24 верасьня ByPol апублікаваў дапоўненае расьсьледаваньне гібелі Рамана Бандарэнкі. У ім збольшага паўтараюцца імёны, агучаныя пасьля папярэдняй праверкі яшчэ ў студзені.
З новага — фігура кіраўніка менскага АМАПу Дзьмітрыя Б. Сюжэт відэа ByPol будуецца вакол запісу тэлефонных размоў, як сьцьвярджаецца, Дзьмітрыя Б. з Натальляй Э. (імаверна, прэсавай сакратаркай Лукашэнкі), а таксама камандзірам групы АМАПу, якая была на месцы, Русланам К.
Таксама, у параўнаньні з папярэдняй праверкай, у сьпіс імёнаў «групы Натальлі Э.» дадалі імя, як сьцьвярджаецца, «асабістай лекаркі Лукашэнкі» Алены К., аб прысутнасьці якой у раёне «плошчы Пераменаў» ByPol паведамляў у лютым, ужо пасьля публікацыі папярэдняй праверкі.
Такім чынам, кола падазраваных, паводле ByPol, выглядае наступным чынам:
Група «неабыякавых грамадзянаў» пад кіраўніцтвам Натальлі Э.
- Натальля Э.
- Дзьмітры Б.
- Алена К.
- Ганна Э.
- Дзьмітры Ш.
- Павал В.
- Жанэт В.
Дзьве групы сілавой падтрымкі
- Байцы СОБР С., Ц., А., Б., С.
- Група АМАПу пад кіраўніцтвам Руслана К. (у адрозьненьне ад папярэдняй праверкі, імёны байцоў АМАП не называюцца).
2 лістапада 2020 году, за 9 дзён да інцыдэнту з Раманам Бандарэнкам, паводле апублікаванага ByPol запісу тэлефоннай размовы, Натальля Э. абмяркоўвае зь Дзьмітрыем Б. сілавую падтрымку «паляваньня». Згадваецца ў тым ліку «плошча Перамен» — двор дому на вуліцы Чарвякова, дзе жыў Раман. Паводле ByPol, 2 лістапада «група Э.» паехала ў Новую Баравую, дзе нечакана сустрэла адпор мясцовых жыхароў. Пасьля гэтага Э. з Б. дамовіліся пра больш шчыльную падтрымку.
6 і 7 лістапада ў тэлефонных размовах, апублікаваных ByPol, вядзецца пра важнае заданьне ў каардынацыі з кіраўніком менскага АМАПу Дзьмітрыем Б., намесьнікам міністра ўнутраных спраў Аляксандрам Б., старшынёй Савету Рэспублікі Натальляй К. і Натальляй Э. ByPol робіць выснову, што гэтыя людзі — блізкая да Лукашэнкі група па асаблівых даручэньнях. ByPol таксама сьцьвярджае, што згаданае важнае заданьне — гэта адключэньне вады ў Новай Баравой, але наўпрост у агучаных запісах размоў сутнасьць заданьня не гучыць.
10 лістапада Натальля Э. звоніць Дзьмітрыю Б., каб дамовіцца пра сурʼёзны рэйд на наступны дзень, «імкнучыся рэабілітавацца ў вачах гаспадара», які раскрытыкаваў яе за недастатковую актыўнасьць, сьцьвярджае ByPol.
11 лістапада здарыўся інцыдэнт з Раманам Бандарэнкам. Пасьля прымяненьня сілы Дзьмітрыем Ш. перад пагрузкай у мікрааўтобус СОБРу Рамана Бандарэнку адзін з собраўцаў рэзка ўпусьціў галавой аб зямлю. ByPol сьцьвярджае, што гэта Яўген Ц. У папярэдняй праверцы ягонае імя таксама называлася, але з пазнакай «меркавана».
23:32. Руслан К. паведаміў Дзьмітрыю Б., што ў дзяжурную частку адвезьлі пʼянага затрыманага: «Пакуль везьлі, ён заснуў». Гэта можа сьведчыць, што на момант званка Бандарэнка ўжо быў у вельмі цяжкім стане ад чэрапна-мазгавой траўмы, бо, як вядома, алькаголю ў крыві Рамана не знайшлі, гаворыцца ў расьсьледаваньні ByPol.
У 23:04 для Бандарэнкі ўпершыню выклікалі з пастарунку хуткую дапамогу. Праз пару хвілін зноў пазванілі ў «хуткую» і паведамілі, што ён траціць прытомнасьць, алькаголем ня пахне. Гэтыя матэрыялы ByPol публікаваў і раней. З новага — званкі на раніцу наступнага дня.
12 лістапада ў 7:54 дзяжурны АМАПу дакладае Дзьмітрыю Б., што амапаўцы забралі Бандарэнку зь мікрааўтобуса СОБРу ўжо ў цяжкім стане. Празь дзьве хвіліны Дзьмітры Б. звоніць начальніку менскай міліцыі Міхаілу Г.: «Я думаю, там Шакута недзе прыклаўся». «Нашыя яго і пальцам не краналі», — вынікае з апублікаванага ByPol запісу размовы.
