«Зь некалькіх крыніц мы атрымалі інфармацыю пра тое, што рэйсы на бліжэйшыя дзесяць дзён адмяняюцца. Выглядае, што гэта вельмі надзейная інфармацыя. Наколькі мы разумеем, авіякампанія Iraq Airways праінфармавала пра гэта ўсе турыстычныя агенцтвы краіны», — сказаў у сераду ўвечары дыплямат ЭЗ.
Ён дадаў, што пакуль не атрымаў ад авіякампаніі афіцыйнага паведамленьня.
Гут дадаў, што ў аўторак урад Іраку стварыў камітэт для расьсьледаваньня магчымай дастаўкі ірацкіх мігрантаў у Літву празь Беларусь.
Эўрапейскі Зьвяз апошнім часам пачаў перамовы з Багдадам з мэтай вярнуць іракцаў, якія незаконна перасеклі беларуска-літоўскую мяжу, у краіну іх паходжаньня і пераканаць Ірак зьменшыць колькасьць рэйсаў у Менск.
Як паведамляецца на сайтах лётнішча ў Менску і Iraqi Airways, ірацкія авіякампаніі плянавалі выконваць пасажырскія рэйсы ня толькі з Багдаду, але і з трох іншых гарадоў — Басры, Арбілу і Сулейманіі.
Сёлета мяжу зь Беларусі ў Літву перасеклі больш за 4 тысячы мігрантаў. Большасьць зь іх — іракцы.
Літва абвясьціла экстрэмальную сытуацыю з прычыны росту міграцыі. Літоўскія афіцыйныя асобы прытрымліваюцца пазыцыі, што павелічэньне міграцыйных патокаў — арганізаваная акцыя менскага рэжыму супраць Літвы.