Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці перарасьце цяперашняя вайна ў сусьветную? Меркаваньне палітоляга Марозава

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін

Якую ролю адыгрывае Беларусь у цяперашняй вайне Расеі з Украінай? Якія мэты ставіць у гэтай вайне Пуцін? Ці можа яна перарасьці ў сусьветную вайну?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказвае расейскі палітоляг, выкладчык Карлавага ўнівэрсытэту, экспэрт міжнароднай ініцыятывы iSANS Аляксандар Марозаў.

Марозаў

Аляксандар Марозаў
Аляксандар Марозаў
  • Усе краіны сьвету будуць кваліфікаваць расейскую вайсковую апэрацыю як агрэсію. Лукашэнка зрабіў усё магчымае, каб такая агрэсія ажыцьцявілася ў тым ліку і з тэрыторыі Беларусі. І Лукашэнка будзе трактавацца як агрэсар разам з Пуціным.
  • Заявы Пуціна, Пяскова і сьпікера Дзярждумы Валодзіна сьведчаць пра тое, што мэтай апэрацыі — захоп ці зьнішчэньне кіраўніцтва Ўкраіны, у тым ліку і прэзыдэнта Зяленскага, словам, зьмяніць уладу ў Кіеве.
  • NATO ня хоча інтэрнацыяналізацыі канфлікту. Але некалькі краінаў маглі б аказаць вайсковую падтрымку Ўкраіне для абароны яе кіраўніцтва ў Кіеве. Гэта не ўцягнула б Эўропу ў вайну, але было б добрым сыгналам для Крамля.
  • Пазыцыя Захаду будзе мяняцца. Захад рыхтаваўся да шматмесячнай эскаляцыі. Але такога рашэньня чакалі нямногія. І зараз гучаць галасы на карысьць самых жорсткіх дзеяньняў. Будуць перагледжаныя ўсе эканамічныя сувязі Расеі з замежжам, ня толькі з Захадам.
  • На мой погляд, Кітай ня ўхваліць гэтую апэрацыю Пуціна, бо гэта разбурае камунікацыі Кітая праз Расею ў Эўропу. Непазьбежная міжнародная кваліфікацыя Расеі як краіны-агрэсара, і Кітаю давядзецца мець з гэтым справу.
  • Крэмль даў зразумець, што будзе дамагаецца неўмяшальніцтва іншых краінаў у гэты канфлікт, пагражаючы ядзернай зброяй. Крэмль паказаў вучэньні балістычных ракетаў. У сваёй сёньняшняй заяве Пуцін абяцаў краінам, якія падтрымаюць Украіну, наступствы, зь якімі яны не сутыкаліся ў сваёй гісторыі.
  • Захаду давядзецца мець справу з гэтай пагрозай. Гэты канфлікт можа прывесьці да вялікай вайны. На Захадзе будуць галасы, што ў гэтай сытуацыі кропку ставіць трэба зараз. Ядзерная дзяржава пагражае парушыць глябальную бясьпеку. Я мяркую, што будзе абмяркоўвацца ваенны адказ. Заходнім лідэрам давядзецца вырашаць, чым яны адкажуць на ядзерны шантаж і дзе яго мяжа.
  • Крамлю было б выгадна інтэрнацыяналізаваць канфлікт, паказаць, што два славянскія народы змагаюцца з «нацысцкай» уладай у трэцяй. Гэта цынічна і падступна, але контур гэтага зразумелы.
  • Пуцін можа выкарыстаць беларускую армію не супраць Украіны, а супраць Літвы ці Польшчы.

Напад Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG