Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Плян Бабарыкі на рэфэрэндум. Ацэнка экспэрта


Віктар Бабарыка
Віктар Бабарыка

Каманда Бабарыкі абнародавала сваю прапанову паводзінаў на канстытуцыйным рэфэрэндуме — ісьці на выбарчы ўчастак і прагаласаваць як заўгодна, толькі ня «Так». У чым перавагі і ў чым хібы гэтай прапановы? Тры розныя прапановы паводзінаў — байкот, «два крыжыкі» і прапанова каманды Бабарыкі — які супольны плён яны могуць даць?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказвае дырэктар інстытуту «Палітычная сфэра», доктар паліталёгіі Андрэй Казакевіч.

Казакевіч

  • Галоўная хіба прапановы каманды Бабарыкі — у тым, што парушаецца адзінства дзеяньняў пратэставай часткі грамадзтва. І другая хіба галасаваньня супраць — у тым, што гэта падтрымка той Канстытуцыі, якая ёсьць з 1996 году.
  • Аўтары гэтай прапановы імкнуліся максымальна прадухіліць ціск уладаў на выбарнікаў. Асноўны аргумэнт за гэтую прапанову, якая да пэўнай ступені грунтуецца на замерах грамадзкай думкі, — людзям больш зразумела, што такое галасаваньне супраць.
Андрэй Казакевіч
Андрэй Казакевіч
  • Дзяржаўныя органы ўжо доўгі час распаўсюджваюць інфармацыю, што агітацыя за стратэгію «два крыжыкі» незаконная. Адсюль некаторыя могуць зрабіць выснову, што той, хто псуе бюлетэнь, парушае закон і можа быць за гэта пакараны.
  • Гэта дэзынфармацыя, але некага гэта можа і напалохаць. Заклік галасаваць супраць — гэта заклік да больш бясьпечных паводзінаў.
  • Мы ня будзем мець сапраўдных вынікаў галасаваньня. Але калі б паводле афіцыйных лічбаў зьмены ў Канстытуцыю не набралі б большасьці, то гэта выглядала б як народная адмова падтрымаць прапанову, якую вылучыў Лукашэнка. Але мяркую, што і тады сур’ёзных палітычных наступстваў не было б.
  • Але ўсё ж адмова падтрымаць прапанову, якую вылучыў Лукашэнка, — гэта быў бы пэўны ўдар па ягонай легітымнасьці.
  • Палітычны зьмест галасаваньня супраць — двухсэнсоўны. Матывам можа быць і жаданьне адмовіць Лукашэнку ў прапанаванай ім навацыі, але можа быць і жаданьне захаваць усё як ёсьць, цяперашнюю палітычную сыстэму.
  • Сапраўдная колькасьць сапсаваных бюлетэняў дакладна паказвала б, які рэальны ўплыў апазыцыі ў грамадзтве, колькі людзей адгукнуліся на заклік лідэраў апазыцыі.
  • На папярэдніх канстытуцыйных рэфэрэндумах колькасьць сапсаваных бюлетэняў складала невялікі адсотак (5,11% у 1996-м, 1,06% у 2004-м). Калі сёлета гэтая лічба будзе значна вышэйшая, гэта будзе палітычны паказьнік. Галасы супраць такім палітычным паказьнікам ня будуць. Камандзе Бабарыкі будзе складана запісаць гэты паказьнік на свой рахунак.
  • І каманда Бабарыкі, і кааліцыя дэмакратычных сілаў (штаб Ціханоўскай, НАК Латушкі) разглядаюць байкот як дэмабілізуючую стратэгію. У байкоту, як і ў галасаваньня супраць, няма выразнага палітычнага пасланьня. Чалавек можа не пайсьці на галасаваньне таму, што ён супраць Лукашэнкі, але і таму, што яму ўсё роўна, абыякава.
  • Мне падаецца, што ў той сытуацыі, у якой цяпер знаходзяцца дэмакратычныя сілы, адзінства было б значна мацнейшай стратэгіяй, у тым ліку і для ўзмацненьня рэйтынгу Бабарыкі. Цяпер ня той час, калі можна разгарнуць самастойны палітычны праект.
  • Наяўнасьць некалькіх стратэгіяў паводзінаў на рэфэрэндуме не паспрыяе палітычнай мабілізацыі грамадзтва. У той жа час гэта наўрад ці прывядзе да пашырэньня шэрагаў прыхільнікаў Лукашэнкі. Аднак у выніку можа зьнізіцца давер да дэмакратычных сілаў.

Што было раней

  • «Каманда Віктара Бабарыкі лічыць: трэба выкарыстоўваць любую законную магчымасьць для выказваньня сваёй думкі на рэфэрэндуме па зьмяненьні Канстытуцыі», — гаворыцца ў афіцыйным тэлеграм-канале Віктара Бабарыкі.
  • Каманда Бабарыкі прапануе 3 крокі, як гэта зрабіць:
  • Прыйсьці на ўчасткі менавіта 27 лютага — у дзень асноўнага галасаваньня.
  • Выказаць нязгоду з прапанаванымі зьменамі любым прадстаўленым законам спосабам. Паколькі, — адзначае каманда Бабарыкі, — менавіта колькасьць «за» мае значэньне для прыняцьця зьменаў у Канстытуцыю, для дэманстрацыі нязгоды «абсалютна ўсё роўна, стаіць у бюлетэні пазнака „супраць“ ці ён прызнаны несапраўдным».
  • Усьміхацца адзін аднаму, размаўляць зь іншымі, каб на свае вочы пабачыць, «як нас шмат».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG