Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхары Кіеву хаваюцца аб расейскіх абстрэлаў у мэтро. 24 лютага
Жыхары Кіеву хаваюцца аб расейскіх абстрэлаў у мэтро. 24 лютага

Расея напала на Ўкраіну, Лукашэнка падтрымаў агрэсію. Хроніка баявых дзеяньняў і сусьветная рэакцыя 24 лютага

абноўлена
  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны. Выявілася, што ягоны зварот быў запісаны яшчэ 21 лютага.
  • Расея абстрэльвае практычна ўсю тэрыторыю Ўкраіны, атакуе з шасьці накірункаў: ад Краматорска і Харкава да Кіеву і Івана-Франкоўска.
  • Па стане на 24:00 па Менскім часе, паводле афіцыйнага Кіеву, у выніку ваенных дзеяньняў Расеі загінулі 137 чалавек, параненых было 316 чалавек.
  • Расейскія войскі захапілі Чарнобыльскую АЭС, частку Херсонскай вобласьці і востраў Зьмяіны ў Чорным моры.
  • Украінскі бок абвінаваціў Беларусь ва ўдзеле ў расейскай агрэсіі. Шмат танкаў і вайсковай тэхнікі заўважылі на беларуска-ўкраінскай мяжы
  • Тысячы ўкраінцаў спрабуюць выехаць у суседнія краіны: Малдову, Польшчу. На межах вялікія чэргі.
  • ЗША ўвялі «зьнішчальны» пакет санкцыяў супраць Расеі, а таксама новыя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі.
  • У многіх гарадах Эўропы прайшлі акцыю пратэсту супраць расейскай агрэсіі і ў падтрымку ўкраінскага народу. Акцыю ў Маскве жорстка разагналі.
10:35 24.2.2022

Эўрапейскія лідэры асудзілі дзеяньні Расеі

Прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан, якога цытуе BBC, заявіў, што ён з абурэньнем успрыняў «неабгрунтаваны напад» Расеі і што Брытанія «адкажа рашуча».

Прэмʼер-міністар Італіі Марыё Драгі назваў дзеяньні Расеі «неапраўданымі і неапраўдальнымі». «Мы працуем з саюзьнікамі па NATO, каб неадкладна адказаць, з адзінствам і рашучасьцю».

Тым часам прэсавы сакратар ураду Польшчы Пётр Мюлер заявіў, што прыйшоў «час узмацніць усходні флянг NATO» і дадаў: «Мы чакаем, што такія рашэньні будуць прынятыя».

10:44 24.2.2022

Відэа заявы Пуціна аб пачатку вайны было запісана 21 лютага

Пра гэта сьведчаць мэтададзеныя файла з сайту Крамля.

Відэа Пуціна аб пачатку вайны, мяркуючы з мэтададзеных файла на сайце Крамля, было запісана не пазьней за вечар 21 лютага, на гэта зьвярнула ўвагу «Новая газета».

Адзеньне Пуціна супадае зь яго адзеньнем на пасяджэньні СБ РФ 21 лютага і на відэа аб прызнаньні ДНР і ЛНР.

10:54 24.2.2022

Украінцы вярнулі Шчасьце

Цэнтар стратэгічных камунікацый і інфармацыйнай бясьпекі паведаміў, што ўкраінскія вайскоўцы вярнулі кантроль на горадам Шчасьце ў Луганскай вобласьці.

«Пры спробе нападу зьнішчылі тэхніку і забілі каля 50 ворагаў», — адзначаецца на афіцыйнай старонцы Цэнтру.

10:57 24.2.2022

Генэральны сакратар ААН: Наступствы такой вайны немагчыма прадказаць

Генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш асудзіў дзеяньні Расеі, заклікаўшы Пуціна «вярнуць вашыя войскі назад у Расею».

«У імя чалавечнасьці, не дазвольце пачацца вайне ў Эўропе, якая можа быць найгоршай вайной ад пачатку стагодзьдзя, з наступствамі ня толькі разбуральнымі, ня толькі трагічнымі для Расейскай Фэдэрацыі, але і з уплывам, які нават немагчыма прадказаць».

11:01 24.2.2022

Нацыянальная паліцыя Ўкраіны пачынае выдаваць зброю вэтэранам-праваахоўнікам

Кіраўнік Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны Ігар Кліменка падпісаў загад аб выдачы ва ўсіх абласных упраўленьнях зброі вэтэранам органаў унутраных спраў, гатовым стаць на абарону Ўкраіны.

11:05 24.2.2022

«Укрзалізниця» паведаміла аб пачатку эвакуацыі грамадзян з усходу і поўдня Ўкраіны

У прыватнасьці, Украінская чыгунка паведаміла, што плянуюць цягнікі для эвакуацыі грамадзян са Сватава і Рубежнага, з Краматорску, Марыюпалю і Канстанцінаўкі. Таксама адзін эвакуацыйны рэйс плянуецца з Адэсы.

11:06 24.2.2022

Гарыць вайсковы аэрадром у Чугуеве пад Харкавам

11:13 24.2.2022

Захад 24 лютага экстрана склікае сустрэчы ў фарматах G7, NATO, ЭЗ для ціску на Расею

Прэзыдэнт ЗША Джозэф Байдэн сустрэнецца з саюзьнікамі па G7, каб намеціць жорсткія меры ў дачыненьні да РФ.

Кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў краін ЭЗ абмяркуюць санкцыйны пакет у адносінах да Масквы на экстраным пасяджэньні. У Брусэлі заклікалі Расею неадкладна спыніць ваенную апэрацыю.

На надзвычайную нараду зьбяруцца сталыя прадстаўнікі пры NATO. Акрамя таго, брытанскі прэм’ер-міністар Борыс Джонсан склікае паседжаньне надзвычайнага ўрадавага камітэту Cobra.

11:14 24.2.2022

Лукашэнка пачаў нараду зь сілавікамі

Нелегітымны кіраўнік Беларусі пачаў экстранную нараду зь сілавікамі. На пачатку ён падзякаваў усім удзельнікам і заявіў, што ніхто ня спаў гэтай ноччу.

«Беларускія войскі не бяруць ніякага ўдзелу ў расейскай спэцапэрацыі на Данбасе», цытуе яго БелТА.

11:17 24.2.2022

Рада БНР: Ад посьпеху Ўкраіны ў адбіцьці агрэсіі будзе залежаць і будучыня Беларусі

Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла
Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла


Рада Беларускай Народнай Рэспублікі выступіла з заявай, у якой асудзіла «збройную агрэсію Расейскай Фэдэрацыі супраць Украіны і спрыяньне гэтай агрэсіі з боку нелегітымнай дзяржаўнай улады Аляксандра Лукашэнкі ў Рэспублікі Беларусь».

Рада папярэдзіла афіцыйных асобаў Рэспублікі Беларусь «пра адказнасьць за магчымае ўцягваньне Беларусі ў вайну, а таксама за падтрымку ці спрыяньне збройнай агрэсіі Расейскай Фэдэрацыі» і заклікала міжнародную супольнасьць «да цьвёрдай пазыцыі адносна як кіраўніцтва дзяржавы-ініцыятара агрэсіі, так і нелегітымнага рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ў Беларусі».

11:28 24.2.2022

Вынікі апытаньня: Беларусы супраць таго, каб Беларусь падтрымлівала Крэмль у вайне супраць Украіны

Паводле дасьледаваньня Chatham House, пра якое паведаміла DW, большасьць беларусаў выказалася за тое, каб Менск заняў нэўтральную пазыцыю ў вайне. Так адказалі 56% рэспандэнтаў.

57% мяркуюць, што ўдзел у вайне будзе мець катастрафічныя наступствы для краіны. 79% удзельнікаў апытаньня не жадаюць, каб беларускія салдаты тэрміновай службы ўдзельнічалі ў вайне паміж Расеяй і Ўкраінай. Апытаньне праводзілася ў пачатку лютага 2022 году.

11:31 24.2.2022

Беларуская амбасада ў Кіеве маўчыць

Беларускае пасольства ва Ўкраіне не адказвае на тэлефонныя званкі па нумары, прызначаным «толькі для грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія апынуліся на тэрыторыі Украіны ў надзвычайнай сытуацыі». Пра гэта паведамляе «Наша ніва».

Выданьне зазначае, што на гэты момант па нумарах пасольства ніяк немагчыма дазваніцца ці проста ніхто не бярэ трубку.

Пасольства таксама не дае ніякай інфармацыі, што, напрыклад, рабіць беларусам у сытуацыі бамбаваньня ўкраінскіх гарадоў Расеяй. Няма ніякай інфармацыі, прысьвечанай сытуацыі ва Ўкраіне і на афіцыйным сайце Міністэрства замежных спраў Беларусі.

11:39 24.2.2022

МЗС Беларусі рэкамэндаваў беларусам устрымацца ад паездак ва Ўкраіну

Заява зьявілася на сайце МЗС:

«У сувязі з разьвіцьцём сытуацыі ва Ўкраіне Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь настойліва рэкамэндуе беларускім грамадзянам адмяніць пляны наведваньня гэтай краіны да стабілізацыі абстаноўкі».

11:43 24.2.2022

Украінцы заявілі, што зьнішчылі шосты самалёт акупантаў

Паблізу Краматорску Ўзброеныя сілы Ўкраіны зьнішчылі шосты ад пачатку баявых дзеяньняў самалёт расейскіх вайскоўцаў. Перад тым самалёт парушыў дзяржаўную мяжу Ўкраіны, піша Укрінформ.

Расейскае Мінабароны папярэднія паведамленні аб зьбітых самалётах абвяргала.

11:43 24.2.2022

Лукашэнка паведаміў, што сам папрасіў Пуціна пакінуць войскі ў Беларусі

«Каб не было інсінуацый: падчас апошняй сустрэчы ў Маскве я асабіста прапанаваў Пуціну пакінуць некаторую колькасьць Узброеных сіл Расейскай Федэрацыі на поўдні нашай Беларусі. Чаму? Мне ня сорамна пра гэта сказаць: мы не былі гатовыя прыкрыць паўднёвы кірунак у дадзенай сытуацыі, паколькі ўкраінскія падраздзяленьні — вайсковыя, не памежныя — высунуліся да мяжы і пачалі праводзіць там манэўры. Мы гэта бачылі, але ў нас там ніколі не было войскаў. Таму я прапанаваў нейкую невялікую частку [расейскіх войскаў] пакінуць там, на паўднёвых межах, пакуль мы сваімі Узброенымі сіламі не заменім іх».

11:46 24.2.2022

Першыя фота нападу Расеі на Ўкраіну

11:49 24.2.2022

Расейцы пагражаюць захапіць Зьмяіны. АЎДЫЁ

Невядомыя асобы, якія відавочна належаць боку агрэсараў, пагражаюць узяцьцем вострава Зьмяіны. Украінскія памежнікі занялі абарону.

«Акупанты пагражаюць запатрабаваць капітуляцыі ізмаільскіх памежных войскаў. Для бясьпекі суднаходзтва агрэсар выкарыстаў міжнародны канал сувязі».

Востраў Зьмяіны месьціцца ў Чорным моры за 120 км ад Адэсы, паблізу ад мяжы з Румыніяй.

11:55 24.2.2022

Антываенны мітынг у Ерэване

Журналіст Идель.Реалии Радыё Свабода паведамляе, што ў сталіцы Армэніі людзі выйшлі пратэставаць супраць уварваньня расейскага войска ва Ўкраіну. Ладзіць мітынг Эўрапейская партыя Армэніі.

12:04 24.2.2022

Амбасадар Украіны ў Беларусі абверг інфармацыю пра атаку з боку Беларусі

Ігар Кізім лічыць, што любая прысутнасьць расейскіх войскаў дзе-кольвек вядзе да вайны. У Беларусі іх сканцэнтравана вельмі шмат.

12:10 24.2.2022

Кіеў: Верталёт без апазнавальных знакаў з боку Беларусі абстраляў украінскі пункт пропуску

Украінскія памежнікі паведамілі, што ў 9:40 з боку Беларусі верталёт без апазнавальных знакаў абстраляў мост па абодва бакі перад пунктам пропуску «Славуціч» (на мяжы Ўкраіны і Беларусі).

З пачатку абстрэлаў тэрыторыі Ўкраіны Расеяй загінулі пяць украінскіх памежнікаў. Агульная колькасьць пацярпелых сярод вайскоцаў і цывільных невядомая. Пацьверджэньня гэтай інфармацыі зь беларускага і расейскага боку няма.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG