Паводле плятфомы «Голос», Ціханоўская набрала мінімум 3 млн галасоў і перамагла ў першым туры выбараў 9 жніўня 2020 году.
Пра канчатковы падлік галасоў, аддадзеных за кандыдатку ў прэзыдэнты Сьвятлану Ціханоўскую, паведаміў распрацоўнік плятформы «Голос» Павал Лібер.
«Уважлівыя людзі заўважалі, што „Голос“ ніколі не называў Сьвятлану Ціханоўскую прэзыдэнтам. Лідэрам — так, але не прэзыдэнтам. Дзякуючы „Голосу“, „Зубру“ і ініцыятыве „Честные люди“ атрымалася даказаць калясальныя фальсыфікацыі, але, ня маючы большай часткі пратаколаў, было складана зразумець рэальныя вынікі выбараў», — піша Павал Лібер.
Ён адзначае, што быў самым вялікім скептыкам у камандзе «Голоса». Па словах Паўла, ён быў упэўнены, што Сьвятлана перамагла, але ня быў упэўнены, што перамагла ў першым туры.
«А калі ўпэўненасьці няма, то рабіць сьцьвярджэньні пра вынікі выбараў было б некарэктна»,— адзначае Лібер.
Паводле яго, за амаль год з моманту выбараў удалося сабраць новыя пратаколы.
«У нашу каманду прыйшлі аналітыкі, якія хацелі зрабіць гэта практыкаваньне: як аднавіць вынікі выбараў, маючы галасы, прывязаныя да ўчасткаў, бюлетэні ў „Голосе“ і тыя пратаколы, якія ўдалося дастаць, — піша Павал Лібер. — Вынікамі гэтага стала справаздача, які мы публікуем сёньня, і перадача пра фальсыфікацыі, якую мы зрабілі з „Маланка Мэдыя“, дзе ў дадатак да справаздачы можна даведацца аб паказаньнях сьведак, што давалі старшыні камісій хлопцам з BYPOL, якія апісваюць працэс фальсыфікацый, што ідзе наўпрост ад Качанавай».
Ён таксама падкрэсьлівае, што галоўным для яго стала матэматычнае абгрунтаваньне таго, што Сьвятлана Ціханоўская набрала мінімум 3 млн галасоў і перамагла ў першым туры.
«Таму асабіста ад сябе я ўпершыню, але вельмі шчыра павіншую Сьвятлану Ціханоўскую зь перамогай. Для большасьці гэта і так было зразумела, тым больш што Святлана была зборным чынам супраць дыктатуры, ды і ў бягучых умовах гэта ніяк не мяняе таго, што нам трэба даціскаць рэжым і будаваць новую краіну.
Але для мяне было важна ведаць, і, магчыма, хапае людзей, для якіх гэта так жа сама важна, як было важна для мяне».
«Голос» выявіў звыш 6,5 тысячы парушэньняў
Раней плятформа «Голос» апублікавала справаздачу аб парушэньнях на прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі. У падрыхтоўцы справаздачы таксама ўдзельнічалі ініцыятывы «Зубар» і «Честные люди».
«Фальсыфікацыі выяўленыя на кожным трэцім участку з тых, якія апублікавалі выніковыя пратаколы», — піша «Голос». Паводле плятформы, галасы падрабілі двойчы: спачатку ўчастковыя камісіі, а пасьля ў ЦВК.
«Гэта сур’ёзная падстава прызнаць выбары несапраўднымі і правесьці новыя, з выкананьнем законаў», — мяркуюць удзельнікі каманды «Голоса».
Плятформу «Голас» запусьціла ініцыятыва «Честные люди», аб стварэньні якой летась абвясьціў прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта Беларусі, а цяпер палітычны зьняволены Віктар Бабарыка. Спачатку яе галоўнай функцыяй было тое, каб у дзень прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня кожны мог даведацца, колькі галасоў аддадзена за кандыдатаў на яго ўчастку, і параўнаць з дадзенымі пратаколу (трэба было даслаць фота абодвух бакоў бюлетэню ў чат-бот «Голоса»). Пасьля завяршэньня выбарчай кампаніі сфэра дзейнасьці плятформы была пашыраная за кошт іншых ініцыятываў.