Як абмяркоўвалі канстытуцыі Сталіна, Брэжнева і Лукашэнкі

У вас састарэлая вэрсія браўзэра. Для больш камфортнага і карэктнага прагляду абнавіце свой браўзэр са спасылкі.

Як абмяркоўвалі канстытуцыі Сталіна, Брэжнева і Лукашэнкі
Параўналі фоты 1936, 1977 і 2022 гадоў.
Публічныя абмеркаваньні праекту Канстытуцыі, з пастановачнымі фатаздымкамі, канцэртамі, ударнікамі-стаханаўцамі і вэтэранамі — гэта савецкая звычка. Так было з Канстытуцыяй і ў 1936 годзе пры Сталіну, і ў 1977-м пры Брэжневу. Мы зьдзівіліся, калі пабачылі, як паўтараюцца сюжэты прапаганды — у савецкіх газэтах і сучасных беларускіх дзяржаўных выданьнях.
Націсьніце і цягніце, націсьніце двойчы або скарыстайце слайдэр, каб пабачыць іншы фотаздымак

Калгасьнікі са Сьвярдлоўскай вобласьці вывучаюць «асобныя пункты Сталінскай канстытуцыі» (газэта «Известия», 1936)

1936
2022

Вяскоўцы з Воранаўскага раёну разам са старшынём раённага Савету дэпутатаў абмяркоўваюць «новаўвядзеньні выбарчай кампаніі» («Воранаўская газета», 19.01.2022)

Згадзіліся, што народ павінен вырашаць пытаньні разьвіцьця краіны. Таму падтрымліваюць тое, што Ўсебеларускі народны сход будзе мець такія паўнамоцтвы. А вось з тым, што прэзыдэнтам адзін і той жа чалавек можа быць ня больш за два тэрміны, катэгарычна ня згодныя жыхары Сакалоў.

— А калі ён будзе добрым чалавекам, будзе клапаціцца пра дабрабыт свайго народу і краіны, чаго шукаць кагосьці лепшага?! — упэўнены яны.

Падчас абеднага перапынку рабочыя з 56-, 48-, 30- і 28-гадовымі працоўнымі стажамі абмяркоўваюць праект сталінскай Канстытуцыі. Гэта Кіеўскі завод «Ленінская кузьніца» (газэта «Известия», 1936)

1936
2022

На Магілёўскім вагонабудаўнічым заводзе абмяркоўваюць праект новай Канстытуцыі (СБ, 13.01.2022)

«Калектыў выказаў пажаданьне, каб у асноўны праект Канстытуцыі ўвайшла папраўка пра захаваньне гістарычнай памяці пра гераічны подзьвіг беларускага народу ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Работнікі падкрэсьлівалі, што апраўданьне фашызму непрымальна, гэта „ні ў якія вароты“. Таксама яны выступалі за навацыю, якая замацоўвае паняцьце шлюбу менавіта як саюзу мужчыны і жанчыны».

Фактаў пра тое, хто, дзе і калі апраўдваў фашызм у Беларусі, мы не знайшлі.Тое, што ўлады ўвесь час спрабуюць «падвесьці» пад апраўданьне фашызму выкарыстаньне бел-чырвона-белага сьцяга, не вытрымлівае гістарычнай крытыкі.

Наведнікі аднадзённага дому адпачынку ў парку культуры і адпачынку абмяркоўваюць сталінскую Канстытуцыю (газэта «Рабочий», 16.06.1936)

1936
2022

Дыялёгавая пляцоўка «Рэфэрэндум. Абмяркоўваем разам» на базе Даросінскага сельскага Дому культуры («Голас Любаншчыны», 1.02.2022)

«Размова атрымалася жывой і неабыякавай. Інтарэс у вяскоўцаў выклікала ўвядзеньне новага разьдзелу пра Ўсебеларускі народны сход як орган народаўладзьдзя. Таксама абмеркавалі зьмены ў выбарчай сыстэме».

У Беларусі народаўладзьдзе, як і самакіраваньне, існуе толькі ў дэкляратыўнай форме. Любыя органы ўлады, пачынаючы ад Палаты прадстаўнікоў, канчаючы мясцовымі саветамі дэпутатаў, абіраюцца выключна зь ліку ляяльных да ўлады і безумоўна выконваюць пажаданьні Лукашэнкі.

Маршал Савецкага Саюзу Сямён Будзённы наведаў конезавод на Данбасе, каб паразмаўляць з калгасьнікамі пра новую Канстытуцыю (газэта «Известия», 1936)

1936
2022

Першы сакратар Гомельскага абласнога камітэту Камуністычнай партыі Беларусі Дзьмітры Мурашка абмяркоўвае канстытуцыйную рэформу з будаўнікамі (Прэс-служба КПБ, 11.01.2022)

Настаўніца чытае калгасьнікам арцелі «Камсамолец Гомельшчыны» праект Канстытуцыі СССР («Звязда», 05.07.1936)

1936
2022

У Камянецкім раёне праект новай Канстытуцыі абмяркоўваюць каля аўталаўкі. Менавіта тут зь вяскоўцамі сустрэлася старшыня Пялішчанскага сельскага выканкаму. Яна расказала, што праект Канстытуцыі «закранае сацыяльны блёк і ўдасканальвае яго, умацоўвае інстытут сям’і, садзейнічае духоўнаму, маральнаму, інтэлектуальнаму і фізычнаму разьвіцьцю моладзі, ставіць у прыярытэт клопат грамадзян аб сваім здароўі» (Kamenec.by, 28.01.2022)

Нягледзячы на тое, што ў Беларусі пастаянна рэалізоўваецца праграма адраджэньня і разьвіцьця сяла (мэта якой — зрабіць жыцьцё ў вёсцы прывабным, а працу — добра аплатнай), адток моладзі зь вёсак не спыняецца. Гэта тлумачыцца найперш адсутнасьцю працы ў сельскай мясцовасьці і мізэрнымі заробкамі.

Рабочыя такарнага цэху Менскага заводу імя Кірава абмяркоўваюць сталінскую Канстытуцыю (газэта «Рабочий», 14.06.1936)

1936
2022

А так абмяркоўвалі Асноўны Закон краіны ў аграгарадку Александрыя. Выступаў дырэктар Інстытуту сацыялёгіі НАН Беларусі Мікалай Мысьлівец. Ён адзначыў, што «ў нашай Канстытуцыі, адзінай у сьвеце, замацавана на заканадаўчым узроўні, што дзяржава праяўляе асаблівы клопат пра вэтэранаў, інвалідаў і старых». Паведамляецца, што выступы сьпікераў чаргаваліся з харэаграфічнымі і вакальнымі нумарамі, а ў фінале выступіў эстрадны сьпявак Уладзімер Ухцінскі. («Шклов Info», 04.02.2022)

Тым часам клопат дзяржавы пра вэтэранаў абмяжоўваецца мізэрным прадуктовым пайком да 9 траўня і запрашэньнем на парад. Што да клопату пра людзей са спэцыяльнымі патрэбамі — кіраўнік і юрыст «Офісу па правах людзей з інваліднасьцю» вымушаныя былі пакінуць Беларусь пасьля таго, як правялі некалькі месяцаў у СІЗА і пад хатнім арыштам. Сама арганізацыя ў стадыі ліквідацыі.

Грузчык-стаханавец чытае праект сталінскай Канстытуцыі (газэта «Известия», 1936)

1936
2022

На галоўным зборачным канвэеры МАЗа праходзіць дыялёгавая пляцоўка «Размова па справе». Старшыня прафсаюзу «Белпрафмаш» Валеры Курсевіч адзначыў, што «моцная сацыяльна арыентаваная дзяржава — гарант стабільнай работы нашых прадпрыемстваў» (Прэс-служба МАЗ, 12.01.2022)

Паводле афіцыйнай інфармацыі, 2021 год завод скончыў з чыстым прыбыткам у 143 тысячы рублёў (упершыню за 8 год перастаў быць стратным). Іншымі словамі, прыбытак прадпрыемства, на якім працуе больш за 15 000 чалавек, склаў каля 50 000 даляраў.

Работніцы-рамшчыцы менскага скурзаводу «Бальшавік» падчас абеднага перапынку абмяркоўваюць праект сталінскай Канстытуцыі («Звязда», 22.06.1936)

1936
2022

Жыхаркі вёскі Слабажанка Хойніцкага раёну на сустрэчы зь мясцовай дэпутаткай слухаюць пра рэфэрэндум і новую Канстытуцыю («Хойніцкія навіны», 25.01.2022)

Старшыня калгасу «Ленінскі прызыў» чытае калгасьнікам праект Канстытуцыі («Звязда», 26.06.1936)

1936
2022

У Калінкавіцкім раёне праходзіць акцыя «Наш жывёлавод», у межах якой прафсаюзны актыў наведвае малочнатаварныя фэрмы. «А зь нядаўняга часу ў праграме гэтых сустрэч зьявілася яшчэ адна важная тэма — абмеркаваньне праекту зьмяненьняў і дапаўненьняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, у якім работнікі аграпрамысловага комплексу актыўна ўдзельнічаюць» («Калінкавіцкія навіны», 13.01.2022)

Аграпрамысловы комплекс Беларусі трымаецца на датацыях. Так, напрыклад, аб’ём дзяржаўнай падтрымкі ў 2016–2020 гг. склаў 220 мільярдаў рублёў. Аднак з 9 мэтавых парамэтраў праграмы, якія можна параўнаць з фактычнымі дадзенымі Белстату, толькі адзін — індэкс вытворчасьці прадукцыі расьлінаводзтва — быў дасягнуты. Па астатніх паказчыках праграма правалілася.

Васьміклясьнікам расказваюць пра праект сталінскай Канстытуцыі. Так пачаўся новы навучальны год ва ўсіх школах СССР (газэта «Звязда», 02.09.1977)

1977
2022

Навучэнцы Дзярэчынскага дзіцячага садку — сярэдняй школы пазнаёміліся з праектам новай Канстытуцыі. Падчас сустрэчы старшыня мясцовай суполкі БРСМ адзначыў, што «дзяржава і надалей будзе браць на сябе задачу па разьвіцьці моладзі, ствараць умовы для яе ўдзелу ў грамадзкім жыцьці, рэалізацыі патэнцыялу і новых ідэй» (Зэльвенская раённая газэта «Праца», 21.01.2022)

Тым часам у Беларусі ліквідуюць ліцэі і гімназіі, у школах уводзяць пасады палітрукоў, а навучэнцы прымусова наведваюць ідэалягізаваныя мерапрыемствы.

Супрацоўнікі народнага камісарыяту ўнутранага гандлю абмяркоўваюць сталінскую Канстытуцыю («Звязда», 16.06.1936)

1936
2022

«Канстытуцыя — падмурак для далейшага разьвіцьця краіны» — такая тэма была вызначана для абмеркаваньня падчас дыялёгавай пляцоўкі, праведзенай раённым камітэтам прафсаюзу работнікаў аграпрамысловага комплексу сумесна з рэдакцыяй газэты «Голас Любаншчыны» ў КСУП «Таліца-агра» («Голас Любаншчыны», 12.01.2022)