Беларускія каналы ствараюць карцінку, што Кітай і Беларусь — гэта ледзь не найлепшыя сябры. Але гэта ілюзія, якой Лукашэнка хоча карміць беларусаў.
У папярэднія гады і сапраўды на кітайскія грошы былі прафінансаваныя новыя дарогі, заводы і чыгуначныя зносіны з Эўропай, індустрыяльны парк на ўскраіне Менска, які прыцягнуў больш за мільярд даляраў інвэстыцый (але важная дэталь: заяўленых інвэстыцый). Хаця летась у парку прыбыло ўсяго больш дзясятка новых кампаній. Пры ўсім шуме вакол Кітая, у пераліку асноўных гандлёвых партнэраў ён моцна саступае як былым суседзям па СССР, так і Эўразьвязу.
Адносіны Менска і Пэкіна заўсёды былі спэцыфічнымі. Калі Кітай прапаноўваў умоўныя інвэстыцыі, то падштурхоўваў Беларусь укладваць уласныя грошы ў гэтыя праекты. Ён таксама часта выдаваў «зьвязаныя» пазыкі, то бок такія, якія вымушалі беларускія кампаніі купляць кітайскія матэрыялы і тэхналёгіі для праектаў, якія фінансуюцца Пэкінам у краіне.
Але міжнародная ізаляцыя Менска, асабліва сварка Лукашэнкі з Захадам, абмежавала стратэгічнае значэньне Беларусі для Кітая. Для Пэкіна важна, каб Беларусь уступіла ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю, але ў сувязі з фальсыфікацыяй выбараў, гвалтам пасьля іх і ўдзелам Лукашэнкі ў вайне працэс замарожаны. Кітаю патрэбная Беларусь, у якой добрыя адносіны з суседзямі, каб яна магла ўдзельнічаць у грандыёзным лягістычным праекце Кітая «Пояс і шлях». У сытуацыі, калі Лукашэнка вінаваціць літоўцаў і палякаў у жаданьні напасьці на Беларусь, Пэкіну ад такой Беларусі карысьці як з казла малака.
Хаця сам Лукашэнка публічна гэтага не прызнае. Ён працягвае і далей казаць, што Кітай выратуе Беларусь ад санкцый.
Дык ці сапраўды Пэкін падставіў плячо і замяніў агідны Лукашэнку Захад?
Прэзыдэнт Кітая Сі Цзіньпін сапраўды першым сярод замежных лідэраў павіншаваў Лукашэнку з так званай перамогай на прэзыдэнцкіх выбарах у жніўні 2020 году. Але гэта словы. На справе Пэкін стрымлівае эканамічную і палітычную падтрымку рэжыму Лукашэнкі.
Кітай, які актыўна ўкладаўся ў эканоміку Беларусі, яшчэ да выбараў, з 2019 года, не прапануе Менску новых праектаў або крэдытаў і, здаецца, дыстанцуецца ад унутрыпалітычнага крызісу ў краіне.
Апошні раз у Беларусі Сі Цзіньпінь быў у... 2015 годзе. Апошні раз у Кітаі Лукашэнка быў у 2019-м. Пасьля выбараў яго туды больш ніхто не запрашаў і ніхто з высокіх кітайскіх чыноўнікаў Беларусь ад таго часу не наведваў.
Сі Цзіньпінь за 2 гады тройчы сазвоньваўся з Лукашэнкам, зь іх два разы ў студзені 2021-га і 2022-га, з нагоды гадавіны ўсталяваньня дыпляматычных адносін. Калі вы параўнаеце прэс-рэлізы пра гэтыя размовы, то амаль ня ўбачыце розьніцы.
Пры гэтым беларускі пасол у Кітай кажа, што абодва шмат разоў запрашалі адзін аднаго, але перашкодзілі нібыта абмежаваньні зьвязаныя з COVID-19.
Нехта тут хітруе. У канцы сьнежня 2020 года кітайскі лідэр пабываў у М’янме. А ў кастрычніку 2021-га — у Рыме. Зразумела, у Рым вядуць усе дарогі, у адрозьненьне ад Менску. Але на сайце МЗС Кітая ёсьць поўны пералік візытаў замежных палітыкаў у Кітай і кітайскіх за мяжу. Іх там як мінімум дзясяткі. Урэшце, калі Лукашэнка зь Сі на адной назе, то чаму яны не правялі сустрэчу ў відэафармаце?
Або яшчэ пытаньнечка: чаму кітайскі пасол не наведаў у лютым мінулага году Ўсебеларускі народны сход? Яго запрасілі, а ён не прыйшоў. А тым часам, калі верыць прапагандзе, паміж краінамі ўсё цьвіце і буяе.
19 ліпеня 2021-га Уладзімер Макей заявіў, што афіцыйны Менск плянуе абаперціся на Расею і Кітай у «гібрыднай вайне», маючы на ўвазе санкцыі супраць Беларусі.
«Ужо падрыхтаваныя і распрацаваныя стратэгіі і пляны па нарошчваньні нашай прысутнасьці і асваеньні новых рынкаў і нішаў», — растлумачыў Макей. Гэта былі чаканьні Макея. А цяпер давайце паглядзім на рэальнасьць.
Разгледзім сытуацыю на прыкладзе 2021 году, бо 2022-ы толькі, па сутнасьці, пачаўся.
Як паведамляў МЗС Беларусі, па выніках 2021 году знешнегандлёвы абарот Беларусі і Кітая склаў у 2021 годзе рэкордныя (як піша МЗС) 5 мільярдаў 900 мільёнаў даляраў ЗША. Уаў, скажуць многія, геніяльна, ну і працавіты ўрад.
Але давайце прыгледзімся да гэтых лічбаў бліжэй. І ўсё выявіцца не такім вясёлым. Уласна беларускага экспарту ў Кітай летась было 913 мільёнаў даляраў. Гэта значыць, на такую суму Беларусь прадала кітайцам сваіх тавараў, а купіла ў Кітаі — на 4 мільярды 202 мільёны. І рост экспарту за год быў усяго 136 мільёнаў. Нехта запярэчыць, што гэта ўсё роўна крута.
Летась Беларусь адмовілася ад удзелу ў праграме Эўразьвязу «Усходняе партнэрства». Штогод Беларусь атрымлівала ад ЭЗ прыблізна 30 мільёнаў эўра. Гэта не крэдыты, а грантавая дапамога. Ніякіх палітычных умоваў Беларусі для атрыманьня гэтых сродкаў Эўразьвяз не выстаўляў. І Беларусь магла атрымліваць значна больш, але не хацела. Аднак Менск адмовіўся ад гэтай праграмы. Па словах Макея, на фоне санкцый далейшы ўдзел Беларусі ва «Ўсходнім партнэрстве» ня мае сэнсу.
А давайце цяпер паглядзім на экспарт ва Ўкраіну, зь якой Лукашэнка два гады пасьлядоўна руйнуе адносіны. У 2021 годзе Ўкраіна купіла беларускіх тавараў на 5 мільярдаў 400 мільёнаў даляраў. Вы толькі ўдумайцеся. Гандаль з Украінай прынёс Беларусі ў шэсьць разоў большую выгаду, чым з Кітаем, пра які Лукашэнка і Макей так шмат гавораць як пра выратавальнае кола.
Дык а параўнайце, што такое па маштабах рынку Кітай і Ўкраіна. І цяпер уявіце, што застанецца ад гэтага гандлю пасьля таго, як Лукашэнка стаў галоўным і адзіным саюзьнікам Пуціна ў вайне супраць Украіны.
Давайце разгледзім яшчэ адзін паказьнік. Пастаўкі сельскагаспадарчай прадукцыі ў Кітай.
У 2021 годзе Беларусь прадала сельгаспрадуктаў у Кітай на 366 мільёнаў даляраў. На першы погляд, гэта значная лічба, тым больш рост у параўнані з 2020 годам склаў амаль 48%. Але ўсё гэта толькі на першы погляд.
У тым жа годзе пастаўкі беларускай сельскагаспадарчай прадукцыі ў Эўразьвяз, то бок у «варожы NATO», «калектыўны Захад», «англасаксам», якія зайздросьцяць посьпехам Беларусі і хочуць, паводле Лукашэнкі, напасці на яе, каб захапіць яе рэсурсы, дык вось туды пастаўкі склалі 460 мільёнаў даляраў. На 100 мільёнаў больш, чым у Кітай. І гэта пры тым, што насельніцтва Эўразьвязу ўтрая меншае, чым насельніцтва Кітая. І гэта пры тым, што Эўразьвяз увёў супраць Беларусі некалькі пакетаў санкцый.
Не, слухайце. Як такое ўвогуле магчыма? Больш за год Эўразьвяз, як кажуць Азаронак і Макей, вядзе гібрыдную вайну супраць Беларусі, хоча яе захапіць, глушыць эканамічнымі абмежаваньнямі, якія беларускія чыноўнікі параўноўваюць з генацыдам, а купляе беларускіх тавараў той калектыўны варожы Захад больш, чым братэрскі Кітай, які яшчэ і ў тры разы большы і мог бы купіць усё, што вырабляе Беларусь, нават гэтага не адчуўшы?
Яшчэ летась Міністэрства сельскай гаспадаркі плянавала, што ў 2025 годзе пастаўкі харчоў у Кітай вырастуць у 1,7 раза. Але ёсьць нюанс. У сакавіку міністар Іван Брыло заявіў, што пастаўкі прадукцыі ў Кітай ускладніліся ў сувязі з вайной Расеі супраць Украіны, да якой далучыўся і Лукашэнка. А чаму ўскладніліся? Бо пастаўкі адбываюцца праз порт у... Адэсе, а Ўкраіна ўспрымае Беларусь як суагрэсара. Таму Беларусь шукае, як пастаўляць сельгаспрадукцыю ў Кітай чыгункай, а таксама праз порт — увага! — ва Ўладзівастоку.
Кожную навіну, зьвязаную з Кітаем, прапаганда Лукашэнкі выстаўляе як нешта неймавернае і надзвычайнае. Гэтаксама было і пастаўкамі ў Беларусі вакцыны супраць каранавірусу. Кітай ПЕРАДАЎ Беларусі 3,4 мільёна дозаў вакцыны. Ух ты. Але за два мільёны дозаў беларусы заплацілі са сваёй кішэні. Згадзіцеся, навіна з загалоўкам «Кітай прадаў» выглядала б ня так прыгожа.
Кітай і сапраўды мог бы купіць усё, што хоча прадаць яму Беларусь, і нават гэтага не адчуць. Мог бы, але ня купляе. Відаць, проста таму, што ня хоча.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.