Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Спроба індактрынацыі студэнтаў зноў, як і ў 2010-м, акажацца няўдалай», — прафэсар Дунаеў


Прафэсар Уладзімер Дунаеў, архіўнае фота
Прафэсар Уладзімер Дунаеў, архіўнае фота

Прафэсар Уладзімер Дунаеў, сябра грамадзкага Балёнскага камітэту, аналізуе апошнія вынікі паступленьня ў беларускія ВНУ, прагназуе, што ідэалягічнае напампоўваньне студэнтаў зноў праваліцца, і адзначае, што колькасьць беларускіх студэнтаў, якія едуць вучыцца ў Расею — скарачаецца, а тых, хто едзе вучыцца на Захад — павялічваецца.

Сьцісла:

  • Тэндэнцыя такая, што набор на платныя месцы ў ВНУ штогод скарачаецца
  • Лукашэнкам было сказана, што трэба ў мінімальнай ступені зьвяртаць увагу на пажаданьні школьнікаў, студэнтаў, іхніх бацькоў.
  • Дыскрымінацыя прыватнай адукацыі прысутнічала ў сямі законах.
  • Інструмэнту, які дазволіў бы жорстка кантраляваць навучэнцаў, ва ўлады няма.
  • У 2011 годзе Лукашэнка раптам убачыў, што ўся вялізная ідэалягічная машына працавала ўхаластую
  • Многія едуць вучыцца за мяжу не для таго, каб вяртацца
  • Фінансаваньне вышэйшай адукацыі скарачаецца: за апошнія 5 гадоў — працэнтаў на 40

— Апошнімі днямі сталі вядомыя вынікі паступленьня ў ВНУ Беларусі, які даволі актыўна абмяркоўваюцца ў прэсе. Мы бачым недабор, мы бачым зьніжэньне сярэдняга балу па многіх дысцыплінах. Ці працягваюць гэтыя лічбы нейкую тэндэнцыю апошніх гадоў, ці гэты год стаіць асобна?

— Гэта, безумоўна, працяг тэндэнцыі. Недабор быў заўсёды, але сёлета ён дасягнуў своеасаблівага рэкорду. У гэтагай працэсу шэраг прычын, якія ўплываюць на папулярнасьць вышэйшай адукацыі ў Беларусі.

Існуе, дарэчы, агульная сусьветная тэндэнцыя зьніжэньня прэстыжу вышэйшай адукацыі, гэта адбываецца ў многіх краінах. Але ў Беларусі, безумоўна, ёсьць свае асаблівасьці, і мінулы год моцна дадаў прычын для маладых беларусаў не паступаць у беларускія ВНУ.

Апошнія 5 гадоў колькасьць студэнтаў у Беларусі істотна скарачаецца, працэнтаў на 35 за гэты час. Мінулыя гады плян прыёму быў моцна завышаны, і гэта не супадала з дэмаграфічным спадам. Улада апошні час актыўна робіць маніпуляцыі з працэдурамі паступленьня, з цэнтралізаваным тэставаньнем, каб неяк палепшыць гэтую карцінку. Але яна ўсё роўна пагаршаецца.

Сёлета конкурс на бюджэтныя месцы аказаўся ніжэйшы за плянаваны. І Міністэрства адукацыі адказвае — «гэта ж ня мы плянуем, гэта ВНУ, гэта яны не падлічылі». Але гэта падман, бо ўжо некалькі гадоў менавіта Міністэрства адукацыі плянуе гэты конкурс.

Тэндэнцыя такая, што набор на платныя месцы скарачаецца — тут грае сваю ролю і платаздольнасьць абітурыентаў, і дэмаграфічная яма.

— Сёньня, 24 жніўня, у сваім выступе Аляксандар Лукашэнка яшчэ раз выказаўся за далейшую палітызацыі адукацыі. У дэмакратычных краінах студэнты — спажыўцы адукацыйных паслугаў: яны маюць вялікі выбар, маюць вялікія правы. Беларускім студэнтам пра гэта не выпадае і марыць.

— Усё, што было сказана Лукашэнкам, было сказана ў такім рэчышчы, што трэба ў мінімальнай ступені зьвяртаць увагу на пажаданьні школьнікаў, студэнтаў, іхных бацькоў. Настаўнікі, выкладчыкі, ВНУ і Міністэрства адукацыі, маўляў, павінны дыктаваць свае ўмовы.

Было сказана, што палітыка ў школе павінна быць, і павінна быць толькі дзяржаўная. Прыватныя дзіцячыя садкі і школы былі абвешчаныя рассаднікам вальнадумства. Прыватная адукацыя і так мела вялікія праблемы, але цяпер можна чакаць, што сытуацыя стане яшчэ горшая.

