Грамадзянка Ўкраіны, амэрыканская кінаапэратарка Галіна Хатчынс, загінула на здымках.У яе выпадкова стрэліў прадусар і выканаўца галоўнай ролі, папулярны галівудзкі актор Алек Болдуін. Раненьне атрымаў і рэжысэр фільму Джоэл Соўза.
Інцыдэнт адбыўся падчас здымак сцэны, у якой Болдуін павінен быў страляць халастымі патронамі. Зброя выкарыстоўвалася на пляцоўцы як прадмет рэквізыту, паведаміла выданьне The Hollywood Reporter.
«Як кажуць сьледчыя, падобна, што ў сцэне, якая ў гэты момант здымалася, павінен быў выкарыстоўвацца пісталет, — цытуе France Presse паведамленьне паліцыі. — Дэтэктывы спрабуюць усталяваць, якім менавіта элемэнтам патрону быў выраблены стрэл».
«Няма слоў, каб апісаць маё ўзрушэньне і мой смутак у сувязі з трагічным інцыдэнтам, які ўнёс жыцьцё Галіны Хатчынс — маці, жонкі і нашай глыбокапаважаныя калегі. Я цалкам супрацоўнічаю з паліцэйскім расьсьледаваньнем, каб усталяваць, як адбылася гэтая трагедыя. Я падтрымліваю кантакт зь яе мужам і прапаную сваю падтрымку яму і яго сям’і », — напісаў Болдуін у Твітэры.
Хатчынс, якой было 42 гады, адправілі ў шпіталь на гелікоптэры, аднак яна памерла. 48-гадовы Соўза быў дастаўлены ў шпіталь на машыне хуткай дапамогі. Амэрыканская акторка Фрэнсіс Фішэр, якая ўдзельнічае ў здымках фільму, напісала ў Твітэры, што яго ўжо выпісалі з лякарні, хоць раней паведамлялася, што Соўза быў у рэанімацыі.
«Болдуін даў паказаньні паліцыі, — сказаў афіцыйны прадстаўнік шэрыфа Санта-Фе агенцтву France Presse. — Ён зрабіў заявы і адказаў на іх пытаньні. Ён прыйшоў добраахвотна і пасьля дачы паказаньняў пакінуў будынак. Якія-небудзь абвінавачваньні па гэтай справе не прадʼяўленыя, ніхто не арыштаваны».
Паліцыя, аднак, пакуль не пацьвярджае і не абвяргае меркаваньне, што ў пісталеце разам з халастымі патронамі выпадкова апынуўся баявы.