Як гэта адбывалася? Хроніка падзеяў.
- Раніцай 19 жніўня 1991 г. у Маскве было абвешчана аб стварэньні так званага «дзяржаўнага камітэту надзвычайнага становішча» (ГКЧП), мэтай якога было спыніць дэмакратычныя працэсы і сувэрэнізацыю рэспублік СССР. У склад камітэту ўвайшлі некалькі сакратароў ЦК КПСС, кіраўнікі сілавых ведамстваў. Узначальваў ГКЧП віцэ-прэзыдэнт СССР Генадзь Янаеў.
- Прадстаўнікі ГКЧП заявілі, што прэзыдэнт СССР Міхаіл Гарбачоў ня ў стане выконваць свае абавязкі. Насамарэч Гарбачоў фактычна быў незаконна адхілены ад пасады ў крымскай рэзыдэнцыі «Фарос», у яго была адключаная як спэцыяльная ўрадавая, гэтак і звычайная тэлефонная сувязь. Мабільнай сувязі ў той час не існавала.
- Раніцай дэпутаты Апазыцыі БНФ сабраліся ў 363 пакоі Дому ўраду, які быў за апазыцыяй замацаваны (цяпер — адно з памяшканьняў ЦВК. Дэпутаты на чале зь Зянонам Пазьняком абвясьцілі ГКЧП дзяржаўнымі злачынцамі, зьвярнуліся да дзяржаўных службоўцаў і кіраўнікоў прадпрыемстваў з заклікам не выконваць іх загадаў і запатрабавалі ад кіраўніцтва Вярхоўнага Савета скліканьня нечарговай сэсіі.
- Прэзыдэнт РСФСР Барыс Ельцын, даведаўшыся пра абвяшчэньне ГКЧП, прыняў рашэньне выехаць з падмаскоўнай дачы ў Маскву. У гэты час ягонае лецішча ўжо была аточанае байцамі падразьдзяленьня КДБ «Альфа», аднак яны не атрымалі каманду на штурм картэжу. Ельцын даехаў да Масквы. Неўзабаве ён выступіў на танку перад Белым домам (дзе месьціўся парлямэнт Расеі) з заклікам не падтрымліваць ГКЧП.
- Дэпутаты Зянон Пазьняк, Валянцін Голубеў, Ігар Гермянчук і Сяргей Навумчык пайшлі да фармальнага кіраўніка БССР — старшыні Вярхоўнага Савету Мікалая Дземянцея і запатрабавалі ад яго выступіць супраць антыканстытуцыйнага перавароту.Дземянцей ім заявіў, што Гарбачоў пачувае сябе нармальна і не ізаляваны. Прапанову дэпутатаў зьвязацца зь ім па ВЧ (лініі ўрадавай сувязі) Дземянцей выканаць адмовіўся.
- Дэпутаты Апазыцыі БНФ усталявалі сувязь з Барысам Ельцыным — на факс старшыні камісіі ВС па міжнародных сувязях Пётры Садоўскага пачалі паступаць звароты прэзыдэнта РСФСР, у якіх ён заклікаў не падтрымліваць.
- Супраць ГКЧП выступіў менскі страйкам, сфармаваны ў красавіку, калі на вуліцы Менску выйшла больш як 100 тысяч рабочых з палітычнымі і эканамічнымі патрабаваньнямі.
- Бюро ЦК кампартыі Беларусі на чале зь пешым сакратаром ЦК Анатолем Малафеевым прыняло пастанову, у якой адназначна выказала падтрымку КГЧП.
- Увечары 19 жніўня БНФ сабраў на сустрэчу з дэпутатамі на плошчу перад Домам ураду некалькі сотняў чалавек.
- На адну з чыгуначных транспартных станцый пад Менскам падагналі вагоны з закратаванымі вокнамі. «Кампэтэнтныя органы» сфармавалі сьпісы тых, каго павінны былі вывезьці ў гэтых вагонах — дэпутаты Апазыцыі БНФ (каля 30 чалавек), іншыя антыкамуністычныя дэпутаты Вярхоўнага Савету (30 чалавек), сябры Сойму БНФ (50 чалавек), лідэры рабочага руху (30 чалавек), кіраўнікі новаўтвораных дэмакратычных партый (10 чалевек), незалежныя ад партыйнага кіраўніцтва журналісты (30 чалавек). Кіраўніцтва КДБ СССР разьлічвала, што інтэрнаваньне і вываз на першым этапе ва ўсходнія раёны Сібіру максымальна 200-300 актывістаў зь Менску дазволіць паралізаваць спробы арганізацыі супраціву ГКЧП; інтэрнаваньне рэгіянальных лідэраў залежала ад актуальнай сытуацыі.
- Увечары 19 жніўня некаторыя заходнія лідэры (у прыватнасьці, прэзыдэнт Францыі Франсуа Мітэран) выказалі думку, што з «новым кіраўніцтвам СССР можна мець справу».
- Аднак прэзыдэнт ЗША Джордж Буш дамагаўся сувязі з Гарбачовым.
- Сам Гарбачоў увечары 19 жніўня запісаў відэазварот з асуджэньнем путчу. Запіс зрабіў муж ягонай дачкі Ірыны. Было зроблена некалькі варыянтаў, стужка была парэзаная і аддадзеная сакратаркам, якія схавалі яе ў бялізну і вынесьлі за межы будынку. Аднак пакінуць тэрыторыю рэзыдэнцыі ім не ўдалося — яна была блякаваная войскамі КДБ.
- Разам з Гарбачовым у ноч з 19 на 20 жніўня ў будынку засталіся каля дзесяці чалавек асабістай аховы, узброеныя толькі аўтаматамі Калашнікава. Яны былі гатовыя абараняць «аб’ект аховы» (Гарбачова) «да канца». Але ў выпадку атакі войскаў, якія былі паблізу падпарадкоўваліся КГЧП, пратрымаліся б ня больш за 3-5 хвілінаў.
- У Маскве каля Белага дому начаваць засталіся ня больш за дзьвесьце чалавек.