«Мацкевіч — адзін з тых людзей, безь якіх нацыя не адбудзецца. Ён буйны мысьляр, сапраўдны мысьляр, — сказаў Быкаў у сваёй перадачы на радыё „Эхо Москвы“. — Ён, вядома ж, ніякіх арганізацыйных формаў барацьбы з рэжымам не рабіў. Яго арыштавалі, што называецца, за словы. Тое, што ён знаходзіцца ў турме, гэта лішні паказьнік таго, што рэжым Лукашэнкі несумяшчальны з інтэлектуаламі».
«Мацкевіч да кампрамісу ня схільны. Ён ня з тых людзей, якіх можна зламаць ці запалохаць — падкрэсьліў Быкаў. — Мацкевіч гэта рэдкі прыклад нязломнага мысьляра».
Дзьмітрый Быкаў згадаў таксама зьняволенага Аляксандра Фядуту:
«Мой найбліжэйшы беларускі сябар і калега, вялікі беларускі філёляг Аляксандар Фядута, да гэтага часу знаходзіцца ў турме — за што, незразумела. Арыштаваны ён у Маскве. Гэта ганьба для нас усіх, — сказаў расейскі пісьменьнік. — Тое, што Мацкевіч і Фядута знаходзяцца ў зьняволеньні — гэта страшны дыягназ краіне».
Філёзаф і мэтадоляг Уладзімер Мацкевіч абвясьціў 4 лютага галадоўку пратэсту, дамагаючыся зьмены меры стрыманьня на падпіску аб нявыезьдзе, завяршэньня сьледчых дзеяньняў і прызначэньня даты суду. Мацкевіча, якому 65 гадоў, затрымалі ў жніўні 2021. Яго вінавацяць у арганізацыі групавых дзеяньняў, якія парушаюць грамадзкі парадак. Ён сядзіць у турме на вуліцы Валадарскага ў Менску.
Палітоляг і літаратуразнаўца Аляксандар Фядута, затрыманы ў красавіку 2021 у Маскве, абвінавачваецца ў «змове з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам». Ён таксама ў турме на вуліцы Валадарскага ў Менску.
Затрыманьне Зянковіча, Кастусёва, Фядуты і справа «змоўшчыкаў». Што трэба ведаць
- У Шклове ўвечары 12 красавіка затрымалі кіраўніка Партыі БНФ Рыгора Кастусёва. Тады было вядома толькі, што ён праходзіць у крымінальнай справе і знаходзіцца ў СІЗА КДБ.
- Увечары таго ж дня жонка беларускага паліттэхноляга Аляксандра Фядуты паведаміла пра яго зьнікненьне ў Маскве. 13 красавіка КДБ Беларусі паведаміў, што Фядуту затрымалі.
- У ноч на 14 красавіка стала вядома аб затрыманьні ў Маскве беларускага адваката з ЗША Юрася Зянковіча. Усе яны цяпер у менскім СІЗА КДБ.
- Увечары 17 красавіка дзяржаўныя СМІ Беларусі паказалі заяву Аляксандра Лукашэнкі, што заходнія спэцслужбы рыхтавалі збройны мяцеж, а таксама замах на яго і на ягоных дзяцей.
- Лукашэнка абвінаваціў у датычнасьці да падрыхтоўкі замаху затрыманых Зянковіча, Кастусёва і Фядуту.
- Амаль сынхронна ФСБ Расеі заявіла, што яны сумесна з КДБ Беларусі спынілі меркаваную змову з удзелам Зянковіча і Фядуты, якія нібыта плянавалі 9 траўня «ажыцьцяўленьне вайсковага перавароту ў Беларусі па адпрацаваным сцэнары „каляровых рэвалюцый“ з прыцягненьнем мясцовых і ўкраінскіх нацыяналістаў, а таксама фізычную ліквідацыю Аляксандра Лукашэнкі».
- У рэпартажы на беларускім дзяржаўным тэлеканале АНТ паказалі фрагмэнт відэаразмовы ў Zoom, у якой, акрамя Зянковіча, Кастусёва і Фядуты, удзельнічалі яшчэ чатыры чалавекі (усе жывуць у ЗША), нібыта ўдзельнікі змовы. У інтэрвію Свабодзе двое зь іх адкінулі абвінавачаньні (тут і тут).
- Афіцыйныя прадстаўнікі ЗША і Польшчы назвалі абвінавачаньні ўладаў Беларусі і Расеі на свой бок няпраўдай.
- 21 красавіка Ўладзімір Пуцін заявіў, што краіны Захаду ігнаруюць факты падрыхтоўкі «дзяржаўнага перавароту ў Беларусі» і «плянаваньня забойства» Аляксандра Лукашэнкі. Ён абвінаваціў удзельнікаў «змовы супраць Лукашэнкі» ў падрыхтоўцы масаванай кібэратакі на Беларусь.
- 22 красавіка стала вядома, што старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, палітоляг Аляксандар Фядута і юрыст Юры Зянковіч абвінавачаныя ў змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам (ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэксу).
- 30 красавіка КДБ назваў імёны дзевяці абвінавачаных. Гэта Аляксандар Фядута, Юры Зянковіч, Рыгор Кастусёў, Вольга Галубовіч, Дзьмітры Шчыгельскі, Аляксандар Перапечка, Павал Кулажанка, Віталь Макаранка, Ігар Макар. Акрамя Фядуты, Зянковіча і Кастусёва, у няволі трымаюць Вольгу Галубовіч.
- Прысуды ў справе: Юрасю Зянковічу — 11 гадоў калёніі, Аляксандру Фядуту — 10 гадоў, Рыгору Кастусёву — 10 гадоў, Дзянісу Краўчуку — 2,5 года.