«Нават кароткачасовае затрыманьне прафсаюзных лідэраў за ажыцьцяўленне імі законнага права на свабоду аб’яднаньня ёсьць грубым парушэньнем прынцыпаў свабоды абʼяднаньня. Пры адсутнасьці ўсебаковага і дзейснага захаваньня грамадзянскіх свабодаў, абвешчаных ва Ўсеагульнай дэклярацыі правоў чалавека і Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах, прафсаюзныя правы пазбаўляюцца ўсялякага сэнсу», — гаворыцца ў заяве.
У ёй Гай Райдэр патрабуе ад беларускіх уладаў неадкладна вызваліць прафсаюзных лідэраў і ўсіх астатніх затрыманых, а таксама прыняць усе неабходныя меры, каб забясьпечыць ім магчымасьць працягваць прафсаюзную дзейнасьць у абстаноўцы, свабоднай ад гвалту, перасьледу і любых пагрозаў, паведамілі ў прэс-службе МАП.
19 красавіка зьявілася інфармацыя пра ператрусы ў офісах і кватэрах лідэраў незалежных беларускіх прафсаюзаў, кіраўнікоў і актывістаў прафсаюзнага руху затрымалі.
Паводле апошняй інфармацыі, затрыманыя:
- ранейшы кіраўнік незалежнага прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці Генадзь Фядыніч,
- намесьнік старшыні Свабоднага прафсаюзу мэталістаў Аляксей Еўдакімчык,
- намесьнік старшыні Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Сяргей Антусевіч,
- былы старшыня Свабоднага прафсаюзу Беларускага Мікалай Шарах (зараз — кіраўнік ячэйкі Свабоднага прафсаюзу ў Полацку),
- рэдактар бюлетэню прафсаюзу РЭП Вацлаў Арэшка,
- старшыня Беларускага Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук,
- старшыня Свабоднага прафсаюзу мэталістаў Аляксандар Бухвостаў,
- лідар аршанскага прафсаюзу РЭП Васіль Берасьнеў,
- кіраўнік першаснай арганізацыі Свабоднага прафсаюзу мэталістаў на заводзе імя Казлова Віталь Чычмароў,
- супрацоўніца офісу Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Ірына Бут-Гусаім,
- сакратар Беларускага незалежнага прафсаюза Лізавета Мярляк,
- прафсаюзны і партыйны актывіст Ігар Леднік.
Дасюль не выходзяць на сувязь прафсаюзныя актывісты Яна Малаш, Зьміцер Бародка, Міхаіл Громаў, Вадзім Пайвін.
На волю выйшаў Ігар Комлік — намесьнік старшыні Свабоднага прафсаюзу мэталістаў. Яго адпусьцілі з СК ноччу 20 красавіка пасьля допыту. Таксама 20 красавіка выпусьцілі затрыманага напярэдадні юрыста Прафсаюза працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП) Юрыя Белякова (у яго забралі пашпарт, кампутар і тэлефон).
Беларускія праваабарончыя арганізацыі 21 красавіка выступілі з супольнай заявай, у якой патрабуюць спыніць перасьлед беларускіх незалежных прафсаюзаў.