У Правілах правядзеньня выбараў птушкі 2023 году значылася, што на выбарах будзе тры кандыдаты: двух намінуюць арнітолягі, трэцяга выберуць інтэрнэт-галасаваньнем на сайце АПБ з 20 па 30 студзеня 2022 году.
Збор варыянтаў праходзіў пры дапамозе адкрытай гугл-формы да 24:00 18 студзеня 2022 году.
Падчас збору прапаноў агучваліся наступныя пажаданьні:
- каб птушка была звычайная, а ня рэдкая (для чаргаваньня рэдкіх і звычайных відаў: паколькі белая сініца, птушка 2022 году, — «чырванакніжная», то пажадана, каб у наступным годзе птушка году была звычайнай);
- каб Нацбанк і «Белпошта» раней не выпускалі манэт і марак з гэтым відам.
5 лютага на Зьезьдзе АПБ варыянт, выбраны аматарамі птушак, пазмагаецца за званьне «Птушкі 2023 году» з двума іншымі відамі, намінаванымі арнітолягамі.
На інтэрнэт-выбарах было пяць кандыдатаў:
- вялікі баклан;
- звычайная чаротаўка;
- таўстадзюб;
- шэрая варона;
- вялікі савук.
У інтэрнэт-галасаваньні перамагла шэрая варона. Яе вылучалі на Птушку году-2022, але тады яна прайграла канкурэнцыю белай сініцы, якая ў выніку і стала птушкай году. Цяпер жа канкурэнтам шэрай вароне стаў таўстадзюб, але гэтым разам яна перамагла.
За пераможцу народнага галасаваньня аддалі 1009 галасоў. Усяго ў галасаваньні паўдзельнічаў 2591 чалавек.