Яна з Рэчыцы, пераехала ў Кіеў, як і Віталь Шышоў, пасьля перасьледу з боку ўладаў Беларусі.
«У Віталя не было бацькоў і сям’і — усе памерлі. Працаваў ён айцішнікам-фрылансэрам. Не было такога, каб ён скардзіўся, што за ім сочаць. Але апошнім часам Віталь стаў больш уважлівым — бывала, глядзеў, што за машыны пад’ехалі, хто зь іх выходзіць.
Наўпрост пагрозаў Віталю не было, але ў яго было кепскае прадчуваньне. Мне ён яго не выказваў, але аднаму нашаму знаёмаму пісаў за тыдзень да трагедыі: у мяне кепскае прадчуваньне, калі што, дагледзь Бажэну. Каб канкрэтна незнаёмцы падыходзілі да Віталя — такога не было.
Да мяне аднойчы на вуліцы ў цэнтры гораду падыходзілі нейкія людзі — як потым высьветлілася, запісвалі і здымалі», — расказала Бажэна.
Паводле дзяўчыны, Віталь выходзіў на прабежку не заўсёды, але пэрыядычна, па жаданьні. У ягоных паводзінах нічога незвычайнага, дзіўнага апошнім часам не было.
«Мы абое хварэлі з тыдзень, ляжалі ў ложках, глядзелі фільмы. Вядома, настрой у хворага чалавека ня ўзьнёслы, але ніякіх кепскіх думак у Віталя не было. Упэўнена, што ён ня мог учыніць самагубства. У яго не было для гэтага падставаў. І так са мной ён зрабіць ня мог. У нас былі сумесныя пляны на будучыню», — дадала дзяўчына.
Адзін з заснавальнікаў і фармальны кіраўнік «Беларускага дому ва Ўкраіне» Віталь Шышоў зьнік раніцай 2 жніўня.
Паводле сяброў, ранкам ён звыкла пайшоў на прабежку і не вярнуўся. Віталь Шышоў увосень 2020 году зьехаў зь Беларусі ад перасьледу, жыў у Кіеве.
3 жніўня яго знайшлі павешаным у Сьвятошынскім парку Кіева непадалёк ад ягонага дому.
Прадстаўнік «Беларускага дому ва Ўкраіне» Юры Шчучко ў эфіры «Настоящего времени» паведаміў, што цела Віталя Шышова знайшлі прадстаўнікі «Беларускага дому ва Ўкраіне», якія раніцай аднавілі пошукі. Паводле Шчучко, на твары Шышова былі сьляды пабіцьця.
Шчучко заявіў, што актывісты «Беларускага дому ва Ўкраіне» атрымлівалі інфармацыю, у тым ліку з СБУ, што ва Ўкраіну прыяжджаюць прадстаўнікі беларускіх спэцслужбаў «для фізычнага зьнішчэньня нашых актыўных чальцоў».
Шчучко сказаў, што на мінулым тыдні Шышоў папрасіў яго ў выпадку чаго паклапаціцца пра ягоных блізкіх. «У яго было нейкае дзіўнае прадчуваньне», — адзначыў Шчучко.