На думку дыплямата, якую цытуе Tut by, талібаў «дэманізуе» заходняя прапаганда і яны «не абавязкова нясуць зло».
Алег Іваноў лічыць, што афганскае грамадзтва ў цэлым стомленае ад вайны. На яго думку, важна тое, як хутка талібы прыйшлі да ўлады, — гэта кажа аб падтрымцы ўнутры краіны. Дыплямат выказаўся пра вобраз талібаў у СМІ.
«На жаль, у большай ступені заходняя прапаганда доўгія гады малявала талібаў толькі чорнай фарбай, як, напэўна, што большая частка рэлiгiйных плыняў на ўсходзе. Гэта проста дэманізацыя руху. Разумееце, ня могуць дэманы 30-мільённую краіну на працягу 2-3 тыдняў забраць».
На думку Алега Іванова, пры ўладзе талібаў было ня толькі дрэннае.
«Я, напрыклад, ня згодны, што талібы абавязкова нясуць зло, разбурэньне, наркатрафік і гэтак далей. Калі талібы былі ва ўладзе ў канцы дзевяностых — так, было вельмі шмат няправільнага, з нашага пункту гледжаньня. Але тым ня менш, наркавытворчасьць зьнізілася ўдвая. А за апошнія 20 гадоў у 10 разоў вырасла.», — сказаў у эфіры пасол Беларусі.
Дыплямат пракамэнтаваў заяву талібаў пра тое, што яны ня будуць выходзіць за межы Афганістана.
«Што тычыцца іх зьнешніх памкненьняў — не, гэта нацыяналісты. Нездарма яны адну зь першых сваіх заяў зрабілі пра тое, што яны ня будуць выходзіць за межы Афганістана. Напэўна, гэта праўда. Іншая справа — гэта і ўйгурскія сэпаратысты, і джыхадзісты таджыцкага паходжаньня, гэта ісламскі рух Узбэкістана і гэтак далей. Вось тут — так, пытаньне ёсьць», — лічыць дыплямат.