акт, а ўсе астатнія праваслаўныя памесныя цэрквы будуць апавешчаныя ў адпаведнасьці з кананічным парадкам.
Сэрбскі патрыярх разьлічвае, што ўсе памесныя цэрквы прымуць аўтакефальны статус Македонскай праваслаўнай царквы — Охрыдзкай архіепіскапіі.
Кіраўнік МПЦ Стэфан падзякаваў членам Сьвяшчэннага Архірэйскага Сыноду СПЦ за прызнаньне аўтакефаліі МПЦ.
Рашэньне аб кананічным адзінстве азначае вяртаньне МПЦ да яе статусу ў 1959 годзе, які прызнаваў максымальную аўтаномію ў складзе Сэрбскай праваслаўнай царквы.
Македонская праваслаўная царква ў аднабаковым парадку абвясьціла сваю аўтакефалію ў 1967 годзе, але тады не атрымала згоды СПЦ, якая лічыла яе сьвятароў «адступнікамі».
Першае зьмяненьне статусу МПЦ адбылося 9 траўня сёлета, калі Сьвяты Сынод Канстанцінопальскага Патрыярхату абвясьціў аб прызнаньні Македонскай праваслаўнай царквы, яе герархіі і вернікаў і ўстанавіў зь ёй эўхарыстычныя зносіны.