Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памяці Леаніда Краўчука: сышоў апошні белавескі зубар


Леанід Краўчук, студзень 2019
Леанід Краўчук, студзень 2019

Што самае важнае зрабіў Краўчук для Ўкраіны? Як сакратар ЦК КПУ па ідэалёгіі стаў стваральнікам незалежнай дзяржавы? У якой ступені эвалюцыя Ўкраіны была падобная да эвалюцыі яе першага прэзыдэнта?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказвае ўкраінскі палітоляг, дырэктар Інстытуту сусьветнай палітыкі Яўген Магда.

Магда

Яўген Магда
Яўген Магда
  • У савецкія часы ў нэкралёгах буйных дзяржаўных асобаў было прынята пісаць — краіна асірацела. З сыходам Краўчука Ўкраіна не асірацела. Працягваецца вайна Ўкраіны за незалежнасьць. Але падмурак незалежнасьці заклаў Краўчук.
  • Краўчук быў цікавы чалавек. У мяне ёсьць кніга, выдадзеная ў савецкія часы наконт пытаньняў контрапрапаганды. І кіраваў калектывам аўтараў Краўчук. Ён да таго, як стаць першым сакратаром ЦК КПУ, быў сакратаром у пытаньнях ідэалёгіі.
  • Тады ён ідэалягічна змагаўся з тымі, з кім пасьля 1991 году будаваў незалежную Ўкраіну.
  • Ён сумленна выйграў прэзыдэнцкія выбары ў 1991 годзе. А ў 1994 годзе ён пайшоў на датэрміновыя выбары, якія выйграў Леанід Кучма. У Краўчука хапіла годнасьці прызнаць сваю паразу.
  • У 1998 годзе ён стаў парлямэнтарам па сьпісе сацыял-дэмакратычнай партыі. У той камандзе былі і Віктар Медзьвядчук, і Яўген Марчук, і Рыгор Суркіс.
  • Краўчук даў прыклад мірнага пераходу ўлады ад аднаго прэзыдэнта да іншага. І паказаў, што пасьля прэзыдэнцтва ёсьць палітычнае жыцьцё.
  • Ён быў агітатарам і ў Кучмы, і ў Януковіча, і ў Цімашэнкі. Але гэта не зьмяншае яго палітычнай вагі.
  • У часы кіраваньня Кучмы я працаваў у апараце сталага прадстаўніка прэзыдэнта ў Вярхоўнай Радзе. І мне давялося ўдзельнічаць у падрыхтоўцы аднаго палітычнага дакумэнта, галоўным у гэтым быў Краўчук. І я тады адчуў, якая ў яго глыбокая кіраўнічая партыйная школа. І дакумэнт атрымаўся вельмі граматны.
  • Краўчук ніколі публічна не шкадаваў пра сваю камуністычную кар’еру, пра сваё змаганьне з антыкамунізмам і нацыяналізмам. І ня каяўся ў гэтым.
  • Ён родам з Валыні. А тады ў юнака на Валыні было два шляхі — альбо ў падпольле АУН, альбо рабіць камуністычную карʼеру. І абодва шляхі былі няпростыя.
  • Краўчук быў арганічны для сваёй краіны. Яго называлі сівым лісам. Ён быў увасабленьнем Украіны, якая пераходзіла ад савецкай да незалежнай.
  • Украіна часоў застою была, як той казаў, сьвяцейшая за папу Рымскага ў датрыманьні ідэалаў камунізму. Але я не прыгадаю, каб хто з украінскіх дысыдэнтаў адмаўляўся паціснуць руку Краўчуку.
  • Апошняя пасада Краўчука была — кіраўнік украінскай дэлегацыі ў трохбаковых перамовах па ўрэгуляваньні сытуацыі на Данбасе. Яго сьмерць канчаткова паставіла кропку і на функцыянаваньні гэтай групы, і на Менскіх пагадненьнях.
  • Юрыдычна гэта адбылося 24 лютага сёлета, а больш дакладна — 21 лютага, калі Расея прызнала незалежнасьць «ЛДНР».
  • Краўчук быў чалавек дамоўленасьцяў. Спачатку — з нацыянал-патрыётамі, потым — з амэрыканцамі наконт Будапэшцкага мэмарандуму (хоць падпісаў яго ўжо Кучма). А потым — Менскія пагадненьні, бясслаўны канец якіх не зьвязаны зь ім наўпрост.
  • У нас ва Ўкраіне часта абмяркоўваецца — а што было б, калі б першым прэзыдэнтам Украіны абралі Вячаслава Чарнавола, лідэра Народнага Руху? У мяне ёсьць вялікія сумневы, што гэта было магчымым у тагачаснай Украіне.
  • Я тады быў школьнікам, але мне і тады здавалася, што Краўчук больш пераканаўчы. Ён быў з пэўным апаратным досьведам савецкай партыйнай школы.
  • Напярэдадні здабыцьця незалежнасьці Ўкраіны рудымэнтаў кампартыйнай улады было вельмі шмат. Украіна была кузьняй кадраў для Масквы.
  • З 1992 году Масква пачала гаварыць пра Ўкраіну як пра часова страчаную тэрыторыю. Ніякіх ілюзіяў тут ня трэба мець.
  • Краўчук выступіў у ролі ледакола для многіх савецкіх чыньнікаў.
  • Цяперашняя вайна — гэта вайна за незалежнасьць. А вайны за незалежнасьць было немагчыма пазьбегнуць. Гэта завяршэньне працэсу фармаваньня ўкраінскай палітычнай нацыі.
  • Я мяркую, запавет Краўчука — ня бойцеся мяняцца. Але беражыце Ўкраіну.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG