Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Она утонула». Як зьнішчалі Беларускую Энцыкляпэдыю


Зусім непрыкметна для публікі пасьля доўгіх і цяжкіх пакут згасла некалі славутае выдавецтва «Беларуская Энцыкляпэдыя» імя Петруся Броўкі.

Шырока пра гэта не напісалі. Дакладней, не напісалі праўду. Дзіва што, гэты чарговы акт «дэнацыфікацыі» Беларусі, калі назваць яго правільна, выглядае дуракавата, як, зрэшты, і ўсе іншыя ў доўгім шэрагу актаў палітыкі абрусеньня беларусаў.

Фармальна «Энцыкляпэдыю» далучылі да выдавецтва «Беларусь», але чыноўнік з наркамаўскім імпэтам патлумачыў падзею так: «Пора уходить от практики поддержки издательств на плаву». Як той казаў, «она утонула».

На труну нябожчыцы, змахнуўшы пыл, паклалі дыплём ляўрэата прэміі «За духоўнае адраджэньне» і разышліся. Дзеля справядлівасьці трэба сказаць, што гэты інтэлектуальны цэнтар беларушчыны дабівалі доўга, цэлую чвэрць стагодзьдзя.

У часы свайго росквіту БелЭн выдавала ўнікальныя кнігі, праўдзівыя матэрыяльныя каштоўнасьці. А гэтых кніг было мноства, ніводная хатняя бібліятэка не зьмясьціла б усяго. І гэты мой наступны пералік я збудую на фразе «нават толькі калі б».

Нават толькі калі б БелЭн выдала адну сваю самую першую яшчэ савецкую энцыкляпэдыю, яна б упісалася ў гісторыю і культуру краіны асобнаю вяхою.

Увогуле энцыкляпэдыя — гэта не зусім кніга. Гэта кніга, якую ўсю немагчыма ахапіць сьвядомасьцю. Яшчэ ў маленстве, яшчэ ня ўмеючы чытаць, мы (дзеці майго пакаленьня) любілі гартаць энцыкляпэдыі, разглядаць карцінкі, і дых нам займала ад таго, які бясконцы сьвет. Няўжо ўсё гэта можна ведаць? А за кожным артыкулам была свая чарада кніг, зьяваў, падзеяў, пэрсанажаў. А сярод аўтараў сустракаліся людзі, якія тэме артыкула прысьвяцілі ўсё сваё жыцьцё.

Нават толькі калі б БелЭн выдала шматтомныя «Помнікі гісторыі і культуры»... Каб замовіць чарговы том у «Падпісных выданьнях», трэба было адстаяць чаргу, як, дарэчы, і па пяцітомны «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы» (пяты том быў у двух тамах). Адчувалася, што перад намі адкрываецца сапраўдная брама скарбаў, бо ніколі за ўсю гісторыю раней гэтага ўсяго столькі і разам у адным месцы не было.

Нават толькі калі б БелЭн выпусьціла пяцітомную «Энцыкляпэдыю літаратуры і мастацтва»...

Напрыканцы студэнцтва мне ўдалося некалькі месяцаў папрацаваць у БелЭн над чацьвертым томам ЭЛІМБелу, і я адкрыў для сябе «кухню» знутры. Гэта быў 1984-ы (думаю, простае супадзеньне).

У кабінэце нас было двое. Насупраць мяне сядзеў векавечны дзед коласаўскай фактуры як сымбаль непарушнасьці асноваў энцыкляпэдызму. Здаецца, і ў рухах ягоных была гэтая падкрэсьленая непарушнасьць. Звалі яго Янка Казека. Быў ён зь літаратуразнаўцаў старой школы і мог бы такім і застацца ў маім уяўленьні, калі б пазьней у публічнай прасторы не зьявіўся ягоны сын — трэнэр самага экстрэмальнага віду спорту, фрыстайлу, гадаванцы якога гарантавана прыносілі Беларусі чэмпіёнства ў сьвеце. Бацька і сын — як валун і маланка, як скрайнасьці жыцьця ці як самое жыцьцё — бліскавічнае ў непарушным і наадварот.

За фасадам выдавецкай сьцішанасьці кіпелі жарсьці, эмоцыі, пачуцьці. Насамрэч гэта была вельмі жывая ўстанова, «Беларуская Энцыкляпэдыя».

Насупраць нашага кабінэту быў машынапісны цэх, дзе працавалі самыя сэксапільныя машыністкі ў сьвеце, і я проста ня мог не натхніцца на верш «Там, за дзьвярыма». Алесь Камоцкі пасьля зрабіў зь яго песьню.

Тэхналягічна гэта быў зусім іншы выдавецкі працэс — усе тэксты шмат разоў друкаваліся, вычытваліся і зноў друкаваліся на машынцы. Самыя дасьведчаныя аўтары цугам прыходзілі ў наш кабінэт, і гэта была сапраўдная квецень беларускай гуманістыкі.

А далей па калідоры быў пакой, адкуль усё кіравалася. Намесьнікі галоўнага рэдактара Алесь Петрашкевіч і Язэп Хаўратовіч умелі за некалькі гутарак рабіць рэдактараў з такіх яшчэ неапераных, як я. Яшчэ далей быў кабінэт самага галоўнага, куды Іван Пятровіч Шамякін заяжджаў пасьля абеду — падрамаць.

Нават толькі калі б БелЭн выдала энцыкляпэдыі прыроды, гісторыі, этнаграфіі, нумізматыкі... пэрсанальныя энцыкляпэдыі Скарыны і Купалы, Статуты ВКЛ, хронікі «Памяць» (паўтараста тамоў)...

Быў сярод выданьняў адзін зусім наватарскі канцэптуальны том. Гэта крыху пазьней, калі на чале выдавецтва стаў Барыс Сачанка. Ён прыдумаў аднатомнік «Беларусь», дзе ўпершыню былі сабраныя разам падзеі, людзі і факты як савецкай, так і несавецкай Беларусі і беларускай культуры. Такі сымбіёз выклікаў дзіўныя пачуцьці і схіляў да роздуму, а таксама да зацятых спрэчак, быццам гаворка ішла пра пантэон беларушчыны, хто ў ім мусіць быць, а хто не. Млявым чынам гэтыя спрэчкі часам успыхваюць і сёньня і некалі запаляцца напоўніцу зноў, бо гэта тэма ўсебеларускага асэнсаваньня.

Заняпад БелЭн пачаўся зь першым рэфэрэндумам (1995), калі Барыса Сачанку знайшлі на падлозе ягонага кабінэту пасьля візыту кагосьці з адміністрацыі прэзыдэнта. У выдаўца ня вытрымала сэрца.

Тэматыка і якасьць кніг пайшлі ў разброд і звужэньне. Нядаўна я купіў нібыта пэрсанальную энцыкляпэдыю «Ўладзімер Караткевіч» і моцна пашкадаваў, што набыў. Апроч добрай падрыхтоўкі, колішнія кнігі рабіліся яшчэ і зь вялікай любоўю, а тут... Няма нават артыкула пра Вільню, якую так багоміў пісьменьнік, якою натхняўся і якую называў «сьвятым ізумрудам».

Стоячы сёньня над труной нябожчыцы БелЭн, у гэтым сваім апошнім слове я не магу сказаць, што памерлая будзе жыць у сваіх дзецях. Працяг наўрад ці будзе. Недзе, вядома, нашы гісторыя і культура, мова і памяць будуць прабівацца, як і цяпер, прыватнымі ініцыятывамі, бо інакш не бывае. Але магутны дзяржаўны інстытут, якім была БелЭн, больш не існуе.

Мне ўяўляецца той сонечны дзень 1967 году, калі па дворыку Акадэміі навук ідзе шчасьлівы Пятрусь Броўка... Не ідзе нават, а падскоквае, размахваючы партфэлем, ад радасьці і гонару, што ягонымі намаганьнямі Беларусь першай з усіх савецкіх рэспублік займела сваё энцыкляпэдычнае выдавецтва.

Пятрусь Броўка
Пятрусь Броўка

Гэты даўгалыгі школьнага выгляду чалавек у акулярах адчувае, што зрабіў галоўную справу свайго жыцьця. І ўсё наперадзе — і свой будынак, і свой штат найлепшых працаўнікоў, і дзяржаўная ўстанова на правах навукова-дасьледчага інстытуту, якая з часам ператворыцца ў наймагутнейшы інтэлектуальны цэнтар ягонай Беларусі... Наперадзе трыццаць гадоў сапраўднага росквіту беларускай гуманістыкі.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG