Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Байдэн дазволіў уцекачам з Ганконгу застацца ў ЗША «бестэрмінова»


Пратэст у Ганконгу ў сьнежні 2019 году
Пратэст у Ганконгу ў сьнежні 2019 году

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн падпісаў мэмарандум аб дапамозе жыхарам Ганконгу, якія зьбеглі ад перасьледу з боку кітайскіх уладаў, паведамляе Бі-бі-сі.

Згодна з дакумэнтам, жыхарам Ганконгу з пратэрмінаванымі візамі дазволена заставацца ў Злучаных Штатах на тэрмін да паўтара года з магчымасьцю падаўжэньня. Камэнтуючы такі крок, Байдэн абвінаваціў Пэкін у «падрыве правоў і свабодаў у Ганконгу».

Гэтае рашэньне павінна палегчыць долю некалькіх тысяч выхадцаў з кітайскай аўтаноміі, дзе пасьля найбуйнейшай хвалі пратэстаў, якая адбылася ў 2019 годзе, улады Кітаю разгарнулі маштабны наступ на актывістаў, незалежныя СМІ і неляяльных бізнэсоўцаў.

Кітай выказаў пратэст Вашынгтону, назваўшы мэмарандум «умяшаньнем ва ўнутраныя справы» і «зьнявагай міжнароднага права».

Раней дапамогу жыхарам Ганконгу вырашыла аказаць і Брытанія, якая да 1997 году зьяўлялася юрыдычным уладальнікам Ганконгу. Злучанае Каралеўства прапанавала выхадцам з гэтага рэгіёну, якія маюць заморскія брытанскія пашпарты, прайсьці палегчаную працэдуру атрыманьня грамадзянства. Патэнцыйна гаворка можа ісьці аб 5,5 мільёнах чалавек, якія маюць права атрымаць брытанскі пашпарт у спрошчаным парадку.

Што варта ведаць наконт пратэстаў у Ганконгу

Што такое ўвогуле Ганконг?

Ганконг — спэцыяльная адміністрацыйная адзінка Кітайскай Народнай Рэспублікі, знаходзіцца на поўдні Кітаю, на ўзьбярэжжы Паўднёва-Кітайскага мора. Гэта адзін з асноўных фінансавых цэнтраў Азіі і сьвету.

Ганконг разьмяшчаецца на паўвостраве Каўлун (Цзюлун), а таксама яшчэ на 260 малых астраўках. На поўначы мяжуе са спэцыяльнай эканамічнай зонай Шэньчжэнь у складзе кітайскай правінцыі Гуандун. У Ганконгу жыве больш за 7 мільёнаў чалавек на 1104 км2 — тэрыторыя амаль у 190 разоў меншая, чым Беларусь.

Доўгі час Ганконг належаў Вялікай Брытаніі і перайшоў пад сувэрэнітэт Кітаю ў 1997 годзе. Гораду гарантаваная шырокая аўтаномія ў рамках мадэлі «Адна краіна — дзьве сыстэмы» да 2047 году.

Што выклікала пратэсты?

Улады Ганконгу ўнесьлі ў парлямэнт законапраект аб экстрадыцыі правапарушальнікаў, якія падазраюцца ў крымінальных злачынствах, на мацерыковы Кітай. Экстрадыцыя з Ганконгу цяпер магчымая толькі на падставе дамоваў, якія былі заключаныя яшчэ да пераходу гораду пад юрысдыкцыю КНР.

У чэрвені 2019 году дакумэнт выклікаў шматлікія пратэсты жыхароў Ганконгу. Крытыкі дакумэнту казалі, што ён мог быць выкарыстаны для перадачы ў рукі кітайскага правасудзьдзя дысыдэнтаў і несправядліва перасьледаваных людзей.

Антыўрадавы пратэст у Ганконгу, 20 кастрычніка 2019
Антыўрадавы пратэст у Ганконгу, 20 кастрычніка 2019

Дэманстрацыі выліліся ў масавы рух з патрабаваньнем дэмакратычных пераўтварэньняў. Адміністрацыя Ганконгу неаднаразова абвяшчала пра адмову ад законапраекту. Аднак пратэстоўцы пачалі патрабаваць афіцыйна адклікаць дакумэнт і працягнулі маршы пад лёзунгамі абароны сувэрэнітэту Ганконгу ад дамаганьняў Кітаю.

23 кастрычніка 2019 году ўлады Ганконгу афіцыйна адклікалі законапраект. Аднак гэта не спыніла пратэстаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG