Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Летась мігранты, сёлета — голад. У Лукашэнкі зьявіцца новая гібрыдная зброя?


Кампанія Беларуськалій»
Кампанія Беларуськалій»

Няўжо ўдача зноў прыйшла да Аляксандра Лукашэнкі  — раней, чым адбылася параза Расеі ў вайне? У абмен на транзыт збожжа з Украіны Захад можа прыпыніць санкцыі супраць беларускага калію.

Напад Расеі на Ўкраіну пагражае ня толькі нашаму рэгіёну. Абедзьве краіны зьяўляюцца найбуйнейшымі экспартэрамі збожжа. Вайна ставіць гэтыя пастаўкі, асабліва з Украіны, пад пытаньне і стварае пагрозу голаду ў шматлікіх краінах.
Таму любы спосаб арганізаваць пастаўкі вельмі важна выкарыстаць.

І тут маем Беларусь і пэрспэктывы транзыту ўкраінскага збожжа празь яе ў парты на Балтыйскім моры, пра што ўжо публічна разважаюць чыноўнікі з ЗША, Украіны, Літвы і ААН.

Плюс: «Беларуськалій» заўсёды быў буйным пастаўніком угнаеньняў і таксама адыгрываў важную ролю ў сусьветнай харчовай індустрыі. Таму зь яго на паўгода маюць зьняць санкцыі.

Размова ўжо не пра грошы інвэстараў і не пра бізнэс. Проста, калі трэба выбіраць паміж выратаваньнем беларускіх палітвязьняў і выратаваньнем мільёнаў патэнцыйных ахвяраў голаду, сьвет выбера выратаваньне ахвяраў голаду.
Іншая рэч, што наладжваць транзыт празь Беларусь азначае аддаваць лёс тых мільёнаў патэнцыйных ахвяраў голаду ў рукі Аляксандра Лукашэнкі. Ён, вядома ж, будзе прадстаўляць усё гэта як сваю літасьць і пры першай нагодзе шантажаваць увесь сьвет.

Гэты чалавек, якому неабмежаваная ўлада над Беларусьсю яшчэ ў дзевяностыя здавалася не адпаведнай ягоным напалеонаўскім амбіцыям, атрымаў бы рычаг уплыву глябальнага маштабу. А разам з Лукашэнкам гэты рычаг кантраляваў бы і ягоны спонсар Уладзімір Пуцін. І таму Расея таксама будзе зацікаўленая ў транспартным калідоры для ўкраінскага збожжа празь Беларусь.

У той жа самы час у Беларусі працягваюць незаконна судзіць людзей у рамках палітычных працэсаў, забараняць кнігі і разгортваць расейскія ракетныя дывізіі (усё гэта — навіны апошняга тыдня). Лукашэнка робіць гэта сьвядома і дэманстрацыйна, каб прыціснуць і прынізіць Захад і зноў атрымаць інструмэнт для шантажу — так, як гэта было летась зь мігрантамі.

Адзіная альтэрнатыва такому разьвіцьцю падзеяў — дэблякада ўкраінскіх чарнаморскіх партоў. Яна можа адбыцца толькі ваенным спосабам, сіламі Узброеных сілаў Украіны. Лёс Беларусі і тут залежыць ад таго, каб посьпехі УСУ пераважылі ўдачлівасьць Аляксандра Лукашэнкі.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Алесь Чайчыц

    Нарадзіўся ў 1984 годзе ў Маскве. З пачатку 2000-х — актывіст беларускай дыяспары ў Расеі, пазьней — у Вялікай Брытаніі. З 2013 па 2023 год сябра Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. У 2017–2021 гг. сябра Вялікай Рады Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына». Друкаваўся ў «Нашай Ніве», «Беларускім партызане» і інш. Пражывае ў Нямеччыне. Узнагароджаны мэдалём да стагодзьдзя БНР.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG