Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: Эдуард Пальчыс правёў месяц у ШЫЗА; Алена Дзядзюля выйшла на волю; у Генадзя Фядыніча праблемы са здароўем


Эдуард Пальчыс, 2018
Эдуард Пальчыс, 2018

Праваабарончы цэнтар «Вясна» прызнаў палітзьняволенымі ў Беларусі 1186 чалавек. Аднак іншыя ініцыятывы дапамогі палітвязьням паведамляюць, што перасьледаваных у палітычна матываваных справах значна болей.

Палітзьняволены Эдуард Пальчыс правёў месяц у ШЫЗА. Як паведамляе Вікторыя Пальчыс, са штрафнога ізалятара яе муж выйшаў 9 траўня.

Летась 17 сьнежня Эдуарду Пальчысу прысудзілі 13 гадоў калёніі. Яго абвінавацілі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

  • арт. 130 (наўмысныя дзеяньні, накіраваныя на ўзбуджэньне іншай сацыяльнай варожасьці і варожасьці па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасьці, учыненыя групай асоб, якія прывялі да іншых цяжкіх наступстваў);
  • арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў);
  • арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак);
  • арт. 361 (заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь).

Падтрымаць палітзьняволенага лістамі можна на адрас: ПК № 1, 211440, Наваполацк, Тэхнічная, 8, Эдуарду Аляксандравічу Пальчысу.

Палітзьняволеная Алена Дзядзюля выйшла на волю

Алена Дзядзюля цалкам адбыла свой тэрмін пакараньня і 10 траўня выйшла на волю, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

31 студзеня судзьдзя суду Стаўпецкага раёну Менскай вобласьці Вікторыя Суднік прызнала яе вінаватай паводле ч. 2 арт. 339 КК (хуліганства, учыненае групай асоб) і пакарала годам калёніі агульнага рэжыму.

Справу аб «размаляваных цюках з саломай» распачалі за тое, што актывісты нанесьлі на 82 цюках на полі ў Дзяржынскім раёне чырвоныя палосы, зрабіўшы іх падобнымі да нацыянальнай бел-чырвона-белай сымболікі. Фігурантаў справы, у тым ліку Дзядзюлю, затрымалі на пачатку верасьня 2021 году.

Кацярыне Арыцы прысудзілі паўтара года абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Астатнія абвінавачаныя — Андрэй Арыка, Максім Дубешка, Аляксандар Бабко, Вольга Дубовік, Ігар Мысьлівец — атрымалі год пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму. Пра іх выхад на волю не паведамляецца.

Як зазначаюць праваабаронцы, падчас разгляду справы ў судзе стала вядома, што «супрацоўнікі [міліцыі] на затрыманых малявалі свастыку, некаторых білі».

У Генадзя Фядыніча праблемы са здароўем

У ранейшага кіраўніка незалежнага прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці Генадзя Фядыніча праблемы са здароўем — з прычыны стрэсу ўзровень цукру ў крыві амаль не зьбіваецца інсулінам, паведамляе «Вясна».

Вядома, што яго перавялі ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску.

Фядыніча затрымалі 19 красавіка падчас масавага «хапуна» ў прадстаўнікоў незалежных прафсаюзаў. Да гэтага часу невядомы артыкул, які яму інкрымінаваны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG