Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У наш час няма такой рэчы, як «заставацца па-за палітыкай». 6 цытатаў і 6 парадаў ад Джорджа Орўэла


Джордж Орўэл
Джордж Орўэл

Мы сабралі для вас некалькі цытатаў і парадаў ангельскага пісьменьніка і журналіста Джорджа Орўэла (1903–1950), аўтара нашумелай у Беларусі ў апошнія дні кнігі «1984». Пасьля неафіцыйных паведамленьняў пра забарону кнігі яе асобнікі раскупілі з найбуйнейшых кнігарняў.

Хто такі Орўэл

  • Яго сапраўднае імя Эрык Артур Блэр.
  • Аўтар раману «1984» — бадай, самай славутай літаратурнай антыўтопіі.
  • Ягоныя творы моцна паўплывалі на папулярную культуру, прыўнёсшы ў розныя мовы нэалягізмы, якія апісваюць таталітарныя практыкі — да прыкладу, Вялікі Брат ці навамоўе.

Гэтыя выказваньні ўзятыя са зборніка эсэ, перавыдадзенага выдавецтвам Penguin Books у 2014 годзе.

Пра адчуваньне несправядлівасьці

«Мой пункт адліку — заўсёды небесстароннасьць, адчуваньне несправядлівасьці. Калі я сядаю, каб напісаць кнігу, я не кажу сабе: „Я ствару мастацкі твор“. Я пішу яе таму, што ёсьць нейкая хлусьня, якую я хачу выкрыць; нейкі факт, да якога я хачу прыцягнуць увагу; і мой галоўны клопат — каб мяне пачулі».

Пра важнасьць мовы

«Няшчырасьць — галоўны вораг яснай мовы. Калі ёсьць разыходжаньне паміж сапраўднымі і дэкляраванымі мэтамі, чалавек нібыта інстынктыўна зьвяртаецца да доўгіх словаў і зацёртых выразаў, як каракаціца выпырсквае чарніла».

Пра тое, што ўсё — палітыка

«У наш час няма такой рэчы, як „заставацца па-за палітыкай“. Усе пытаньні — гэта палітычныя пытаньні, а сама палітыка — гэта маса хлусьні, адгаворак, шаленства, нянавісьці і шызафрэніі. Калі агульная атмасфэра настолькі кепская, дык гэта непазьбежна шкодзіць мове».

Пра мову палітыкі

«У наш час палітычныя выказваньні і тэксты — гэта ў значнай ступені апраўданьні неапраўдальнага.

Таму палітычнай мове даводзіцца складацца ў асноўным з эўфэмізмаў, недагаворанасьцяў і проста мутнай расплывістасьці. Безабаронныя вёскі бамбяць з паветра, іхных жыхароў выганяюць у лясы і палі, быдла расстрэльваюць з кулямётаў, а хаціны падпальваюць запальнымі кулямі: гэта называецца пацыфікацыя. У мільёнаў сялянаў забіраюць іх гаспадаркі і пасылаюць валачыцца ўздоўж дарог з тым мінімумам рэчаў, якія яны здольныя несьці на сабе: гэта называецца перамяшчэньне насельніцтва ці выпраўленьне межаў. Людзі зьняволеныя гадамі без суду, ім страляюць у патыліцы ці пасылаюць іх паміраць ад цынгі на лесанарыхтоўкі ў Арктыцы: гэта называецца пазбаўленьне ад непажаданых элемэнтаў. Такая фразэалёгія патрэбна, калі нехта хоча назваць рэчы, не выклікаючы пры гэтым іх мэнтальныя карцінкі».

Пра ўнутраны сьвет імпэрыяліста

«Калі я служыў у Бірме, то адной часткай свайго розуму я думаў пра Брытанскую каляніяльную імпэрыю як пра непарушную тыранію, якая навечна прыдушыла волю скораных народаў, а другой часткай я думаў, што найвялікшай у сьвеце радасьцю было б засадзіць штых у кішкі нейкаму будыйскаму манаху. Такія пачуцьці — гэта нармальны пабочны прадукт імпэрыялізму».

Пра мэтады Гандзі

«Цяжка ўявіць, як мэтады Гандзі можна ўжываць у краіне, дзе апанэнты рэжыму прападаюць сярод ночы і пра іх больш не чуваць. Без свабоднай прэсы і права на сходы немагчыма ня толькі апэляваць да вонкавага сьвету, але і стварыць масавы рух ці нават зрабіць вашыя намеры вядомымі праціўніку».

Моўныя парады тым, хто хоча выказацца праўдзіва і ясна

  1. Ніколі не выкарыстоўвайце мэтафары, параўнаньня ці іншай фігуры мовы, якую вы часта бачыце ў друку.
  2. Ніколі не выкарыстоўвайце доўгага слова там, дзе хопіць кароткага.
  3. Калі можна выкінуць слова, заўсёды выкідайце яго.
  4. Ніколі не ўжывайце пасыўнай канструкцыі там, дзе можна ўжыць актыўную.
  5. Ніколі не выкарыстоўвайце замежную фразу, навуковае ці жаргоннае слова, калі вам прыходзіць у галаву адпаведнік са штодзённай мовы.
  6. Лепш парушыць любое з гэтых правілаў, чым сказаць нешта відавочна барбарскае.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG