Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У інфэкцыйным шпіталі — нават дзеці, якія нарадзіліся некалькі дзён таму». Што нарабіў омікрон у Беларусі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Міністэрства аховы здароўя штодзень падае рэкордныя лічбы захварэлых на COVID-19. За мінулыя суткі зафіксавана больш за 8,6 тысяч выпадкаў. Хварэюць клясамі, калектывамі і офісамі.

Свабода пацікавілася ў беларусаў — што робіцца на іх прадпрыемствах у сувязі з новай хваляй каранавірусу.

«У клясе нашага сына — 24 чалавекі. На заняткі прыйшлі толькі чацьвёра дзяцей», — піша чытачка Свабоды.

Зь менскага дзіцячага інфэкцыйнага шпіталя паведамляюць, што ён перапоўнены хворымі з каранавірусам. «Ёсьць нават дзеці, якія нарадзіліся некалькі дзён таму», — удакладнілі чытачы.

Многія прыватныя фірмы стараюцца яшчэ з 2020 году адпраўляць людзей на дыстанцыйную працу. «Мы на дыстанцыйнай працы з сакавіка 2020 году, яшчэ з той пары, як „карону“ некаторыя ў нас не прызнавалі. Праз паўтара года нам зрабілі камбінаваны графік — „офіс-дом“. Але ў асноўным усе працуюць з дому. У офіс можам прыходзіць раз на тыдзень альбо яшчэ радзей. Цяпер многія ў нас хварэюць на омікрон. Удзячная свайму працадаўцу за магчымасьць працаваць з дому. Думаю, гэта вельмі важна», — напісала чытачка.

Кіраўніцтва БМЗ паведамляла, што на заводзе захварэлі 300 чалавек. Ня лепшая сытуацыя і ў малых фірмах. «У нас з дваццаці работнікаў хварэюць восем», — паведаміў чытач.

Іншыя беларусы напісалі, што хварэе 40–45% супрацоўнікаў, восем з чатырнаццаці, «50% офісу хварэе», «у нашай школе хварэюць настаўнікі і вучні», «усе мае блізкія хварэюць, я сама зь дзіцем у шпіталі з каранавірусам», «з 20 чалавек на зьмене толькі 12».

Былы загадчык аддзяленьня анэстэзіялёгіі і рэанімацыі Віцебскай бальніцы хуткай дапамогі Ўладзімер Мартаў у камэнтары сайту «Філін» заявіў, што пададзеныя Міністэрствам аховы здароўя лічбы ў больш як 8 тысяч захварэлых «ніякага дачыненьня да статыстыкі ня маюць». «Гэта наогул нельга назваць статыстыкай. Але тое, што яны адбілі выбухны рост — так, адбілі. Таму што людзі бачаць, што адбываецца зь імі і іх асяродзьдзем», — заўважыў Мартаў.

Ён патлумачыў, што лічбы міністэрства ніколі не супадалі зь лічбамі зь месцаў. «Напрыклад, калі я яшчэ працаваў загадчыкам, аднойчы ў мяне было сем памерлых у дзень. Быў такі пэрыяд. А міністэрства падавала, што сем чалавек памерла па краіне», — успамінае ён.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG