Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бесьпілётнік савецкай вытворчасьці, які разьбіўся ў Заграбе 10 сакавіка, нёс выбухоўку, — вынікі расьсьледаваньня


Месца падзеньня дрона пад Заграбам, 10 сакавіка 2022
Месца падзеньня дрона пад Заграбам, 10 сакавіка 2022

Папярэднія вынікі расьсьледаваньня паказваюць, што бесьпілётнік, які разьбіўся ў Заграбе 10 сакавіка пасьля таго, як праляцеў больш за гадзіну і прайшоў праз паветраную прастору Румыніі і Вугоршчыны, перавозіў выбухоўку.

Бесьпілётнік савецкіх часоў разьбіўся ў парку на поўдні Заграба, разбудзіў студэнтаў у суседнім інтэрнаце і пашкодзіў некалькі прыпаркаваных аўтамабіляў, але ніхто не пацярпеў.

Дзяржаўная пракуратура Харватыі і экспэрты, якія прадставілі вынікі расьсьледаваньня на прэс-канфэрэнцыі ў Заграбе 13 красавіка, заявілі, што пры падзеньні бесьпілётніка на зямлю адбыўся выбух.

«Хутчэй за ўсё, для выбуху было выкарыстана высокаэнэргетычнае, але нетрадыцыйнае рэчыва або сумесь рэчываў арганічнага паходжаньня. Рэчывы цалкам „хімічна расклаліся пры выбуху“, што робіць немагчымай ідэнтыфікацыю, што яны сабой уяўляюць», — сказала Івана Бачыч, галоўная экспэртка ў пажарах і выбуховых рэчывах Цэнтру судовых расьсьледаваньняў, дасьледаваньняў і экспэртыз.

Аварыя выклікала гнеў і зьдзіўленьне ў Харватыі, таму што бесьпілётнік амаль гадзіну лятаў у паветранай прасторы трох краін NATO — Румыніі, Вугоршчыны і Харватыі — без усякага адказу супрацьпаветранай абароны гэтых трох краін.

У NATO пакуль не паведамлялі аб папярэдніх высновах расьсьледаваньня, заявілі чыноўнікі на прэс-канфэрэнцыі.

Урады Ўкраіны і Расеі адмаўлялі, што бесьпілётнік быў запушчаны зь якіх-небудзь падкантрольных ім раёнаў, і абвінавацілі адзін аднаго ў яго запуску.

Юрыца Іліч з пракуратуры Заграба сказаў, што расьсьледаваньне засяроджана на тым, чаму дрон упаў зь неба, і сьледзтва працягне высьвятляць, хто і адкуль запусьціў бесьпілётнік. Перад падзеньнем бесьпілётнік пачаў манэўр прызямленьня каля сталіцы Харватыі, але экспэрты не змаглі пацьвердзіць, ці цэліў ён па Заграбе. Магчыма, што ў ягонай аўтаматычнай пасадачнай сыстэме была няспраўнасьць.

Пасьля падзеньня сьледзтва высьветліла, што бесьпілётнік быў самалётам-выведнікам ТУ-141 вытворчасьці 1980-х гадоў былога Савецкага Саюзу. Але чырвоная зорка на яго крыле была зафарбаваная ў сіні і жоўты колеры ўкраінскага сьцяга, казалі яны.

Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG