Гэтыя пытаньні на канале Свабода Premium абмяркоўваюць палітычныя аглядальнікі Радыё Свабода Юры Дракахруст і Валер Карбалевіч.
Карбалевіч
- Пуцін днямі заявіў, што Мэркель і Лукашэнка ўжо сасьпелі для гутаркі. Ён быў пасярэднікам.
- Ён увесь час казаў заходнім лідэрам: што вы да мяне зьвяртаецеся наконт Беларусі, вы да Лукашэнкі зьвяртайцеся.
- У нядзелю Макей размаўляў з кіраўніком эўрапейскай дыпляматыі Бурэлем.
- Магчыма, што размова Лукашэнкі і Мэркель ня будзе мець ніякіх практычных вынікаў.
Дракахруст
- Увесь час і беларускія прапагандысты, і Лукашэнка, і Пуцін казалі — вырашыць міграцыйны крызіс Эўразьвяз можа вырашыць толькі праз дыялёг з афіцыйным Менскам.
- І вось палітык, якая найбольш асацыюецца з Эўропай, выканала гэтае пажаданьне — гэта само па сабе мае вялікае значэньне.
Карбалевіч
- Я згодны, што самы факт званка мае вялікае маральнае і іміджавае значэньне. Дэ-факта Мэркель гэтым званком прызнала Лукашэнку кіраўніком Беларусі. Яна дэвальвавала шэраг рашэньняў, прынятых ЭЗ і асобнымі краінамі Зьвязу, цягам апошняга году. У іміджавым сэнсе гэта перамога Лукашэнкі.
- Арганізуючы мігранцкі крызіс, беларускія ўлады разьлічвалі на большае, на разьмен спыненьня патоку мігрантаў на скасаваньне санкцыяў. Я сумняваюся, што гэтая задача выкананая. Я ня ўпэўнены, што Эўропа адмовіцца ад санкцыяў.
Дракахруст
- Гэта вашая вэрсія, што Лукашэнка мігранцкім крызісам хацеў дамагчыся скасаваньня санкцыяў, што ён разьлічваў на такі вынік.
- Магчыма, што на першым месцы было дамагчыся такога, хай і нефармальнага, прызнаньня. Фармальнага прызнаньня не адбылося. Мэркель патэлефанавала Лукашэнку як асобе, якая рэальна кантралюе сытуацыю ў краіне. Ня выключана, што Лукашэнка і не разьлічваў на поўнае скасаваньне санкцыяў.
- У пастанове Рады ЭЗ, прынятай у панядзелак, не гаворыцца пра сэктаральныя санкцыі.
Карбалевіч
- Лукашэнка і Макей казалі: давайце весьці перамовы. Аб чым іх весьці, у чым інтарэс Лукашэнкі? Толькі ў скасаваньні санкцыяў.
Дракахруст
- Сёньня ж Макрон патэлефанаваў Пуціну пра дээскаляцыю мігранцкага крызісу.
- Размова Мэркель з Лукашэнкам — частка складанай гульні, у якой удзельнічае ЭЗ, Менск і Масква.
- Былы дыплямат Мацукевіч выказаў думку, што перамовы Мэркель і Лукашэнкі — гэта добра для Беларусі. На яго погляд, лепш, каб Эўропа і Менск вырашалі праблемы паміж імі самі, непасрэдна, а не праз Пуціна.
Карбалевіч
- Галоўная праблема сувэрэнітэту Беларусі і рэгіянальнай бясьпекі — гэта Лукашэнка. Пакуль гэтая фігура ва ўладзе, усе размовы пра захаваньне сувэрэнітэту, пра яго аслабленьне ці ўзмацненьне ня маюць значэньня.
- Праблема сувэрэнітэту Беларусі мае імя.
Дракахруст
- Вы лічыце, што і Мэркель так думае?
Карбалевіч
- Яе гэта ўжо не цікавіць. Яна вырашае свае праблемы, у іх ужо 10 тысяч мігрантаў. Гэта ўжо і нямецкая праблема. І яна спрабуе вырашыць гэтую праблему з чалавекам, ад якога залежыць яе вырашэньне.
- Пазыцыя Масквы стала больш гнуткай. Пуцін заявіў, што гатовы быць пасярэднікам у вырашэньні мігранцкага крызісу. Пяскоў патлумачыў, што ня варта вінаваціць у гэтым крызісе аднаго Лукашэнку.
- Пасьля гэтага варта было чакаць разрадкі напружанасьці на мяжы. Але гэтага не адбылося.
Дракахруст
- Мэркель сыходзіць. Яна пакіне пасаду неўзабаве. Вы ня лічыце, што гэты крок Мэркель ня быў ня з кім узгоднены і Польшча і Літва палічаць, што ім здрадзілі?
Карбалевіч
- Цалкам магчыма, што сярод краінаў ЭЗ ёсьць пэўныя рознагалосьсі ў пытаньні палітыкі адносна Беларусі. Ня думаю, што гэтае тэлефанаваньне выкліча энтузіязм у палякаў.
- Пасада Мэркель ня важная, важна, што гэта Мэркель — самы вядомы палітык Эўропы.
- Амбасадары краінаў ЭЗ адмаўляюцца ўручаць даверчыя лісты Лукашэнкі, а Мэркель яму тэлефануе — другое адмаўляе першае.
Дракахруст
- Лукашэнка міграцыйнай атакай трапіў у адзін з балючых пунктаў Эўропы. Міграцыйныя праблемы вельмі моцна падзяляюць Эўропу, вельмі вострыя канфлікты на гэты конт паміж краінамі Захаду і Ўсходу Эўропы.
- Ня выключана, што пасьля гэтага званка краіны, якія і раней былі за больш мяккія санкцыі, узмацняць свой голас.
Карбалевіч
- Палітыка Літвы і Польшчы ў мігранцкім крызісе мае падтрымку ўсяго Эўразьвязу, у тым ліку і Нямеччыны. Ня думаю, што Лукашэнка здолее паглыбіць раскол Эўропы.