Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спэцпасланьнік Францыі па Беларусі: «Час гаварыць з рэжымам не прыйшоў, мы павінны заставацца на баку беларускага народу»


Нікаля дэ Лакост.
Нікаля дэ Лакост.

Былы амбасадар Францыі ў Беларусі Нікаля дэ Лякост, які займае пасаду спэцыяльнага пасланьніка і працуе ў дыпмісіі сваёй краіны ў Літве, перакананы: улічваючы сытуацыю з правамі чалавека, Захад мусіць працягваць ціск на рэжым Лукашэнкі, уводзячы новыя санкцыі або ўзмацняючы ўжо ўведзеныя.

Нікаля дэ Лякост выступіў на пасяджэньні камісіі замежных справаў, абароны і Ўзброеных сілаў Сэнату Францыі.

Па яго словах, пытаньне аб эфэктыўнасьці санкцый уздымаецца пастаянна, аднак яны не распаўсюджваюцца на дзейныя кантракты і стануць адчувацца толькі ў 2022 годзе. Вырашальнае значэньне маюць расейскія субсыдыі энэргетычнаму сэктару ў выглядзе зьніжаных цэнаў на газ і нафту.

Пры гэтым дзякуючы масавым рэпрэсіям і структурам, выбудаваным за 27 гадоў знаходжаньня ва ўладзе, рэжым Аляксандра Лукашэнкі стабілізаваўся, што першапачаткова «не было прадвызначана».

«Праз год пасьля сфальсыфікаванага галасаваньня дэманстрацыі спыніліся, дзяржапарат ня даў расколіны, сілавыя структуры паступова перахапілі ініцыятыву. Рэпрэсіі татальныя, напружаньне пастаяннае. Кожную раніцу беларусаў ахоплівае трывога, якая не адпускае ўвесь дзень. Тое ж тычыцца і заходніх дыпляматаў, але нас у горшым выпадку высылаюць. Для насельніцтва ж сытуацыя вельмі цяжкая. І ўсё гэта адбываецца побач з Эўразьвязам», — канстатаваў Нікаля дэ Лякост.

Спэцпасланьнік прывёў лічбы, якія характарызуюць маштаб рэпрэсій, пачынаючы з 9 жніўня 2020 году: 35 880 арыштаў, 5 000 крымінальных спраў, амаль 1 000 палітвязьняў, 327 «экстрэмісцкіх» тэлеграм-каналаў, 275 ліквідаваных НДА, 100 забароненых СМІ, звыш 30 журналістаў за кратамі. Ён нагадаў пра вялікія тэрміны зьняволеньня для лідэраў пратэсту, у тым ліку Віктара Бабарыкі, Марыі Калесьнікавай ды іншых.

Францускі дыплямат прапанаваў узмацніць падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасьці, палітвязьняў, журналістаў, студэнтаў, адвакатаў, прадстаўнікоў малога і сярэдняга бізнэсу.

«Мы павінны рыхтавацца да будучыні і заставацца на баку беларускага народу, — падкрэсьліў ён. — Беларусы, якія выяжджаюць нашмат больш, чым раней, асабліва ў Польшчу, Літву, Украіну, канстатуюць, што сытуацыя ў іх краіне зусім адрозная. Мы павінны разумець, што структурныя рэформы ў Беларусі рана ці позна адбудуцца. Наша задача — слаць насельніцтву адпаведныя сыгналы. Гэтая падтрымка важная яшчэ і таму, што беларусы асьцерагаюцца пераключэньня ўвагі зь іх на іншыя краіны».

«Са свайго боку я не лічу, што час гаварыць з рэжымам прыйшоў», — заявіў спэцпасланьнік.

Нікаля дэ Лякост пакінуў Беларусь 17 кастрычніка пасьля таго, як Менск адклікаў агрэман, выдадзены яму летась 31 жніўня, празь нежаданьне ўручаць даверчыя граматы Аляксандру Лукашэнку.

Дыпляматычны канфлікт з Францыяй

Амбасадар Францыі Нiкаля дэ Лякост 17 кастрычніка быў вымушаны пакінуць Менск. 18 кастрычніка стала вядома аб адкліканьні беларускага амбасадара Ігара Фісенкі ў Менск на кансультацыі. У францускай амбасадзе Свабодзе тады паведамілі, што пасол выехаў на патрабаваньне МЗС Беларусі.

МЗС Беларусі патлумачыў ад’езд францускага амбасадара тым, што той нібыта ня выказаў гатоўнасьці завяршыць прадугледжаную міжнародным правам і агульнапрынятай практыкай працэдуру ўступленьня на пасаду, і таму Беларусь апавясьціла Парыж аб заканчэньні дзеяньня сваёй згоды на яго прызначэньне.

Уступленьне амбасадара на пасаду завяршаецца ўручэньнем даверчых лістоў кіраўніку дзяржавы. Нiкаля дэ Лякост толькі ўручыў летась копіі лістоў міністру замежных спраў Беларусі Ўладзімеру Макею, а ад сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам адмовіўся.

Амбасадар Нiкаля дэ Лякост правёў у Беларусі 1 год і 2 месяцы. На гэты момант ніхто з амбасадараў эўрапейскіх краін не ўручаў даверчых лістоў Лукашэнку пасьля выбараў 2020 году.

Апрача Нiкаля дэ Лякоста, на патрабаваньне беларускіх уладаў Беларусь пакінулі амбасадары Польшчы Артур Міхальскі і Эўразьвязу Дырк Шубэль. Што да новай амбасадаркі ЗША ў Менску Джулі Фішэр, то МЗС адклікаў агрэман на яе прызначэньне, яна так і не змагла прыбыць у Беларусь.

Нікаля дэ Лякост выконвае абавязкі «спэцыяльнага пасланьніка па Беларусі»

Паводле МЗС Францыі, высланы зь Менску пасол дэ Лякост выконвае абавязкі «спэцыяльнага пасланьніка па Беларусі».

МЗС Францыі назвала скасаваньне беларускім бокам дазволу на знаходжаньне амбасадара Нікаля дэ Лякоста ў Беларусі «неабгрунтаваным рашэньнем» і заявіла аб прыняцьці «прапарцыйных мераў у адказ».

«Гэтае неабгрунтаванае рашэньне, прынятае беларускімі ўладамі, працягвае шэраг нэгатыўных рашэньняў, якія скарацілі сродкі дзеяньняў нашай місіі ў Менску, — гаворыцца ў заяве францускага МЗС. — Адпаведна, улады Францыі прынялі прапарцыйныя меры ў дачыненьні да беларускага дыпляматычнага прадстаўніцтва ў Францыі, аб чым беларускія ўлады былі праінфармаваныя».

Заява таксама паведамляе, што з 18 кастрычніка спадар Нікаля дэ Лякост возьме на сябе місію «спэцыяльнага пасланьніка па Беларусі» ў каардынацыі з францускай амбасадай у Менску, якая працягне працу.

«Францыя, як гэта робіцца са жніўня 2020 году, у цеснай сувязі і ў адпаведнасьці з пазыцыямі, вызначанымі зь яе партнэрамі ў Эўразьвязе, будзе працягваць стаяць побач зь беларускім народам у падтрымку ўстойлівага палітычнага вырашэньня крызісу ў Беларусі», — заключае заява МЗС Францыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG