Адключаныя сайты
Некаторыя афіцыйныя сайты ўрадавых структур Украіны сёньня зноў недаступныя. Не адкрываюцца сайт Міністэрства замежных спраў, Службы бясьпекі, Украаэраруху.
Таргі на ўсіх рынках Масбіржы прыпыненыя да асаблівага апавяшчэньня
Даляр з раніцы ў чацьвер падаражэў амаль на 3 рублі да больш чым 84 рублёў. Эўра таргуецца вышэй за 95,24 рубля — эўрапейская валюта падаражэла больш чым на 3 рублі.
З раніцы імкліва таннеюць амаль усе расейскія кампаніі. У большасьці выпадкаў падзеньне ўжо двухзначнае. Індэкс Масбіржы абваліўся на 11%, піша ВВС.
Кадры выбухаў
Украінскае агенцтва УНІАН апублікавала відэа, на якіх бачная атака расейскіх рэактыўных сыстэм залпавага агню па ўскраінах гораду Харкаў.
Сырэны ў Кіеве
У Кіеве загучалі сырэны грамадзянскай абароны, паведаміла ўкраінская служба Радыё Свабода. У сталіцы ў выніку выбуху на вуліцы Васількаўскай пашкоджаны жылыя будынкі, бігборд і гандлёвыя пляцоўкі.
Мінабароны Ўкраіны пацьвердзіла абстрэлы
Міністар абароны Ўкраіны Аляксей Рэзьнікаў пацьвердзіў, што Расея інтэнсіўна абстрэльвае вайсковыя падразяьдзеленьні Ўкраіны на ўсходзе, а таксама цэнтры вайсковага ўпраўленьня і аэрадромы ў рэгіёнах.
«Украінская армія трымае абарону і дае адпор расейскім войскам. Нашы вайскоўцы робяць усё, каб абараніць і ня даць агрэсару шанцу на прарыў. Сытуацыя кантраляваная, але нашай арміі цяпер як ніколі патрэбная ваша падтрымка», — заявіў Аляксей Рэзьнікаў.
Журналісты заўважылі, што прамова Пуціна аб пачатку ваенных дзеяньняў была запісаная яшчэ 21 лютага
Пра гэта гавораць мэтададзеныя відэа.
Гарыць штаб Аб’яднаных сілаў у Данецкай вобласьці
Пажар пачаўся пасьля абстрэлу расейцамі штабу апэратыўнага ўпраўленьня аб’яднаных сіл у Часавым Яры Данецкай вобласьці. Пажар пачаўся ў выніку ракетнага ўдару. Іншыя падрабязнасьці пакуль невядомыя.
Пад абстрэл трапілі вайсковыя аэрадромы Ўкраіны
Юры Бірукоў, валянтэр і былы дарадца Міністэрства абароны Ўкраіны паведаміў, што пад ракетны абстрэл трапілі вайсковыя аэрадромы ў Чугуеве (Харкаўская вобласьць), Краматорску (Данецкая вобласьць, падкантрольны Ўкраіны), Азёрным (Жытомірская вобласьць), Кульбакіне (Мікалаеў) і Васількове (Кіеўская вобласьць).
Паводле яго, такую інфармацыю ён атрымаў ад вайскоўцаў. Юры Бірукоў сьцьвярджае, што адначасова ўдары нанесеныя па базах захоўваньня боепрыпасаў і вайсковых арсэналаў. Валянтэр не пацьвярджае высадкі расейскіх дывэрсантаў у Адэсе.
Кіраўніца Эўракамісіі: «Мы рашуча асуджаем неабгрунтаваны напад Расеі на Украіну»
«Мы рашуча асуджаем неабгрунтаваны напад Расеі на Украіну. У гэтыя змрочныя гадзіны нашы думкі з Украінай і нявіннымі жанчынамі, мужчынамі і дзецьмі, якія сутыкаюцца зь нічым не справакаваным нападам і баяцца за сваё жыцьцё. Мы прыцягнем Крэмль да адказнасьці», — напісала кіраўніца Эўрапейскай камісіі Урсуля фон дэр Ляен на сваёй афіцыйнай старонцы ў Твітэры.
Беларускія войскі падтрымліваюць наступ Расеі, — Памежная служба Ўкраіны
«Каля 5:00 дзяржаўная мяжа Ўкраіны ў раёне з Расейскай Фэдэрацыяй і Рэспублікай Беларусь была атакаваная расейскімі войскамі пры падтрымцы Беларусі».
Пра гэта паведаміла Дзяржаўная памежная служба Ўкраіны, дадаўшы, што напады на памежныя падразьдзяленьні, патрулі і пункты пропуску вядуцца з выкарыстаньнем артылерыі, цяжкай тэхнікі і стралковай зброі.
Пуцін папярэдзіў Лукашэнку пра вайну
Прыкладна ў 5 раніцы сёньня адбылася тэлефонная размова Пуціна і Лукашэнкі, паведаміў ТГ-канал «Пул первого»:
«Пуцін праінфармаваў беларускага калегу аб сытуацыі на мяжы з Украінай і на Данбасе».
У Луганскай вобласьці пачалі эвакуацыю насельніцтва ў Дняпро
Пра гэта заявіў кіраўнік Луганскай вайскова-цывільнай дзяржаўнай адміністрацыі Сяргей Гайдай.
Міністар замежных спраў Украіны заклікаў сьвет да тэрміновых дзеяньняў, каб спыніць вайну
Дзьмітро Кулеба назваў пяць першачарговых дзеяньняў:
- Зьнішчальныя санкцыі супраць РФ, адключэньне ад SWIFT.
- Поўная ізаляцыя Расеі ва ўсіх фарматах.
- Зброя і тэхніка для Ўкраіны.
- Фінансавая дапамога.
- Гуманітарная дапамога.
Паведамленьне Генштабу ЗСУ: на Адэсу нападу няма
«А 5:00 Узброеныя сілы Расейскай Фэдэрацыі пачалі інтэнсіўныя абстрэлы нашых падразьдзяленьняў на ўсходзе, а таксама бамбардаваньні аэрадромаў Барыспаль, Азёрнае, Кульбакіна, Чугуеў, Краматорск, Чарнабаеўка, а таксама вайсковыя аб’екты Ўзброеных сіл Украіны. Адначасова агрэсар пачаў артылерыйскія абстрэлы тэрыторыі і населеных пунктаў Украіны ўздоўж дзяржаўнай мяжы».
Таксама ў Генштабе дадалі, што Інфармацыя аб высадцы расейскіх войскаў у Адэсе не адпавядае рэчаіснасьці.
Эвакуацыя ў аэрапорце ў Барыспалі
З тэрміналу D міжнароднага аэрапорту «Барыспаль» эвакуавалі ўсіх пасажыраў. Колькасьць не ўдакладняецца.
Расея пачала артылерыйскія абстрэлы тэрыторый і населеных пунктаў уздоўж украінскай мяжы
Генэральны штаб Узброеных сілаў Украіны заявіў, што Расея пачала артылерыйскія абстрэлы тэрыторый і населеных пунктаў уздоўж украінскай дзяржаўнай мяжы
«Паветраныя сілы Ўзброеных сіл Украіны адбіваюць напад захопніка. Сілы абароны дзяржавы знаходзяцца ў поўнай баявой гатоўнасьці, занялі і ўтрымліваюць абарончыя пазыцыі. Сытуацыя кантраляваная».
Сытуацыя ў Марыюпалі
Панікі няма, было некалькі выбухаў; ці адбываліся яны ў межах горада, незразумела, перадае карэспандэнт Радыё Свабода. У сацсетках распаўсюджваецца інфармацыя пра тое, што горад знаходзіцца пад кантролем ДНР або ідуць баі, але карэспандэнт сьцьвярджае, што гэта няпраўда.
Рэакцыя Столтэнбэрга і Джонсана
Генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг асудзіў пачатак расейскай ваеннай апэрацыі, назваў яе парушэньнем міжнароднага права і пагрозай эўраатлянтычнай бясьпецы.
Прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан заявіў, што Пуцін выабраў «шлях кровапраліцьця і разбурэньня», пачаўшы атаку на Ўкраіну.
«Я ўзрушаны жахлівымі падзеямі ва Ўкраіне і размаўляў з прэзыдэнтам Зяленскім, каб абмеркаваць наступныя крокі. (...) Вялікая Брытанія і нашы саюзьнікі адкажуць рашуча».
Расейскія войскі захапілі два паселішчы ў Луганскай вобласьці
Загарэліся склады ў Хмяльніцка влбласьці, у Віньніцкай пачаўся пажар у вайсковых частак, у Луцку падарвалі тэлевежу, у Браварах узгарэлася вайсковая частка ў выніку абстрэлаў. Расейскія войскі захапілі два паселішчы ў Луганскай вобласьці: Гарадзішча і Мілава, паведамляе Дзяржаўная службы ў пытаньнях надзвычайных сытуацый Украіны.
Абстрэлы ў Кіеўскай і Чарнігаўскай вобласьцях
У Дзяржаўнай службе надзвычайных сытуацый Ўкраіны паведамілі аб узгараньні ў выніку абстрэлаў Расеі складоў з боепрыпасамі ў паселішчы Альшаніца Белацаркоўскага раёну Кіеўскай вобласьці, штабу Нацыянальнай гвардыі Ўкраіны пад Кіевам у Новых Пятроўцах і Міжгор’і. Там пачалі выводзіць асабісты склад Нацгвардыі.
У выніку абстрэлаў камандна-дыспэтчарскага пункту ў Нежыне Чарнігаўскай вобласьці траўмаваныя тры супрацоўнікі слудбы выратаваньня. Аб гэтым паведаміла дарадца службы Сьвятлана Вадалага.