Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Малдова патрабуе вываду расейскіх войскаў з Прыднястроўя


Прэзыдэнтка Малдовы Мая Санду
Прэзыдэнтка Малдовы Мая Санду

«Прыднястроўе — зона расейскай акупацыі», прызналі ў рэзалюцыі ПАРЭ, якую падтрымала малдоўская дэлегацыя.

У рэзалюцыі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы рэгіён Малдовы Прыднястроўе назвалі зонай расейскай акупацыі. 15 сакавіка ПАРЭ прыняла рэзалюцыю аб выключэньні Расеі з Рады Эўропы, у якой гаворыцца, што Расея нясе пагрозу бясьпецы Эўропы.

Як піша выданьне Newsmaker.md, прэзыдэнтка Малдовы Мая Санду, камэнтуючы рэзалюцыю ПАРЭ, заявіла, што Малдова заўсёды патрабавала вываду расейскіх войскаў з тэрыторыі Прыднястроўя, а роля, якую Расея адыграла ў прыднястроўскім канфлікце, ні для кога не сакрэт.

Рэакцыя Прыднястроўя і Расеі

У Прыднястроўі рэзалюцыю ПАРЭ назвалі адарванай ад рэальнасьці, падкрэсьліўшы, што «любыя выпады супраць эфэктыўнай міратворчай апэрацыі на Днястры, якая праводзіцца ўжо 30 гадоў пад эгідай Расеі, носяць вельмі небясьпечны дэструктыўны характар». Афіцыйнай рэакцыі Расеі на рэзалюцыю ПАРЭ пакуль не было.

Былы кіраўнік МЗС Прыднястроўя Ўладзімер Ястрабчак лічыць, што рэзалюцыя ПАРЭ не паўплывае на працэс прыднястроўскага ўрэгуляваньня. Ён патлумачыў гэта тым, што ПАРЭ ня ўдзельнічае ў перамоўным працэсе і ня мае кампэтэнцыі ў гэтым пытаньні.

Што гавораць экспэрты

Малдоўская дэлегацыя ўдзельнічала ў пасяджэньні ПАРЭ ў фармаце онлайн і не прымала ўдзелу ў распрацоўцы гэтай рэзалюцыі. На думку экспэрта Асацыяцыі замежнай палітыкі Натальлі Стэркул, гэта зьвязана з нэўтральным статусам Малдовы:

«У ПАРЭ вельмі дакладная працэдура галасаваньня. Мне здаецца, што, калі б былі асобы, якія хацелі запярэчыць, яны запярэчылі б. Але гэтага не было, таму на гэты конт ня варта спэкуляваць», — адзначыла Стэркул.

Былы сталы прадстаўнік Малдовы ў ААН і Радзе Эўропы, палітычны аналітык Аляксей Тулбурэ адзначыў, што пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне Малдова «стараецца не рабіць гучных заяў, хоць мы адназначна асуджаем агрэсію і называем вайну вайной»:

«Мы не далучыліся і да санкцый міжнароднай супольнасьці, адпаведна ня трапілі ў фармальны сьпіс ворагаў Расеі», — адзначыў Тулбуры.

Пры гэтым Тулбуры ня лічыць, што гэтае палажэньне рэзалюцыі ПАРЭ аб Прыднястроўі можа неяк адчувальна паўплываць на працэс вырашэньня канфлікту.

«Пазыцыя Рады Эўропы заключаецца ў тым, што Расея адказная ня толькі за тое, што адбываецца ва Ўкраіне, а за ўсе недазволеныя сэпаратысцкія канфлікты на тэрыторыі былога СССР. Лёс Малдовы, і лёс прыднястроўскага пытаньня, і наша будучыня залежыць ад ходу ваенных дзеяньняў, ад гераічнага супраціву ўкраінскіх войскаў расейскаму агрэсару», — мяркуе Тулбуры.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG