Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Плянавае зьнішчэньне мэдыцыны сілавікамі», — доктар Рустам Айзатулін пра масавыя затрыманьні траўматолягаў-артапэдаў


Рустам Айзатулін
Рустам Айзатулін

Артапэд-траўматоляг, каардынатар Беларускага Фонду мэдычнай салідарнасьці Рустам Айзатулін тлумачыць, што і хто стаіць за масавым затрыманьнем артапэдаў у Беларусі, як гэта адаб’ецца на аказаньні мэдычнай дапамогі, як беларускія мэдыкі дапамагаюць украінцам падчас расейскай агрэсіі ва Ўкраіне.

Рустам Айзатулін, унікальны спэцыяліст з 12-гадовым досьведам працы ў РНПЦ траўматалёгіі і артапэдыі, вымушана пакінуў Беларусь з прычыны шэрагу звальненьняў і палітычнага перасьледу, а пасьля праз вайну мусіў пакінуць і Ўкраіну, у якой знайшоў працу.

Сьцісла

  • Калі да мяне зьвярталіся пацыенты і мы выбіралі паміж пратэзамі беларускай вытворчасьці і небеларускай вытворчасьці, то я рэкамэндаваў ставіць пратэз не беларускай вытворчасьці.
  • Пацыент плаціў клініцы і ставіў сабе якасны, адэкватны пратэз. Напэўна, гэта не падабалася многім, хто сядзіць у Мінздароўя, не падабалася тым, хто не атрымліваў абсалютна ніякіх прыбыткаў ад фірмаў-пастаўшчыкоў замежных пратэзаў.
  • Гэта зайздрасьць і паказушная дзейнасьць, накіраваная на тое, каб паказаць, што сілавы блёк у Беларусі ўсё яшчэ патрэбны на дадзены момант.
  • Раптам у Беларусі ўсе артапэды-траўматолягі чамусьці аказаліся карупцыянэрамі і нягоднікамі, хоць да гэтага прывяла сыстэма закупак Мінздароўя.
  • Застаецца яшчэ клініка прэзыдэнта, дзе можна гэта рабіць. Але я гавару пра звычайных людзей, якія стаялі па 5–6 гадоў у чарзе на эндапратэзаваньне, якія жывуць з гэтым болем і цяпер ня могуць атрымаць дапамогу.

«Не пацьвердзілася папярэдняя вэрсія, што іх зьбіраюцца накіроўваць лячыць расейскіх параненых вайскоўцаў»

— Рустам, я хацела б пачаць нашу размову з таго, што адбываецца ў Беларусі апошнія тыдні, масавых затрыманьняў артапэдаў-траўматолягаў па ўсёй Беларусі. Што вам вядома пра актуальную сытуацыю праз свае крыніцы ў Беларусі?

Рустам Айзатулін
Рустам Айзатулін

— Затрыманыя дактары па-ранейшаму за кратамі. Усіх абвінавачваюць у карупцыйных дзеяньнях, зьвязаных зь дзяржаўнымі закупкамі і ўстаноўкай эндапратэзаў. Гэта найбольш актуальная вэрсія. Не пацьвердзілася папярэдняя вэрсія, што іх зьбіраюцца накіроўваць лячыць расейскіх параненых вайскоўцаў. Затрыманыя мэдыкі з клінік Беларусі, у якіх займаліся эндапратэзамі каленных і тазасьцегнавых суставаў.

Найперш гэта абласная клінічная бальніца ў Бараўлянах, РНПЦ траўматалёгіі і артапэдыі, 6-я гарадзкая клінічная бальніца. У Ваўкавыску затрыманы доктар-траўматоляг, у Мазыры таксама, у іншых абласьцях і гарадах затрыманыя дактары, якія займаліся эндапратэзаваньнем. Гэта навуковыя супрацоўнікі, загадчыкі аддзяленьняў, звычайныя лекары аддзяленьняў, якія ўмелі гэта рабіць і рабілі.

— Масавыя арышты мэдыкаў ужо былі ў Беларусі, але, бадай, упершыню затрыманыя толькі дактары вузкай спэцыялізацыі. Чым вы можаце гэта патлумачыць, акрамя асноўнай карупцыйнай вэрсіі?

— Справа ў тым, што дзяржаўныя закупкі ў Беларусі, тэндэры на закупку, якія адбываюцца цяпер, — гэта абсалютна непразрыстая, карумпаваная і бюракратычная сыстэма. З папярэдняга разу, калі разглядалі справы мэдыкаў у 2018 годзе, абсалютна нічога не зьмянілася. Адзінае, што зьмянілася, гэта сфармавалася так званая арганізацыя мэдыкаў Беларусі, якія нібыта павінна была засьцерагчы ад карупцыі ў схеме «доктар і нейкая мэдычная фірма».

Калі раней можна было паехаць на нейкую канфэрэнцыю за межы Беларусі, то ўсё гэта аплачвалася нейкімі фірмамі-пасярэднікамі, празь якія доктар хацеў ехаць. Гэта не лічылася карупцыйнай схемай. А пасьля 2018 году калі доктар едзе на міжнародную канфэрэнцыю не за свае грошы і не за грошы бюджэту, то гэта пачало лічыцца карупцыяй. І таму была сфармаваная арганізацыя, якая павінна была чыста і крыштальна адпраўляць мэдработнікаў на міжнародныя канфэрэнцыі.

У мяне была сытуацыя, калі я павінен быў ехаць за межы Беларусі. На сваёй былой працы я напісаў заяву, што хачу паехаць на тры дні на канфэрэнцыю. Мне было прапанавана: альбо пішаш заяву «за свой кошт», альбо ўступаеш у гэтую арганізацыю і едзеш «чыста і празрыста». Як аказалася, ня ўсё так проста, таму што гэтая арганізацыя мэдработнікаў Беларусі за гэта бярэ працэнт ад фірмы. Умоўна кажучы, 100 цукерак, зь іх 30 цукерак за свае паслугі ўзяла б гэтая мэдычная арганізацыя. Няясна за што.

Па-другое, яны дакладна ўказвалі, празь якую кампанію-пасярэдніка маглі ажыцьцяўляцца транспартныя перавозкі, што абсалютна не задавальняла тую кампанію, якая хацела мяне адправіць на канфэрэнцыю. Таму мне было прасьцей на працы напісаць заяву «за свой кошт», паехаць за свае грошы, а кампанія мне аплачвала пражываньне і харчаваньне па-за межамі Беларусі.

Як было ўсё ў 2018 годзе, так усё і засталося. Толькі стала ўсё больш незразумела, карумпавана і бюракратычна. Асабліва ў нейкіх аддзелах дзяржаўных закупак і ў галіне тэндэрных закупак, якія адбываюцца ў Беларусі на дадзены момант.

«Калі пацыент пагаджаўся на пратэзаваньне на платнай аснове, то гэта зусім іншая чарга, нашмат меншая, чым 5 гадоў»

— Ці ёсьць у вас тлумачэньне, чаму менавіта цяпер гэта адбылося, бо гэтая справа, падаецца, даволі даўно пачалася? Цяпер вайна, масавыя рэпрэсіі ў Беларусі, і менавіта ў гэты момант — гучная карупцыйная справа.

— Справа ў тым, што за два гады пандэміі, якая не была прызнаная ў Беларусі, крыху прыпынілі плянавую шпіталізацыю, у тым ліку плянавае эндапратэзаваньне тазасьцегнавых і каленных суставаў. Калі плянавая шпіталізацыя аднавілася, аказалася, што ня ўсё так проста з тымі пратэзамі, тымі мэталаканструкцыямі, якія былі закупленыя па старых заяўках.

На складах іх назапасілася даволі шмат. Я перакананы, што абсалютна ніхто ня ведаў, колькі, чаго і як захоўваецца і як цяпер гэта ўсё рэалізоўваць. А па-другое, вялізарныя чэргі на пратэзаваньне, і людзі неяк спрабавалі паскорыць іх.

Любы артапэд, які ўсё добра разумее і ўкладае ў працу свае веды, час і асабістае жыцьцё, не параіць ставіць пратэз, які б не паставіў сабе. Калі да мяне зьвярталіся пацыенты ў свой час і мы выбіралі паміж пратэзамі беларускай вытворчасьці і небеларускай вытворчасьці, то я рэкамэндаваў ставіць пратэз не беларускай вытворчасьці. Гэта, напэўна, і рабілі тыя артапэды, якія працавалі ў гэтай сфэры.

Калі пацыент пагаджаўся на пратэзаваньне на платнай аснове, то гэта зусім іншая чарга, нашмат меншая, чым 5 гадоў. Пацыент плаціў клініцы і ставіў сабе абсалютна нармальны, добры, якасны, адэкватны пратэз. Канечне, напэўна гэта не падабалася многім, хто сядзіць у Мінздароўя. Гэта напэўна не падабалася тым, хто не атрымліваў абсалютна ніякіх прыбыткаў ад фірмаў — пастаўшчыкоў замежных пратэзаў. Гэта другая прычына.

Па-першае зайздрасьць, па-другое, паказушная дзейнасьць, накіраваная на тое, каб паказаць, што сілавы блёк у Беларусі ўсё яшчэ патрэбны на дадзены момант.

«Цяпер чарга на плянавае пратэзаваньне будзе яшчэ большая»

— Выглядае, што цяпер чарга будзе яшчэ даўжэйшая, будуць беларускія пратэзы і ня будзе каму іх ставіць...

— Так. Іншай высновы і не напрошваецца. Цяпер за кратамі сядзяць траўматолягі-артапэды, высакаклясныя спэцыялісты, прафэсіяналы, якія маглі гэта рабіць. А цяпер, канечне, чарга на плянавае пратэзаваньне будзе большая. Кожны з гэтых артапэдаў за тыдзень ставіў як мінімум па пяць пратэзаў, за год будзе даволі вялікая колькасьць. Цяпер сядзіць больш за 30 траўматолягаў-артапэдаў. Калі ўзяць сшытак і асадку і падлічыць, колькі людзей не атрымае плянавай дапамогі, атрымліваецца даволі вялікая і сур’ёзная лічба.

Сутнасьць нават ня ў гэтым. Калі мы зойдзем на афіцыйныя сайты бальніц, якія прапаноўвалі эндапратэзаваньне (РНПЦ траўматалёгіі і артапэдыі, Менская абласная бальніца. 6-я гарадзкая бальніца Менску, Магілёўская, Віцебская, Горадзенская бальніца), то там ёсьць інфармацыя, што яны прапаноўваюць платныя паслугі па ўстаноўцы пратэзаў. У гэтым карупцыйны складнік бачаць менавіта тыя, хто і прывёў да таго, што цяпер гэтыя карупцыйныя схемы існуюць у Беларусі.

Калі мы паглядзім на сайтах бальніц клінічныя прыклады да і пасьля пратэзаваньня, то на карцінках будуць пратэзы не беларускай вытворчасьці. І калі мы паглядзім на афіцыйных сайтах Мінздароўя і тых жа шпіталяў, якія менавіта пратэзы прапаноўваюць дзяржаўныя клінікі, то гэта будуць замежныя пратэзы, а беларускі «Алтымед» стаіць на апошнім месцы. Чаму? Ніколі справы да гэтага нікому не было.

І раптам усе за гэта ўзяліся, раптам у Беларусі ўсе артапэды-траўматолягі чамусьці аказаліся карупцыянэрамі і нягоднікамі. Хоць да гэтага прывяла сыстэма закупак Мінздароўя. А да Мінздароўя чамусьці пытаньняў ніякіх няма. Афіцыйнай заявы ад Мінздароўя няма. Пры тым, што да Мінздароўя зьвярталіся, дасылалі лісты, на якія Мінздароўя не адказвае, ігнаруе і ніякіх камэнтароў не дае.

— Наколькі гэта складаная апэрацыя і як хутка доктар можа навучыцца яе якасна рабіць, каб замяніць дактароў, якія за кратамі?

— А хто будзе вучыць? Гэта першае пытаньне. І другое пытаньне. Нават самы банальны эндапратэз пры самым лёгкім выпадку — гэта ня лёгкая апэрацыя, якая патрабуе толькі аднаго ўдзельніка. Апэрацыя патрабуе аднаго ці двух асыстэнтаў. Кожны эндапратэз дастаткова ўнікальны. Я кажу пра розныя фірмы-вытворцы. Гэта розны інструмэнтарый, які трэба ведаць. Калі падчас апэрацыі будуць нейкія нестандартныя сытуацыі? Калі ёсьць даапэрацыйныя нестандартныя сытуацыі з прычыны дэфармацыі бядра ці каленнага сустава? На дадзены момант гэта могуць зрабіць толькі тыя, хто гэтага цяпер зрабіць ня можа, бо яны за кратамі.

«У РНПЦ траўматалёгіі і артапэдыі ставілі больш як 600 эндапратэзаў за год. 5 ці 6 чалавек гэта маглі рабіць, трое зь іх сядзяць»

— Па вашых ацэнках, колькі такіх апэрацый у сярэднім праводзілася ў Беларусі штогод? І колькі дактароў было, якія маглі рабіць? А колькі засталося?

— Такіх лічбаў у мяне няма. Напрыклад, у РНПЦ траўматалёгіі і артапэдыі ставілі больш як 600 эндапратэзаў за год. 5 ці 6 чалавек гэта маглі рабіць. Трое зь іх сядзяць. Калі браць 6-ю гарадзкую клінічную бальніцу, то ўсе, хто мог гэта рабіць добра і якасна, цяпер не на свабодзе. Калі мы гаворым пра Ваўкавыск, Мазыр, Віцебск, то там не засталося людзей, якія могуць прымяніць свае веды ў нейкіх экстраных і нестандартных сытуацыях. Гэта забойства мэдыцыны, якое працягваецца. Гэта адбывалася дастаткова доўга, не адзін год, і ня два, і нават ня пяць гадоў.

Калі мы глядзім пратаколы аказаньня мэдычнай дапамогі ў Беларусі, то траўматолягі-артапэды працуюць па-ранейшаму па пратаколах 2006 году. Мэдыцына зрабіла крок далёка наперад. Кожны доктар, які сябе шануе, чытае замежныя пратаколы, увесь час вучыцца, чытае замежную мэдычную літаратуру.

Указаць доктару на яго памылку ў сыстэме, якая склалася ў мэдыцыне Беларусі, вельмі лёгка. Таму што, на жаль, сілавыя структуры працуюць па афіцыйных паперах, якія ім дае Мінздароўя, а гэта толькі пратаколы 2006 году. Таму тут выбар — альбо ты робіш правільна, альбо ты ня робіш нічога, напэўна. Калі мы гаворым пра рэформы Мінздароўя, іх трэба было рабіць даўно. Цяпер ніхто гэтага ня зробіць, на жаль.

«Яны ня здольныя так далёка наперад думаць»

— Аляксандру Лукашэнку калісьці рабілі апэрацыю на калене ў РНПЦ, дзе вы працавалі. Крыніцы Свабоды паведамлялі, што апэрацыю рабіў не беларускі хірург, а запрошаны са Швайцарыі ці іншай заходняй краіны. Хто цяпер будзе рабіць такія апэрацыі найвышэйшым урадоўцам? Замежнікаў цяжэй будзе прывезьці, асноўныя спэцыялісты за кратамі. Ці думалі пра гэта, аддаючы загад аб затрыманьні?

— Не, канечне. Яны ня здольныя так далёка наперад думаць. Нейкая лёгіка ў дзеяньнях гэтых людзей адсутнічае вельмі даўно. Людзі, якія выконваюць гэтыя загады, ня маюць уяўленьня пра тое, што адбываецца. Што будзе далей з мэдыцынай? Невядома. Дзе будуць мэддапамогу гэтыя людзі атрымліваць? Зразумела дзе. Застаецца яшчэ клініка прэзыдэнта, дзе можна гэта рабіць.

А я гавару пра звычайных людзей, якія стаялі па 5–6 гадоў у чарзе на эндапратэзаваньне, якія жывуць з гэтым болем, зьмірыліся з гэтым болем і цяпер ня могуць атрымаць дапамогу. Вышэйстаячыя гэтую дапамогу, калі яна ім патрэбная, натуральна, атрымаюць.

— Наколькі я разумею, калі своечасова не правесьці апэрацыю, сустаў можа разбурыцца, зламацца, і чалавек ня зможа рухацца проста...

— Так, канечне. Натуральна, якасьць жыцьця пры такіх паталёгіях парушаецца.

— Як вы ацэньваеце агульную сытуацыю ў беларускай сыстэме аховы здароўя цяпер? Якой яна стане па выніку маштабных санкцый?

— Гэта будзе паступовае, плянавае зьнішчэньне мэдыцыны, якая яшчэ засталася.

«У Кіеве ў мяне былі грандыёзныя пляны»

— Апошні раз вы давалі інтэрвію Свабодзе летась у лістападзе, калі ўжо працавалі ў Кіеве ў прыватнай клініцы. Што зьмяніла ў вашым прафэсійным і асабістым жыцьці вайна?

Рустам Айзатулін
Рустам Айзатулін

— Калі я быў у Кіеве, у мяне былі грандыёзныя пляны. Я працаваў раней у адной мэдычнай прыватнай кампаніі, а ў лютым прайшоў гутарку і павінен быў пачаць працу ў даволі вялікай прыватнай мэдычнай кампаніі. Яны была шматпрофільная, са сваім прыёмным аддзяленьнем, хуткай дапамогай і сыстэмай страховак, пляцоўкамі для верталётаў. Гэтаму не было наканавана адбыцца.

24 лютага мы выехалі за межы Кіева і пакінулі Ўкраіну. Цяпер я ў Польшчы. Усе дакумэнты падрыхтаваныя на падачу для пацьверджаньня кваліфікацыі, я выслаў свае рэзюмэ ў многія клінікі, ужо прайшоў некалькі гутарак. Я калісьці вучыў польскую мову, і тут на месцы ўліцца ў гэтую сыстэму нашмат лягчэй. Такім чынам, я цяпер у пошуку працы. У мяне яшчэ ідуць онлайн-кансультацыі пацыентаў, якія засталіся ў Беларусі і ва Ўкраіне.

— Як беларускія мэдыкі дапамагаюць цяпер украінцам у вайне? Як шмат іх засталося ва Ўкраіне і лечыць людзей, як шмат іншымі спосабамі падтрымлівае ўкраінцаў, знаходзячыся ў іншых краінах?

— Даволі шмат беларускіх лекараў ва Ўкраіне, якія працягваюць працаваць. Ёсьць некалькі мэдыкаў, якія цяпер працуюць у палявых шпіталях, з вайскоўцамі на перадавой. Усім мэдыкам, якія засталіся ва Ўкраіне, аказваецца дапамога Фонду мэдсалідарнасьці. Гэта таксама і дастаткова вялікая валянтэрская праца. Маем шмат заявак штодня, якія задавольваем, у тым ліку і онлайн-кансультацыі. Фонд працуе і зь беларускімі мэдыкамі, якія засталіся ва Ўкраіне, зь мэдыкамі ў Беларусі, з украінскімі мэдыкамі і ўкраінскімі мэдычнымі ўстановамі.

  • Свабода атрымала сьпіс мэдыкаў, затрыманых у «справе артапэдаў». У ім 22 чалавекі. Арыштавалі мэдыкаў, якія працавалі ў 11-й і 6-й гарадзкіх клінічных лякарнях Менску, 1-й Менскай абласной клінічнай лякарні, на катэдры траўматалёгіі і артапэдыі Беларускай мэдычнай акадэміі пасьлядыплёмнай адукацыі, у РНПЦ траўматалёгіі і артапэдыі, Берасьцейскай і Віцебскай абласных лякарняў, Віцебскага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту, Віцебскай лякарні хуткай мэдычнай дапамогі, Мазырскай і Ваўкавыскай цэнтральных раённых лякарнях, Горадзенскай абласной лякарні, Магілёўскай лякарні.
  • Сярод затрыманых мэдыкаў — адзін галоўны лекар, 13 дзейных ці былых загадчыкаў аддзяленьняў траўматалёгіі і артапэдыі, намесьнік дырэктара, дацэнт катэдры, а таксама 6 артапэдаў-траўматолягаў. Паводле крыніц Свабоды, колькасьць затрыманых папраўдзе большая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG