Вайсковая тэхніка ў акупаваным Данецку
Лічбы расейскай агрэсіі
Расея, пачынаючы зь вясны 2021-га, няўхільна павялічвае колькасьць войскаў ля межаў Украіны. Выведкі ЗША і Вялікай Брытаніі гавораць пра як мінімум 100 тысяч расейцаў на межах, а прэзыдэнт ЗША Байдэн назваў лічбу ў 150 тысяч. У дадатак Расея падмацавала зброяй так званыя «ДНР» і «ЛНР», якія зьяўляюцца паводле ўкраінскага закону тэрарыстычнымі.
Расея сьцягнула ў Чорнае мора караблі іншых сваіх флётаў — агулам там цяпер 11 дэсантных караблёў, зь іх 6 прыбылі з Балтыйскага і Паўночнага флётаў.
У Беларусі расейцы разьмясьцілі каля 60 установак «Іскандэр», таксама там ёсьць аэрамабільныя злучэньні і авіяцыя.
The Washington Post: «Так сканчаецца пасьляваенны мір»
«Так сканчаецца пасьляваенны мір, і мір пасьля «халоднай» вайны таксама: ня з выбухам, не з усхліпам, а з дэклямацыяй. У незвычайнай размове з самім сабой, якую глядзелі па ўсім сьвеце ў панядзелак, прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін атакаваў і дэлегітымізаваў ня толькі незалежную Ўкраіну і яе ўрад, але і ўсе аспэкты архітэктуры бясьпекі ў Эўропе, абвясьціўшы іх спараджэньнем карумпаванага Захаду на чале са Злучанымі Штатамі, якія варожа настроеныя да Расеі, – піша ў рэдакцыйным артыкуле амэрыканскае выданьне The Washington Post. – Пасьля панядзелка стала зразумела, што Пуціна не ўтрымаць, вайна магчымая і няма больш прычын чакаць з увядзеньнем санкцыяў».
У Данецку і Луганску заявілі аб «ратыфікацыі» дамоваў з Расеяй
Органы, якія называюць сябе парлямэнтамі «ЛНР» і «ДНР», аднагалосна ратыфікавалі дамовы аб дружбе, супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе з Расейскай Фэдэрацыяй, паведамляе РБК.
Чэхія і Славаччына падтрымалі Ўкраіну, асудзілі Расею
Міністэрства замежных справаў Чэхіі асудзіла прызнаньне Крамлём «незалежнасьці» так званых «Данецкай і Луганскай народных рэспублік».
Такое прызнаньне зьяўляецца «відавочным парушэньнем Статуту ААН, Менскіх пагадненьняў і Будапэшцкага мэмарандуму 1994 году», – гаворыцца ў паведамленьні МЗС Чэхіі.
«Пасьля незаконнай акупацыі і анэксіі Крыму ў 2014 годзе гэта чарговы крок, якім Расейская Фэдэрацыя працяглы час ігнаруе галоўны прынцып міжнароднага права і ўласныя абавязаньні ў дачыненьні да тэрытарыяльнай цэласнасьці і сувэрэнітэту Ўкраіны», – заявілі ў МЗС Чэхіі і заклікалі Расею вярнуцца за стол перамоваў «у інтарэсах бясьпекі ўсяго кантынэнту».
Славаччына таксама заявіла, што не прымае рашэньня Расеі. У заяве МЗС Славаччыны падкрэсьліваецца, што такі крок Масквы зьяўляецца непрымальным і разыходзіцца з «абвешчанай зацікаўленасьцю шукаць канструктыўныя рашэньні праз дыпляматычны дыялёг у адпаведных міжнародных фарматах».
«Наша прынцыповая замежнапалітычная пазыцыя – падтрымка палітычнага сувэрэнітэту, незалежнасьці і тэрытарыяльнай цэласнасьці нашай суседкі Ўкраіны», – гаворыцца ў заяве.
Украіна патрабуе склікаць тэрміновыя кансультацыі ў рамках Будапэшцкага мэмарандуму
Міністэрства замежных спраў Украіны накіравала афіцыйныя запыты на правядзеньне тэрміновых кансультацый на высокім узроўні паміж Украінай і дзяржавамі – удзельніцамі Будапэшцкага мэмарандуму. Як паведаміла прэсавая служба МЗС Украіны, падставай для кансультацый стала парушэньне Расеяй абавязкаў у рамках Будапэшцкага мэмарандуму. Магчымасьць такіх кансультацый прадугледжана артыкулам 6 Мэмарандуму аб гарантыях бясьпекі ў сувязі з далучэньнем Украіны да дамовы аб нераспаўсюджаньні ядзернай зброі.
«Залежна ад факту правядзеньня гэтых кансультацый ды іх вынікаў, Украіна будзе вызначацца наконт далейшых дзеяньняў у стварэньні ўласнай бясьпекі згодна з нацыянальнымі інтарэсамі ва ўмовах супрацьдзеяньня расейскай агрэсіі, нормаў міжнароднага права ды нацыянальнага заканадаўства», — адзначылі ў Міністэрстве замежных спраў Украіны.
Міністар абароны Ўкраіны пра гатоўнасьць
Аляксей Рэзьнікаў у твітэры паведаміў, што ўкраінцы гатовыя адстойваць свой сувэрэнітэт і яны ўпэўненыя ў сваіх сілах. Згодна зь ягонымі словамі, Крэмль прызнаў не самаабвешчаныя рэспублікі, а ўласную вайну супраць Украіны. Рэзьнікаў спадзяецца, што сьвет ня будзе маўчаць у адказ на новую агрэсію Расеі супраць Украіны. «Санкцыі? Яшчэ адна цаглінка ў сьцяну? Новы Бэрлінскі мур?» — спытаў Рэзьнікаў, маючы на ўвазе розныя варыянты разьвязаньня крызісу ў залежнасьці ад адказу Захаду.
Прадстаўніца ЗША ў Радзе Бясьпекі ААН: «У Масквы ёсьць прэтэнзіі на ўсе тэрыторыі Расейскай імпэрыі»
Выступаючы на сэсіі, пастаянная прадстаўніца ЗША пры ААН Лінда Томас-Грынфілд паставіла пад сумнеў словы Пуціна аб тым, што расейскія войскі возьмуць на сябе «міратворчую» ролю ў Данецкім і Луганскім раёнах. Яна заявіла, што тэлевізійны выступ Пуціна, у якім ён абвясьціў аб прызнаньні незалежнасьці «ЛНР» і «ДНР», быў скіраваны на «стварэньне падставы для вайны».
Паводле амэрыканскай дыпляматкі, Пуцін «разарваў менскія пагадненьні на шматкі», а цяперашнія дзеяньні Масквы «яўна зьяўляюцца грунтам для таго, каб паспрабаваць стварыць падставу да далейшага ўварваньня ва Ўкраіну».
«У Масквы ёсьць прэтэнзіі на ўсе тэрыторыі Расейскай імпэрыі. Той самай Расейскай імпэрыі, якая існавала да Савецкага Саюзу, больш за 100 гадоў таму. Гэта ўключае ўсю Ўкраіну, Фінляндыю, Беларусь, Грузію, Малдову, Казахстан, Кіргізстан і Таджыкістан, Туркмэнію і Ўзбэкістан, Літву, Латвію і Эстонію. Гэта ўключае часткі Польшчы і Турэччыны. Па сутнасьці, Пуцін хоча, каб сьвет адправіўся назад у мінуўшчыну, у часы, калі не існавала аб’яднаных нацый; у часы, калі сьветам кіравалі імпэрыі. Аднак астатні сьвет пайшоў наперад», — дадала яна.
Абстрэлы з боку прарасейскіх сіл працягваюцца
Двое палеглых і 18 пацярпелых за мінулыя суткі на Данбасе, паведаміла штаб-кватэра Апэрацыі аб’яднаных сіл Украіны на Данбасе.
У штабе абʼяднаных сіл паведамілі, што напярэдадні ў выніку абстрэлу баевікоў, якія падтрымліваюцца Расеяй на Данбасе, двое ўкраінскіх вайскоўцаў загінулі, 12 былі параненыя.
Усяго, паводле зьвестак штабу, за мінулыя суткі зафіксавана 84 парушэньні рэжыму цішыні, 64 зь якіх — з ужываньнем зброі, забароненай менскімі пагадненьнямі, зь якіх Расея фактычна выйшла.
Танкі ў Данецку
Пра перамяшчэньне калёны танкаў і бранятэхнікі з Данецку да лініі судакрананьня ў ноч на 22 лютага расказалі Радыё Свабода відавочцы.
Па словах некалькіх відавочцаў, каля 23-й гадзіны калёна прайшла проста ў цэнтры гораду і рухалася гадзіну. Людзі кажуць, што такога размаху ня бачылі «за восем гадоў».
Указы Пуціна
Уначы прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін аддаў загад аб уводзе расейскіх войскаў у два сэпаратысцкія рэгіёны, якія падтрымліваюцца Масквой, праігнараваўшы пагрозы Захаду аб увядзеньні санкцый, паведамляе AFP. Раней кіраўнік Крамля прызнаў незалежнасьць падкантрольных сэпаратыстам раёнаў Данецкай і Луганскай абласьцей Украіны, падрыхтаваўшы глебу для апэрацыі па разгортваньні часткі сіл ля ўкраінскіх межаў.
У двух афіцыйных указах Пуцін даручыў Міністэрству абароны забясьпечыць ажыцьцяўленьне «функцый у падтрыманьні міру» ў Данецкай і Луганскай абласьцях. У тых жа дакумэнтах Пуцін таксама даручыў расейскаму МЗС устанавіць дыпляматычныя адносіны з «рэспублікамі».
Украіна патрабуе ад Крамля адмяніць указы
Прадстаўнік Украіны Сяргей Кісьліца сказаў, што ягоная краіна гатова да перамоваў і запатрабаваў ад Расеі адмяніць указ аб прызнаньні і вярнуцца за стол перамоваў. Незадоўга да пачатку пасяджэньня Рады Бясьпекі ААН прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў у тэлезвароце, што дзеяньні Расеі не спалохалі Ўкраіну і яна захоўвае прыхільнасьць мірнаму шляху.
«Мы нікому і нічога не павінны, і мы нічога і нікому не аддамо», – падкрэсьліў Зяленскі.
Масква пярэчыць заявам пра парушэньне менскіх пагадненьняў
Пастаянны прадстаўнік Расеі пры ААН Васілій Нябензя заявіў, што Масква па-ранейшаму адкрытая для дыпляматычнага рашэньня, аднак ня мае намеру «дапускаць новую крывавую бойню» ў Данбасе. Галоўным фактарам разбурэньня менскіх пагадненьняў ён назваў адмову Кіеву ад прамога дыялёгу з так званымі «ДНР» і «ЛНР». Нябензя заявіў, што Расея бокам менскіх пагадненьняў не зьяўляецца, прызнаньне Масквой незалежнасьці сэпаратысцкіх «ДНР» і «ЛНР» не мяняе складу бакоў гэтых пагадненьняў.
Кітай заклікае да дыялёгу, а факту прызнаньня не камэнтуе
На пасяджэньні Рады Бясьпекі ААН, якое доўжылася 90 хвілін, пастаянны прадстаўнік Кітаю заклікаў усе бакі канфлікту да стрыманасьці і дыялёгу. Пры гэтым ён ніяк не пракамэнтаваў стаўленьне афіцыйнага Пэкіну да прызнаньня Расеяй «ДНР» і «ЛНР», а таксама распараджэньне прэзыдэнта РФ адправіць туды расейскія войскі.
Францыя гаворыць пра сабатаж Расеяй мірных перамоў
Прадстаўнік Францыі пры Радзе Бясьпекі ААН лічыць, што Расея цалкам сабатавала вялікія намаганьні ва ўсталяваньні міру ва Ўкраіне. Але дыпляматычны шлях яшчэ адкрыты. Раней прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон асудзіў прызнаньне Расеяй так званых «ДНР» і «ЛНР» і заклікаў увесьці «кропкавыя эўрапейскія санкцыі». Прызнаньне адбылося неўзабаве пасьля прыезду Макрона ў Маскву.