ByPol таксама апублікавала запіс, на якім, як сьцьвярджаецца, камандзір групы АМАП Руслан К. і Дзьмітры Б. дамаўляюцца даць паказаньні, зь якіх вынікае, што Бандарэнку не забралі ў собраўцаў, а знайшлі на вуліцы каля прыпынку ў непрытомным стане. Руслан К. у наступным званку сказаў, што даў паказаньні яшчэ і пра тое, што ад Бандарэнкі чуўся пах алькаголю.
З вышэйпададзенай інфармацыі ByPol робіць выснову, што група пад кіраўніцтвам Натальлі Э. пры падтрымцы СОБРу ўступіла ў канфлікт зь мясцовымі жыхарамі, у якім адзначыўся Дзьмітры Ш. У выніку байцы СОБРу схапілі Рамана Бандарэнку і празь нейкі час перадалі яго АМАПу ў цяжкім стане. АМАП даставіў яго ў Цэнтральны РУУС.
У ліку падазраваных, названых ByPol:
- Дзьмітры Ш., які першы 11 лістапада прымяніў да Рамана Бандарэнкі фізычны гвалт.
- Яўген Ц., баец СОБРу, які, як сьцьвярджае ByPol, перад пагрузкай Рамана ў мікрааўтобус выцяў яго галавой аб зямлю.
- Астатнія чальцы каманды СОБРу (С., Ц., А., Б., С.), якія былі з Бандарэнкам у мікрааўтобусе цягам 20 хвілін да перадачы ў цяжкім стане амапаўцам.
«Сьмерць Рамана Бандарэнкі, безумоўна, ляжыць на сумленьні асабіста дыктатара і ягоных прыдворных слуг, — падсумовае ByPol, — а таксама іншых згаданых карнікаў».
«Але непасрэдна крымінальную адказнасьць за гібель Рамана панясуць шараговыя верныя псы рэжыму, якія бяздумна выконваюць усякі аддадзены ім загад, у тым ліку заведама злачынны», — сьцьвярджае ByPol і адзначае, што адзіная акалічнасьць, якая яшчэ мае значэньне для вызначэньня крымінальнай адказнасьці — «як хутка і наколькі шчыра» кожны зь выканаўцаў «адважыцца сказаць праўду пра падзеі 11 лістапада на „плошчы Перамен“».
Пакуль жа, лічыць ByPol, Генпракуратура хавае забойцаў Бандарэнкі.
ByPol — гэта ініцыятыва былых сілавікоў, якія адмовіліся служыць Лукашэнку і пайшлі ў адстаўку, арганізаваўшы за мяжой шэраг расьсьледаваньняў дзеяньняў былых калег у задушэньні пратэстаў у Беларусі.
Што вядома пра сьмерць Рамана Бандарэнкі
- Невядомыя ў масках пачалі зразаць бел-чырвона-белыя стужкі ў двары на вуліцы Чарвякова ўвечары 11 лістапада.
- Пасьля вэрбальнага канфлікту зь мясцовымі жыхарамі невядомыя пачалі нападаць і біць жыхароў. Каля 22:16 некалькі чалавек забралі і зьвезьлі на бусах, падобных да тых, якімі карыстаюцца сілавікі.
- Паводле непацьверджанай інфармацыі, каля 1,5 гадзіны Бандарэнка знаходзіўся ў Цэнтральным РУУС Менску.
- У 0:05 Раман Бандарэнка паступіў у лякарню хуткай мэдычнай дапамогі зь вялікім ацёкам мозгу, закрытай чэрапна-мазгавой траўмай, субдуральнымі гематомамі, ударамі, абдзірынамі.
- Паводле лекараў, ён быў у затарможаным стане, але ў апэрацыйную яго ўжо прывезьлі ў коме. Апэрацыя цягнулася некалькі гадзін.
- Раман быў у крытычным стане.
- ГУУС Менгарвыканкаму сьцьвярджае, што міліцыя прыбыла на месца толькі пасьля здарэньня. Рамана знайшлі непрытомнага і выклікалі хуткую. Адзін са сьведак здарэньня расказаў Свабодзе, што міліцыя прыяжджала яшчэ тады, калі невядомыя зразалі стужкі, «аднак хутка зьехала, нічога не зрабіўшы».
- Сьледчы камітэт заявіў, што мужчына быў пʼяны. Аднак мэдыкі гэтую заяву абверглі — у крыві Бандарэнкі алькаголю не было.
- 19 лістапада затрымалі журналістку Tut.by Кацярыну Барысевіч і лекара Арцёма Сарокіна. Кацярына Барысевіч была аўтаркай артыкула, дзе гаварылася, што ў крыві загінулага Рамана Бандарэнкі не было алькаголю. Інфармацыю пра гэта ёй перадаў лекар Арцём Сарокін. Пачатак суду над імі прызначаны на 19 лютага.
- 18 лютага 2021 году, на соты дзень пасьля сьмерці Рамана, Генпракуратура паведаміла яго маці Алене Бандарэнцы, што па факце сьмерці яе сына пачалі крымінальную справу.
- 17 верасьня 2021 справу прыпынілі«з прычыны неўстанаўленьня асобы, якая падлягае прыцягненьню ў якасьці абвінавачанага».