Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўскія памежнікі паведамілі пра аўтаматныя стрэлы на тэрыторыі Беларусі


Мяжа зь беларускага боку, ілюстрацыйнае фота
Мяжа зь беларускага боку, ілюстрацыйнае фота

За мінулыя суткі літоўскія памежнікі вярнулі ў Беларусь амаль паўсотні асобаў, якія спрабавалі нелегальна перасекчы мяжу.

Вызначана, што тыя ж самыя асобы спрабавалі трапіць у Літву некалькі разоў у розных месцах.

Паводле Службы аховы дзяржмяжы, на якую спасылаецца агенцтва Delfi, мігрантаў разварочвалі ў Сьвянцянскім, Віленскім, Салечніцкім і Аранскім раёнах, а таксама ў Друскеніцкім самакіраваньні.

Пад Салечнікамі адзначана ўзмацненьне сіл беларускіх памежнікаў ля мяжы, у раёне Друскенікаў чулі некалькі дзясяткаў стрэлаў з аўтаматаў на тэрыторыі Беларусі.

Ад пачатку году мяжу Літвы зь Беларусьсю незаконна перасеклі больш за 4 тысячы мігрантаў, абсалютная большасьць — іракцы. Службовыя асобы Літвы называюць гэта «гібрыднай агрэсіяй беларускага рэжыму», праз што ў краіне аб’яўлена экстрэмальная сытуацыя.

Акрамя таго, прынятае рашэньне разварочваць асобаў, якія спрабуюць незаконна перасекчы мяжу. У выніку гэта прыкметна паменшыла плынь мігрантаў.

У той жа час абвастраецца сытуацыя на латыскім кірунку. У панядзелак памежнікі гэтай краіны паведамілі, што спынілі за суткі 62 спробы незаконнага пранікненьня на сваю тэрыторыю, сёньня дадаліся яшчэ 22 чалавекі, паведаміла Delfi. Кіраўнік Кабінэту міністраў Крыш’яніс Карыньш з гэтай нагоды заявіў, што ўрад не зьбіраюцца мяняць уведзеную практыку і вяртаць мігрантаў туды, адкуль яны прыйшлі.

Як і кіраўніцтва Літвы, прэм’ер-міністар Латвіі заклікаў разглядаць сытуацыю на мяжы зь Беларусьсю ў кантэксце «гібрыднай вайны, арганізаванай афіцыйным Менскам».

За тыдзень колькасьць несанкцыянаваньных пранікненьняў у Латвію перавысіла 400 выпадкаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG