Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 20 верасьня: крымінальная справа за росьпіс цюкоў, турэмныя выракі грамадзянам Расеі і Ўкраіны


Дом правасудзьдзя. Берасьце. Архіўнае фота
Дом правасудзьдзя. Берасьце. Архіўнае фота

Ірына Вікхольм пражыла ў Берасьці каля 10 гадоў, у інтэрнэце вяла блог на некалькіх пляцоўках.

Палітзьняволенага ўкраінца асудзілі ў Менску на 3 гады калёніі

20 верасьня суд Заводзкага раёну Менска пакараў 33-гадовага грамадзяніна Украіны Міхаіла Феранца 3 гадамі калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Як паведамляе «Вясна», яго асудзілі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч.1 арт. 342 (удзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) і ч. 4 арт. 16 ч. 4 арт. 341 (арганізацыя апаганьваньня збудаваньняў і псаваньня маёмасьці). Украінца абвінавацілі ва ўдзеле ў трох леташніх маршах, а таксама ў арганізацыі шляхам адміністраваньня тэлеграм-каналу «Сьмелыя людзі» пратэстных надпісаў і малюнкаў на будынках.

Нараджэнца Данецку, які жыве ў Беларусі амаль 10 гадоў, затрымалі летась 16 верасьня. Больш за паўгоду яго трымалі ў ІЧУ на Акрэсьціна ў чаканьні высылкі. Аднак замест гэтага выставілі абвінавачваньне і перавялі ў менскае СІЗА № 1.

Віну палітвязень на судзе не прызнаў, адмовіўся ад дачы паказаньняў, але выступіў з апошнім словам, у якім расказаў пра псіхалягічны і фізычны гвалт з боку сілавікоў.

Судзьдзя Анжэла Касьцюкевіч прызначыла ўкраінцу менавіта такое пакаранне, пра якое прасіў дзяржабвінаваўца Міхаіл Мануілаў.

Грамадзянку Расеі пакаралі ў Берасьці 1,5 гадамі калёніі

20 верасьня ў судзе Маскоўскага раёну Берасьця судзьдзя Яўген Брэган вынес вырак у справе грамадзянкі Расеі Ірыны Вікхольм, якая жыве ў гэтым горадзе. Як паведамілі Свабодзе мясцовыя прававабаронцы, яе пакаралі 1 годам і 6 месяцамі зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму.

58-гадовая Ірына Вікхольм знаходзіцца пад вартай у Беларусі з траўня. Аднак беларускія ўлады апавясьцілі расейскую амбасаду аб затрыманьні жанчыны толькі ў пачатку верасьня.

Жанчыну абвінавацілі ў паклёпе на Лукашэнку (ч. 2 арт. 367 КК). Прычынай стаў твіт пра Аляксандра Лукашэнку, асобе якога, паводле інфармацыі расейскага сайту «Медуза», у канцы траўня 2021 году Вікхольм прысьвячала амаль усе свае публікацыі ў Twitter (69 падпісантаў).

Ірына пражыла ў Берасьці каля 10 гадоў, у інтэрнэце вяла блог на некалькіх пляцоўках. Уласных твітаў амаль не было, у асноўным дзялілася журналісцкімі артыкуламі і выказваньнямі блогераў, якія крытыкуюць Лукашэнку. Адзін з апошніх — рэпост яе ўласнай публікацыі ў «Жывым журнале» ад 23 траўня. У ёй гаворыцца пра пасадку ў Менску самалёта Ryanair, пасьля якой сілавікі затрымалі журналіста Рамана Пратасевіча.

Сваю публікацыю Вікхольм назвала «Чарговае злачынства Лукашэнкі: акт дзяржаўнага авіяпірацтва». Гэты тэкст — перадрукоўка артыкулу расейскай службы ВВС пра сытуацыю з авіялайнэрам, у ім зазначаецца, што «актам дзяржаўнага авіяпірацтва» гэты выпадак назваў МЗС Грэцыі. Ад сябе яна дадала ў загаловак тры словы: «Очередное преступление Лукашенко».

Неўзабаве пасьля гэтага паста Twitter і іншыя сацсеткі Ірыны Вікхольм перасталі абнаўляцца. Паводле інфармацыі яе знаёмых, сілавікі пачалі цікавіцца жанчынай у сярэдзіне траўня. А ў канцы меяца прыйшоў міліцыянт, спытаў, на якой падставе яна жыве ў Беларусі, і папрасіў прыйсьці ў міграцыйную службу на наступны дзень.

Пра далейшы лёс жанчыны стала вядома толькі праз тры месяцы. 1 верасьня пракуратура Беларусі паведаміла, што ў суд накіраваная крымінальная справа аб «публічным паклёпе» на Аляксандра Лукашэнку, абвінавачваецца ў ёй «замежная грамадзянка В.».

Прозьвішча жанчыны пракуратура не назвала, аднак 5 верасьня праваабарончы цэнтар «Вясна» паведаміў, што, падобна, размова ідзе аб Ірыне Вікхольм. З канца траўня грамадзянка Расеі знаходзілася ў адным зь менскіх СІЗА, нядаўна яе перавялі ў ізалятар у Берасьці.

За росьпіс цюкоў завялі крымінальную справу

Семярых жыхароў Менску, якіх затрымалі за размаляваныя цюкі зь сенажом, узялі пад варту і зьмясьцілі ў турму. Сярод іх сям’я і бацькі непаўналетніх дзяцей.

2 верасьня прэс-служба МУС паведаміла, што каля трасы М1 ноччу затрымалі чатырох мужчын і трох жанчын зь Менску ва ўзросьце ад 27 да 51 году. Прычынай затрыманьня стала размалёўваньне на полі больш за 80 цюкоў зь сенажом. Супраць затрыманых распачалі крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэксу (злоснае хуліганства).

Праваабаронцам «Вясны» стала вядома, што затрыманыя — гэта Аляксандар Бабко, Ігар Мысьлівец, Алена Дзядзюля, Вольга Дубовік, муж і жонка Андрэй і Кацярына Арыкі, Іван Чаравяка.

Пасьля затрыманьня іх даставілі ў Дзяржынскі РАУС, дома ў іх правялі ператрусы. Да суду ім усім выбралі меру стрыманьня ў выглядзе ўзяцьця пад варту і зьмясьцілі ў жодзінскую турму №8. Ім пагражае да 6 гадоў пазбаўленьня волі. У некаторых затрыманых ёсьць непаўналетнія дзеці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG