Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Трэба публічна, перад тэлекамэрамі, лупцаваць іх розгамі». «Або караць сьмерцю». Як у Беларусі помсьцяць за пратэсты


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Сілавікі затрымліваюць людзей на акцыі пратэсту пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Менск, 10 жніўня 2020 году
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Сілавікі затрымліваюць людзей на акцыі пратэсту пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Менск, 10 жніўня 2020 году

Тэма помсты ў выступах і інтэрвію Лукашэнкі — адна з ключавых. Не пра дараваньне і прымірэньне ён увесь час нагадвае, а пра жорсткае пакараньне тых, хто адважыўся пайсьці супраць яго.

Пра што б ён ні пачынаў гаварыць, ці то перад сваімі падначаленымі, ці перад мікрафонамі заежджых прапагандыстаў, — размова ўсё роўна раней ці пазьней зьбіваецца на 2020 год. А потым — на тэму помсты, расплаты. Калі ён пачынае апісваць, як будзе помсьціць — у яго загараюцца вочы, ажывае інтанацыя, у мове зьяўляецца афарыстычнасьць і вобразнасьць, мільгаюць падрабязныя дэталі. Апісаньне таго, як ён адпомсьціць, — жывое і запамінальнае.

Улада апанаваная прагай помсты. Што даволі дзіўна. Ужо паўтара года, як скончыліся тыя траўматычныя для яе падзеі. Апанэнты зьнішчаныя: кінутыя ў турмы, выціснутыя за мяжу, пазбаўленыя працы, збэшчаныя ў падкантрольных СМІ. Тыя, хто пакуль застаецца ў Беларусі, узятыя пад жорсткі міліцэйскі кантроль. Нікому ў краіне не дазволена нават усумніцца ў поўнай і безумоўнай перамозе Лукашэнкі на выбарах 2020 году. І тым ня менш — рана ўсё ніяк не загоіцца, крывавіць і дакучае.

На калені і паўзком!

Тэма помсты ў выступах і інтэрвію Лукашэнкі — адна з ключавых. Не пра дараваньне і прымірэньне ён увесь час нагадвае, не пра згоду і загойваньне старых шрамаў — а найперш пра расплату, пра жорсткае пакараньне тых, хто адважыўся пайсьці супраць яго. Так, як гэта было падчас «лірычнага адступленьня» ў ягоным нядаўнім пасланьні:

«Мы ім пакуль накіравалі сыгнал. І яны зашавяліліся: як быць, што рабіць? Мая вам парада: дамоў! Кайцеся і станавіцеся на калені... Заплаціце штрафныя санкцыі, хоць бы часткова, таму што за тое, што вы натварылі, ня хопіць ні вашай уласнасьці, ні ўсяго таго, што вы заробіце наперад за сваё жыцьцё. Перш чым вы, каму трэба, хто гэта заслужыў паводле закону, адседзіце ў мясьцінах ня надта аддаленых, мы створым грамадзкую камісію. Ну, напрыклад, сустаршынямі могуць быць генэральны пракурор і наш „глашатай“ Рыгор Азаронак... Далей будзе горш, таму дамоў на калені, паўзком!»

Праз тыдзень ён амаль даслоўна паўторыць усё гэта ў вялікім інтэрвію расейскаму прапагандысту Салаўёву — і таксама ў дэталях амаль пра кожнага са сваіх палітычных праціўнікаў з 2020-га — Бабарыку, Ціханоўскую, Калесьнікаву.

Зьвярніце ўвагу на той невялікі фрагмэнт у інтэрвію, дзе Салаўёў спрабуе схіліць яго да размовы пра дараваньне, спагаду, павагу да апанэнтаў.

— Хтосьці зь іх як чалавек выклікае ў вас павагу? Вось ёсьць нехта, хто — нягледзячы на тое, што вораг, але «я яго паважаю»?

— Не, я іх шкадую. Мне іх шкада.

— Можа, усё ж такі дараваць? Можа, памілаваць?

— Каго?

— Як самі вырашыце. Ну вось вы прапанавалі гэтую камісію. Ну, можа, паказаць: гэтыя памыляліся, гэтыя — шпіёны. А вось гэтым дараваць?..

Пытаньне і прапанова Салаўёва павісьлі ў паветры. Лукашэнка сумеўся і зноў пачаў казаць нешта няўцямнае — пра тое, што гэта нельга дараваць, што гэта забойцы і бандыты, што Швед і Азаронак разьбяруцца... Пра дараваньне, эмпатыю, спагаду — гэта не зь ягонага лексыкону. І нават тое, што ён сказаў, нібы іх шкадуе, — гэта хутчэй выцягнутае Салаўёвым дзяжурнае слова. Добрае «шкадаваньне»: 15-гадовыя турэмныя тэрміны, зьдзекі ў турмах, прыніжэньні і зьнявагі...

...І лупцаваць розгамі на плошчах

Прапагандысты, хутка ўлавіўшы гэта хваравітае імкненьне першай асобы, тут жа пачалі падыгрываць на чульлівай струне. І як фантазія расхадзілася! Вось, напрыклад, на старонках прэзыдэнцкай газэты дзьве знакавыя пэрсоны дзяржпрапаганды — Людміла Гладкая і Андрэй Мукавозчык — абмяркоўваюць, як можна помсьціць «кібэрпартызанам», якія рассакрэцілі іхныя пэрсанальныя зьвесткі. Гладкая кажа: пакараньне за «зьлівы» павінна быць такім жа, як за забойства. Мукавозчык творча разьвівае ідэю:

«...Пакуль заканадаўцы будуць думаць пра тэрміны (а то і пра сьмяротнае пакараньне — а чаму не?), хачу вось што прапанаваць яшчэ раз: розгі... Перад адбыцьцём прысуджанага пакараньня — публічная лупцоўка... А выконваць цялесныя пакараньні па жаданьні можа той (ці ўсе тыя), чыёй сям’і і блізкіх адрасы, тэлефоны ды іншае былі незаконна зьлітыя. Гарантую: пасьля першай жа лупцоўкі (хоць на плошчы, хоць пад тэлекамэрамі) такіх ахвотных „проста падзяліцца“ службовай інфармацыяй зьменшыцца ў разы... Такіх трэба зьнішчаць, не падпускаючы блізка да людзей».

Дзіўна, што ў школьнай праграме ў Беларусі ўсё яшчэ застаюцца Дастаеўскі, Чэхаў, Талстой....Што іх яшчэ не замянілі артыкуламі з Völkischer Beobachter ці вось такой публіцыстыкай з газэты «Правда» 1937 году:

«Мы, рабочыя трэцяй зьмены заводу імя Варашылава, аднадушна ўхваляем прысуд Спэцыяльнай судовай прысутнасьці Вярхоўнага суду СССР аб расстрэле ўсёй подлай банды фашысцкіх шпіёнаў, дывэрсантаў і шкоднікаў. Мы зьвяртаемся да нашага Вярхоўнага суду і далей прымяняць такія меры да здраднікаў, двурушнікаў і катаў з фашысцкіх выведак».

Салодкае слова «помста»

Велікадушнасьць і шырыня душы ўласьцівыя палітыкам маштабным, значным, сапраўды гістарычным асобам. Імпэратар Пётра Першы на наступны дзень пасьля жорсткай крывавай бітвы пад Палтавай усадзіў сваіх учорашніх ворагаў за сьвяточны стол. Пушкінскае «И за учителей своих заздравный кубок подымает...» — гэта пра швэдаў, заклятых ворагаў Пятра, зь якімі ён усё жыцьцё апантана змагаўся.

Барыс Ельцын арыштаваных у жніўні 1991 году змоўшчыкаў — удзельнікаў ГКЧП выпусьціў праз год пасьля арышту, а неўзабаве ўсе яны ўвогуле былі цалкам амніставаныя. (А гэта была рэальная спроба дзяржперавароту — не прыдуманы Лукашэнкам «мяцеж».) Ельцын, як і многія іншыя значныя асобы, ня быў ні помсьлівы, ні дробязны, ні сквапны. Прынамсі, у былых сваіх палітычных канкурэнтаў пэнсій не адбіраў, кватэраў і дачаў не пазбаўляў.

А што, калі і сапраўды спраўдзіцца тое, чаго ён чакае — і яны папаўзуць на каленях празь мяжу? Калі будуць біцца галовамі аб памежныя слупы, рыдаць і енчыць, прасіць аб літасьці? Калі Швед і Азаронак адмераюць кожнаму сваёй шчодрай рукой гадоў па 12 турмы, адбяруць кватэры і пазбавяць беларускіх пашпартоў — тады прага помсты будзе натоленая? Самалюбства супакоіцца і прыступаў шаленства і нянавісьці болей ня будзе?

Як сьцьвярджаюць многія псыхолягі — не. Ёсьць такія псыхатыпы, для якіх гэтае салодкае слова «помста» — як наркотык. Яна ня толькі прыносіць ім задавальненьне. Такія асобы і далей імкнуцца да яе менавіта дзеля прыемных адчуваньняў. Рэалізаваная прага помсты прыносіць толькі часовую палёгку, але з часам ператвараецца ў замкнёнае кола, у якім той, хто апанаваны пачуцьцём помсты, адчувае сябе бяз новых порцый прыніжэньня крыўдзіцеляў усё горш. Гэта таксама тлумачыць, чаму тыя, хто ўпарта прагне помсты, звычайна ня здольныя прадбачыць яе разбуральныя наступствы. А яны, гэтыя наступствы, надыдуць — рана ці позна. Бо калі апантана помсьціш сам — помсьціць будуць і табе.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG