Тэмпэратурныя рэкорды дня за ўвесь пэрыяд мэтэаназіраньняў абнавіліся ў Беларусі 31 сьнежня і 1 студзеня. У апошні дзень мінулага году ў Высокім, што на Берасьцейшчыне, паветра прагрэлася да 9,5 градуса цяпла. Ранейшы максымум быў значна ніжэйшым, прычым адзначаны ён быў у гэтым жа населеным пункце ў 2006 годзе — 7,6 градуса.
У першы дзень 2022 году ў Берасьці было 7,6 градуса вышэй за нуль. Перакрыты рэкорд, зафіксаваны ў Ваўкавыску ў 2007 годзе (7,1). У самім Берасьці ранейшы мясцовы экстрэмум складаў 7 градусаў (у 2018 годзе).
31 сьнежня лякальныя рэкорды пабітыя ў Берасьці — 9,4 градуса (7,3 у 1987 годзе), Пружанах — 8 (6,3 у 1988-м), Горадні — 7,7 (7,4 у 2006-м). У Пінску паўтораны экстрэмум 34-гадовай даўніны (6,4).
1 студзеня абнавіліся максымумы ў Высокім — 7,5 (6,6 у 2007 годзе), Пінску — 7,2 (6,2 у 1984-м), Пружанах — 7 (6 у 2007-м), Жыткавічах — 6,8 (6,6 летась) і на мэтэастанцыі «Палеская» ў Лунінецкім раёне — 6,7 (6,4 у 1984-м).