Ён мог адбыцца ў любую хвіліну. Можна толькі ўяўляць, якімі маглі б быць наступствы, калі б натоўп «турыстаў» склаў не 1-2 тысячы, а 10 ці нават 15 тысяч чалавек, як пра тое ўсе гаварылі. Калі б ім супрацьстаялі несувымерныя па колькасьці заслоны польскіх сілавікоў. Калі б у руках некаторых зь мігрантаў апынулася зброя, як пра тое адкрыта загадзя папярэджваў Лукашэнка...
Магчымы сцэнар: перастрэлка. Шматлікія ахвяры. Тысячы мігрантаў, якіх ня здолела стрымаць памежная варта, расьсейваюцца па тэрыторыі Польшчы і пасоўваюцца ў бок Нямеччыны. Пагроза вайны як ніколі рэальная. Эўропа вымушаная садзіцца з Лукашэнкам за стол перамоваў. Такі сцэнар выглядаў зусім праўдападобным і рэальным.
«Турыстаў» яўна не хапіла для маштабнага штурму
Але, выглядае, нешта пайшло ня так. Натоўп, сабраны спачатку ў ваколіцах Брузгоў, а потым перасунуты ў самі Брузгі, проста на памежны пераход, яўна недастатковы для таго, каб прарваць загараджальныя кардоны, адціснуць польскіх памежнікаў, паліцыянтаў і вайскоўцаў і хлынуць на польскую тэрыторыю. Паводле польскіх афіцыйных крыніц, у раёне ўсходняй мяжы ў гэтыя дні сканцэнтравана ўжо каля 15 000 сілавікоў. Зьявіліся вадамёты і іншая паліцэйская тэхніка. Усё гэта падрыхтавана і можа быць разгорнута і задзейнічана цягам кароткага часу.
Зь беларускага боку яўна не хапала масы «турыстаў» для штурму. Колькасьць іх павялічвалася, але зусім ня тымі тэмпамі, якія маглі б стаць вырашальнымі. Чаму так адбылося?
Зусім магчыма, што магчымасьці беларускага рэжыму змабілізаваць"турыстаў" і кіраваць гэтымі масамі моцна перабольшаныя. Мігранты не салдаты, якія слухаюцца любога загаду. Пра сапраўднае становішча на мяжы, пра голад, холад і адсутнасьць рэальнай перспектывы прарвацца праз калючы дрот многія добра паінфармаваныя яшчэ ў Менску. Чуткі пра «нямецкія аўтобусы, якія вось-вось прыедуць у Брузгі і павязуць усіх у Нямеччыну» здольныя ўвесьці ў зман нямногіх.
Да таго ж беларускія ўлады спрабуюць захаваць бачнасьць сваёй нібыта недатычнасьці да падрыхтоўкі штурму. Зь Менску «турыстаў» звозяць на мяжу не армейскія грузавікі і не вялікія аўтобусы, а пераважна прыватныя «маршруткі», і за трансфэр плацяць самі мігранты. Незразумела, праўда, каго здольная ўвесьці ў зман гэтая «кансьпірацыя», калі апранутыя ва ўніформу ўзброеныя «сілавікі» паўсюль, дзе канцэнтруюцца мігранты. Інструктуюць, арганізуюць, камандуюць, забясьпечваюць спэцінструмэнтам...
Разьлік распрацоўнікаў апэрацыі зь мігрантамі, відавочна, быў таксама на тое, што Эўразьвяз не адважыцца на жорсткія меры ў адказ, што з таго боку мяжы будуць дзейнічаць выключна ў адпаведнасьці са сваімі высокімі гуманістычнымі ідэаламі і стандартамі. А значыць, вымушаныя будуць упусьціць гэтыя тысячы мігрантаў на сваю тэрыторыю — варта толькі націснуць.
Гэты разьлік практычна ня спраўдзіўся. Прынамсі, у Польшчы грамадзтва гуртуецца пераважна вакол лёзунгу «Murem za polskim mundurem» («Сьцяной за польскі мундзір»), падтрымліваючы сваіх абаронцаў мяжы (памежнікаў, паліцыю, вайскоўцаў). Галасы, якія б асуджалі дзеяньні ўраду ў гэтай сытуацыі і заклікалі ўпусьціць няшчасных мігрантаў, адзінкавыя і амаль ня чутныя.
Адметна, што расейскі прэзыдэнт Пуцін, размаўляючы 15 лістапада па тэлефоне з францускім прэзыдэнтам Макронам і расказваючы пра свае размовы з Лукашэнкам пра міграцыйны крызіс, наракаў на «надзвычай жорсткае абыходжаньне польскіх памежнікаў з уцекачамі». Яўнае сьведчаньне таго, што ні Масква, ні Менск не чакалі, што гібрыдная спэцапэрацыя зь мігрантамі наткнецца на такі супраціў.
Сталёвая сьцяна ад Горадні да Берасьця
Пра блізкаўсходніх «турыстаў» і ў Беларусі, і ў Польшчы будуць памятаць доўга, прынамсі не адно дзесяцігодзьдзе. Нават калі самі мігранты зьнікнуць адсюль бясьсьледна і ні знаку не застанецца ад іх качавых лягераў. Сьпілуюць высокія пні ад сьсечаных імі бяроз і сосен, пазьбіраюць горы сьмецьця, пазвозяць намёты... Але на доўгія гады застанецца высокая сталёвая сьцяна, узводзіць якую задумала Польшча.
Будаўніцтва сьцяны ўжо фактычна пачалося: усе неабходныя рашэньні прыняты, фінансаваньне распачалося. Будаўнічыя работы пачнуцца ўжо сёлета адразу на чатырох адрэзках мяжы і будуць весьціся безь перапынку, у тры зьмены, дзень і ноч.
Цалкам гэтая агароджа павінна паўстаць да сярэдзіны наступнага году. Гэта будзе сталёвая сьцяна вышынёй пяць з паловай мэтраў з калючым дротам наверсе. Сьцяна не суцэльная, а звараная з тоўстых мэталічных прутоў — так, што будзе відаць, што адбываецца на супрацьлеглым баку.
Меркаваная даўжыня сьцяны — 180 кілямэтраў, пераважна на тэрыторыі Падляскага ваяводзтва (на мяжы галоўным чынам з Горадзенскай вобласьцю). Там, дзе мяжой зьяўляецца рака Буг (у раёне Берасьця), сьцяну будаваць ня будуць.
Уздоўж усёй мяжы мяркуецца змантаваць датчыкі руху, а таксама паставіць дзённыя і начныя відэакамэры.
Уся канструкцыя выглядае пагрозьліва і трывала, але зусім не як непераадольная перашкода. Бо, калі ўзброіць мігрантаў «балгаркамі», рыдлёўкамі, нажоўкамі, драбінамі, кусачкамі ды іншым спэцінструмэнтам, ніякай непераадольнай перашкодай такая сьцяна ня будзе. Так што гэта хутчэй яшчэ адзін сымбаль часу, у які мы жывём. Як знак, як засьцярога, як помнік. Помнік палітычным амбіцыям, авантурам, хітрыкам, інтрыгам. А па вялікім рахунку — падзеям 2020-2021 гадоў, калі беларусы спрабавалі здабыць свабоду.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.