Пасьля ператрусу ў новай кнігарні «Кнігаўка» зьнікла сувязь з дырэктарам Андрэем Янушкевічам і супрацоўніцай кнігарні Настай Карнацкай.
17 траўня стала вядома, што сілавікі затрымалі выдаўца Андрэя Янушкевіча і канфіскавалі ў яго 200 кніг, па 15 выданьнях будзе «праведзена экспэртыза», паведаміла супрацоўніца афіцыёзнага выданьня «СБ. Беларусь Сегодня» Людміла Гладкая.
Паводле якога артыкулу затрымалі Янушкевіча, невядома.
Паводле Гладкай, затрымалі і «касірку кнігарні», якая нібыта «адміністравала шэраг экстрэмісцкіх рэсурсаў». Гладкая цытуе размову на адкрыцьці кнігарні:
Андрэй Янушкевіч: «Мы займаем сваю нішу. Мы даем людзям чытаць добрую літаратуру на іх роднай мове. Гэта наша ніша». На што прапагандыстка Гладкая адрэагавала: «Ніша. Такая крыху нацыяналістычная».
Раніцай 16 траўня ў першы дзень працы «Кнігаўкі», туды прыехалі прапагандысты Рыгор Азаронак і Людміла Гладкая.
Яны чапляліся да ўласнікаў кнігарні за тое, што тыя прадаюць гістарычныя кнігі на беларускай мове. Іх пытаньні выклікала кніга пра род князёў Радзівілаў, а таксама кніга з фота, якое здалося Азаронку «вельмі падобным да параду ветэранаў СС» (у рэальнасці на здымку было ўступленне літоўскага войска ў Вільню ў 1939-м).
Дыялёгі Азаронка і Гладкай з Андрэем Янушкевічам можна пачытаць тут.
Пасьля абеду ў кнігарню прыйшлі сілавікі з ператрусам, паведаміла «Наша ніва».
Андрэй Янушкевіч ноч правёў у Першамайскім РУУС. Родныя спрабуюць высьветліць акалічнасьці. У судах няма інфармацыі, ці будуць разглядацца адміністрацыйныя справы Янушкевіча і Карнацкай.
Новая кнігарня адкрылася 16 траўня на вул. Зьмітрака Бядулі, 6 у Менску. Найперш гэта мелася быць выдавецкая кнігарня, дзе выдавецтва «Янушкевіч» будзе прадаваць свае кнігі і кнігі «блізкіх партнэраў», паведаміла выдавецтва ў сацсетках.
Выдавецтва «Янушкевіч» займаецца падрыхтоўкай і выданьнем разнастайнай кніжнай прадукцыі, пераважна на беларускай мове.
У студзені 2021 году Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржаўнага кантролю Беларусі забраў тэхніку і заблякаваў рахунак выдавецтва, а ў чэрвені выдавецтва атрымала паведамленьне пра магчымасьць ізноў карыстацца банкаўскім рахункам.
22 сакавіка стала вядома, што выдавецтва «Янушкевіч» папрасілі тэрмінова вызваліць офіс на Мар’еўскай, 7А у Менску. Пасьля гэтага выдавецтва абвясьціла распродаж кніг і хутка пад офісам сабралася вялізная чарга пакупнікоў, якая не сканчалася некалькі дзён.
Апошнім часам беларускія ўлады прыпынілі дзейнасьць адразу некалькіх беларускіх незалежных выдавецтваў: «Лімарыус», «Кнігазбор», «Галіяфы», «Мэдысонт».
Фармальнай падставай стала парушэньне «тэрмінаў звароту ў Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь з паведамленьнем аб зьмене зьвестак, якія падлягаюць уключэньню ў Дзяржаўны рэестар выдаўцоў, вытворцаў і распаўсюджвальнікаў друкаваных выданьняў».