Рашэньне прынята ў сувязі з ростам колькасьці хворых на COVID-19 і сэзонным уздымам захворваньняў на вострыя рэсьпіраторныя вірусныя інфэкцыі.
У Берасьці новаўвядзеньне пачне дзейнічаць ужо ў бліжэйшыя выходныя — 5 і 6 лютага. Па суботах і нядзелях паліклінікі будуць прымаць пацыентаў да 18 гадзіны. Можна будзе і выклікаць лекара дадому. Згодна з загадам галоўнага ўрача Берасьцейскай цэнтральнай гарадзкой паліклінікі Сяргея Кляўса, такі графік будзе дзейнічаць да таго часу, пакуль эпідэміялягічная сытуацыя ў горадзе не нармалізуецца.
Рэжым працы паліклінік Гомля зьменіцца з 6 лютага: нядзеля стане працоўным днём у «чырвоных» зонах, піша часопіс «Белка». Цяпер па суботах паліклінікі Гомля будуць прымаць пацыентаў у «чырвонай» зоне з 8.00 да 18.00, здаць аналізы можна будзе з 8.00 да 18.00, а выклікаць урача дамоў — з 8.00 да 14.00. У нядзелю пацыентаў з сымптомамі вострых рэсьпіраторных інфэкцый будуць прымаць з 8.00 да 15.00, і ў гэты ж час можна будзе здаць аналізы. Выклікі ўрача дадому будуць прымаць з 8.00 да 10.00.
З канца студзеня Міністэрства аховы здароўя фіксуе рэкордныя лічбы хворых на каранавірус. 2 лютага Мінздароўя зафіксавала абсалютны рэкорд па колькасьці новых выпадкаў COVID-19 ад пачатку пандэміі ў Беларусі. Паводле даных Міністэрства аховы здароўя, за апошнія суткі ў Беларусі зарэгістраваныя 3634 новыя выпадкі COVID-19. У Менску і ў рэгіёнах у паліклінікі выстраіліся вялізныя чэргі.