Цяжка сказаць, якія інструмэнты пажадае прымяніць дзяржава. Міністар казаў, што будуць унесеныя адпаведныя зьмены ў Кодэкс аб адукацыі, якія будуць замінаць стварэньню прыватных адукацыйных структураў. Але ў беларускіх законах і так хапала абмежаваньняў. Па сутнасьці, дыскрымінацыя прыватнай адукацыі прысутнічала ў сямі законах.

Спробы індактрынацыі навучэнцаў будуць узмоцненыя. Але як на гэта адрэагуе моладзь? Моладзь, як і было сказана Лукашэнкам, жыве ў інтэрнэце. Як улады могуць гэта кантраляваць? Гэта ж не савецкая сытуацыя. Таму я думаю, што нейкага інструмэнту, які дазволіў бы жорстка кантраляваць навучэнцаў, ва ўлады няма.

— Студэнты і школьнікі будуць успрымаць гэта ўсё зь «фігай у кішэні», адказваючы на ўроках, што «Беларусь — прававая і дэмакратычная дзяржава», а на самой справе думаючы зусім іншае.

— Гісторыя ідэалягічнага пампаваньня ў адукацыю ў Беларусі дастаткова багатая. У 2011 годзе Лукашэнка раптам убачыў, што ўся вялізная ідэалягічная машына працавала ўхаластую. А між тым на яе траціліся вялізныя бюджэтныя грошы.

Думаю, і зараз гэтая спроба індактрынацыі акажацца няўдалай. Але ў цэлым сытуацыя ў сфэры адукацыі будзе вельмі сумная. Таму для маладых беларусаў больш прымальнымі і прывабнымі становяцца іншыя варыянты атрыманьня вышэйшай адукацыі.

— Якраз пра гэта Лукашэнка сёньня таксама выказаўся. «Едзьце, вучыцеся. Але вы, калі ласка, там і заставайцеся. Бо там ня столькі навучаюць (ім далёка да нашай адукацыі) — яны ім прамываюць мазгі і закідваюць да нас ужо як агентуру, з прамытымі мазгамі. Гэта ўжо ідэйныя, ну, калі ня ворагі, то праціўнікі нашай дзяржавы. І нам даводзіцца зь імі змагацца»

— Многія едуць вучыцца за мяжу не для таго, каб вяртацца. І казаць ім «не вяртайцеся» — гучыць неяк наіўна. Яны і ня вернуцца. Між тым выпускнікі замежных ВНУ ў Беларусі нярэдка дыскрымінаваліся адміністрацыйнымі мэтадамі.

Статыстыка, якая адстае на два гады, тым ня менш паказвае адназначную тэндэнцыю. Ідзе пераразьмеркаваньне плыняў замежнага навучаньня. Калі раней каля 72 працэнтаў тых, хто зьяжджаў зь Беларусі вучыцца за мяжу, ехалі ў Расею, то цяпер, гледзячы па ўсім, ня менш за палову такіх студэнтаў вучацца на Захадзе. І гэта вельмі цікава — бо афіцыйная палітыка была накіраваная на тое, каб стымуляваць агульную адукацыйную прастору з Расеяй. Але па факце доля студэнтаў, якія едуць вучыцца ў Расею — скарачаецца, а колькасьць тых, хто едзе вучыцца на Захад — павялічваецца. Дарэчы, і колькасьць расейскіх студэнтаў у беларускіх ВНУ таксама скарачаецца.

— Прапаганда традыцыйна любіць гаварыць пра сацыяльную дзяржаву, пра тое, што выдаткі на адукацыю ў Беларусі большыя, чым у іншых краінах. Якую заканамернасьць можна назіраць тут за апошнія гады?

— Прычына недабораў у ВНУ ў тым ліку і тая, што доступ да адукацыі аказаўся няроўны для розных сацыяльных групаў. Існуе няроўнасьць паміж жыхарамі гарадоў, дзецьмі забясьпечаных сем’яў — і жыхарамі вёскі і дзецьмі бедных сем’яў. Гэта азначае, што для некаторых катэгорыяў вышэйшая адукацыя становіцца проста недаступнай. Яны нават ужо і ня сунуцца туды. Якая ж гэта сацыяльная дзяржава — калі сацыяльныя ліфты не працуюць?

Фінансаваньне вышэйшай адукацыі скарачаецца: за апошнія 5 гадоў — працэнтаў на 40. Гэта тычыцца і агульнай лічбы, і лічбы ў разьліку на аднаго студэнта. У дадзеных 2018 году затраты кансалідаванага бюджэту зьменшыліся з 2300 эўра ў год на аднаго студэнта да 1700 эўра. Можна адзначыць, што сярэдняе значэньне па Эўропе — 7000 эўра.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG