Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Байдэн просіць Кангрэс выдзеліць 33 млрд даляраў на падтрымку Ўкраіны


Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн
Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн

У гэтую суму ўваходзяць 20 мільярдаў ваеннай дапамогі і дапамогі ў сфэры бясьпекі, а таксама 8,5 мільярда эканамічнай дапамогі і 3 мільярды на гуманітарныя апэрацыі.

«Настоящее время» вяло жывую трансьляцыю прэсавай канфэрэнцыі прэзыдэнта ЗША, прысьвечанай сытуацыі ва Ўкраіне і новаму пакету дапамогі.

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн, выступаючы ў Белым доме, заявіў, што ён накіраваў у Кангрэс запыт на выдзяленьне дадатковых 33 мільярдаў даляраў на дапамогу Ўкраіне. Па словах Байдэна, Злучаныя Штаты будуць далей аказваць Украіне дапамогу ў адбіцьці расейскай агрэсіі, у тым ліку і павялічваючы пастаўкі зброі.

Паводле Байдэна, агрэсар — так ён назваў Расею — павінен быць спынены, нават калі гэта запатрабуе вялікай цаны і вялікіх намаганьняў. Як сказаў прэзыдэнт ЗША, калі дазволіць расейскаму прэзыдэнту Ўладзіміру Пуціну перамагчы ва Ўкраіне, гэта толькі павялічыць апэтыты агрэсара.

Байдэн падкрэсьліў, што ЗША, дапамагаючы Ўкраіне, не атакуюць Расею, а садзейнічаюць адбіцьцю агрэсіі. Ён зноў сказаў, што Злучаныя Штаты не накіруюць ва Ўкраіну сваіх вайскоўцаў. У той жа час яны і іх саюзьнікі будуць павялічваць пастаўкі цяжкага ўзбраеньня. Байдэн, у прыватнасьці, згадаў артылерыйскія сыстэмы і танкі.

Паводле прэзыдэнта ЗША, Расея не дасягае сваіх мэтаў ва Ўкраіне і адчувае гэта, і таму прэзыдэнт Уладзімір Пуцін зьвяртаецца да пагроз, у тым ліку ядзернай зброяй. Як сказаў Байдэн, гэта яго турбуе. Рыторыку аб магчымасьці прымяніць ядзерную зброю ён назваў безадказнай. Пуцін прама ня згадваў ядзернай зброі, аднак заявіў напярэдадні, што ў выпадку «стратэгічнай пагрозы» для Расеі ва Ўкраіне Масква нанясе «бліскавічныя ўдары». Байдэн сказаў, што ЗША гатовыя да любых дзеяньняў Расеі.

  • Сродкі на ваенную дапамогу плянуюць накіраваць на пастаўку Ўкраіне артылерыі, бранятэхнікі, супрацьтанкавых ракет і зэнітных сыстэм, нарошчваньне магчымасьцяў Украіны ў галіне кібэрвайны, пашырэньне абмену выведдадзенымі а таксама на разьмінаваньне ўкраінскай тэрыторыі.

Джо Байдэн паведаміў, што таксама будуць зробленыя захады, накіраваныя на супрацьдзеяньне расейскім алігархам. «Мы зробім усё, каб пазбавіць іх гэтых грошай, якія яны назапасілі, іхных шыкоўных дамоў, нерухомасьці — таго, што належыць пуцінскай клептакратыі. Мы ведаем, хто гэта такія. Гэта нядобрыя людзі. Мы ведаем, чым яны займаюцца. Неабходна канфіскаваць уласнасьць, якая зьвязаная з расейскай клептакратыяй», — сказаў ён.

Паводле Байдэна, будуць створаны новыя мэханізмы і працэдуры для правядзеньня канфіскацыі гэтай уласнасьці. «Мы зробім усё, каб пры продажы алігархічных актываў атрыманыя фонды накіроўваліся наўпрост на ліквідацыю стратаў, нанесеных Украіне», — дадаў прэзыдэнт ЗША.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG