БАЖ: «Па-ранейшаму ўсе СМІ працягваюць выходзіць»
Намесьнік старшыні БАЖ Алег Агееў нагадаў статыстыку: у няволі застаюцца 29 прадстаўнікоў мэдыя. Двое — Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова — асуджаныя і адбываюць двухгадовае пакараньне. Усіх затрыманых журналістаў прызналі палітвязьнямі.
З пачатку 2021 году адбыліся 87 затрыманьняў журналістаў і 107 ператрусаў, зафіксавана 6 фактаў нападу на журналістаў пры выкананьні імі прафэсійных абавязкаў. 21 раз журналісты адбывалі адміністрацыйны арышт, 38 разоў ім прызначаліся штрафы. Агульная сума штрафаў — 46 тысяч беларускіх рублёў.
«Праблема ў тым, што ўсе ператрусы суправаджаюцца канфіскацый абсталяваньня і тэхнікі, тэлефонаў, што істотна ўскладняе выкананьне прафэсійных абавязкаў. Але па-ранейшаму ўсе СМІ працягваюць выходзіць», — канстатаваў намесьнік старшыні БАЖ Алег Агееў.
«Эўрарадыё»: «Шукаем магчымасьць перавезьці супрацоўнікаў зь Менску ў Варшаву»
Галоўны рэдактар «Эўрарадыё» Павал Сьвярдлоў нагадаў, што мэдыя працуе ў Беларусі з 2009 году. Былі розныя перашкоды працы: ператрусы, затрыманьні супрацоўнікаў, але карпункт працаваў. 5 ліпеня яго закрылі.
«Карпункт «Эўрарадыё» быў апошнім прадстаўніцтвам у Беларусі СМІ, зарэгістраванага ў Эўразьвязе. Пасьля таго, як нас закрылі, з замежных СМІ засталіся толькі інфармагенцтва Сіньхуа зь Кітаю і карпункты расейскіх СМІ — гэта красамоўна адлюстроўвае, што адбываецца цяпер Беларусі, — зазначае галоўны рэдактар Павал Сьвярдлоў.
Ён кажа, што рэдакцыя шукае магчымасьць перавозіць супрацоўнікаў зь Менску ў Варшаву.
«Наша Ніва»: «Вымушаны працаваць з-за мяжы, неўзабаве запусьцім адноўлены сайт»
Дырэктарка «Нашай нівы» Настасься Роўда расказала, што пасьля затрыманьня чацьвярых супрацоўнікаў выданьня, ператрусаў у офісе і ў кватэрах каманда знаходзіцца ў стрэсе.
«Калі да нас прыйшлі, частка супрацоўнікаў знаходзілася ў Беларусі, а частка была за мяжой і здолела падхапіць справу. Зараз мы перагрупаваліся і працуем над аднаўленьнем сайту, у нас захаваліся ўсе архівы — мы былі гатовы да гэтай сытуацыі. Але, вядома, ты можаш рыхтавацца да ўсяго, але ніколі ня будзеш гатовы да таго, што менавіта адбудзецца. Так што вымушаныя працаваць з-за мяжы, неўзабаве запусьцім адноўлены сайт», — кажа Настасься.
На яе думку, артыкул 342 Крымінальнага кодэксу, які інкрымінуецца чацьвярым нашаніўцам, ня мае ніякага дачыненьня да журналістыкі.
«Я б сказала больш жорстка: апошнія дзеяньні ўладаў сьведчаць пра тое, што ў Беларусі фактычна ўведзена забарона на прафэсію. Працаваць журналістам незалежнага СМІ раўназначна самагубству: ты проста ідзеш у турму пад крымінальны артыкул. Наша прававая сыстэма забывае, што такое закон і як павінна быць паводле закону».
Наста Роўда перакананая, што беларускія журналісты могуць даць урокі выжываньня журналістам усяго сьвету.
«Тое, што адбылося з намі, — гэта проста пекла. І ў гэтым пекле мы захавалі сябе, захоўваем сілы і спрабуем штосьці рабіць. Мы вытрымаем, мы справімся, і нашы калегі абавязкова выйдуць на свабоду», — перакананая дырэктарка «Нашай нівы»
Hrodna. liife: «Ці будзе рэлякацыя, сказаць цяжка. Плянуем дзейнасьць ня больш чым на тыдзень»
Ірына Новік, рэдактар спэцпраектаў Hrodna Life, адзначыла, што Беларусь фактычна засталася без рэгіянальнай прэсы.
«Пасьля 10 ператрусаў на мінулым тыдні гэты тыдзень, які пачаўся, можна сьмела назваць тыднем без незалежных газэт. Раней маім калегам, якія выходзяць на паперы, адмовілі ў друкарскіх паслугах. Усе друкарні сказалі дружна, што ім гэта нявыгадна. За мяжой друкавацца немагчыма, На нашых вачах адбываецца фармаваньне інфармацыйнага вакуўму ў Беларусі, — мяркуе Ірына Новік.
Што тычыцца рэдакцыі Hrodna Life, яна невялікая — каля 10 чалавек. Двое за мяжой: яшчэ ўвосень выехаў Руслан Кулевіч, якому пры затрыманьні зламалі рукі. Ірына Новік паехала некалькі дзён таму. Астатнія застаюцца ў Беларусі.
«Але апошні тыдзень мае калегі жывуць ня дома. Усе жывуць у чаканьні стуку ў дзьверы. Незразумела, ці можна карыстацца тэлефонам; незразумела, дзе ты будзеш начаваць. Яны падпольшчыкі.
Да таго ж ідзе эканамічны ціск. Нашы рэклямадаўцы адмаўляюцца ад дамоваў, запалоханыя. Такая сытуацыя цалкам разбурае эканамічныя мадэлі існаваньня СМІ. З аднаго боку, мы страчваем прыбыткі ад рэклямы, а з другога боку, на нас накладаюць страшныя эканамічныя санкцыі, штрафуюць.
Ці будзе рэлякацыя, сказаць цяжка. Ці будзем выходзіць праз тыдзень? Ня ведаю. Плянуем ня больш, чым на тыдзень», — падзялілася Ірына Новік.
«Zerkalo: «Немагчыма заткнуць раты, маўчаньне — атрута. Мы будзем працягваць асьвятляць падзеі»
Аляксандра Пушкіна, мэнэджэрка Zerkalo.io, прызнаецца, што каманда Tut. by меркавала вельмі хутка пасьля разгрому парталу запусьціць новы сайт, але атрымалася крыху інакш.
«Мы думалі хутка запусьціць новы сайт, але ліст МУС ад 3 чэрвеня з патрабаваньнем прызнаць нашы матэрыялы экстрэмісцкімі сур’ёзна зьмяніў нашы пляны. Пракансультаваўшыся з адвакатамі, мы прынялі рашэньне разьдзяліцца, як бы складана гэта ні было. Каманда колькасьцю 270 чалавек была разгромленая і апынулася перад выбарам, як жыць далей. Мы засталіся безь фінансаваньня, рахункі заблякаваныя. Натуральна, частка людзей звольнілася, шукае новую працу. Частка засталася.
Цяпер уся каманда, 30 чалавек, знаходзіцца за мяжой.
Тое, што Zerkalo стартанула 8 ліпеня, у той дзень, калі пачаліся ператрусы, затрыманьні — вельмі красамоўна. Немагчыма заткнуць раты, маўчаньне — атрута. Мы будзем працягваць асьвятляць падзеі», — запэўніла Аляксандра Пушкіна.
Мэдыяэкспэрт: «Журналістыка — гэта місія, спыніцца мы ня маем права»
Мэдыяэкспэрт Паўлюк Быкоўскі адзначае, што ўдар, нанесены па недзяржаўных СМІ, быў прадуманы. Незалежныя мэдыя выціскаюцца за мяжу.
«Пад ударам апынуліся мэдыя, якія давалі альтэрнатыву. Пад ударам знаходзіцца мэдыя-бізнэс.
У нас не было досьведу працы мэдыя, якія часткова прызнаваліся экстрэмісцкімі, як гэта адбылося з тэлеграм-каналам Hrodna Life. Мы можам толькі здагадвацца, як будзе разьвівацца сытуацыя.
Відавочна, што мэта „нармалізацыі“ сытуацыі, як яе бачыць беларускі кіроўны рэжым, — каб не было галасоў, якія будуць расказваць пра аб’ектыўную сытуацыю, і гэтыя галасы павінны зьнікнуць перад важнай палітычнай падзеяй. Мы можам толькі гадаць, гаворка ідзе пра паглыбленьне інтэграцыі, зьмены ў Канстытуцыі ці штосьці іншае», — разважае мэдыяэкспэрт.
І выказвае яшчэ адну трывогу: тое, што журналісты вымушаныя працаваць з-за мяжы, прывядзе да зьніжэньня стандартаў журналістыкі, зьвязаных з працай з крыніцамі інфармацыі.
«Немагчыма будзе пераправерыць інфармацыю, наўпрост задаўшы пытаньне прадстаўніку ўлады. Гэта як было з „Белсатам“ і „Радыё Рацыя“. Афіцыйную інфармацыю незалежным мэдыя атрымаць будзе складана, яе давядзецца браць зь дзяржаўных СМІ, а гэта ўжо кантраляваная інфармацыя», — кажа Паўлюк Быкоўскі. Працаваць будзе нялёгка, але спыніцца нельга, мяркуе мэдыяэкспэрт:
«За апошні час усе зразумелі, што журналістыка — гэта місія, спыніцца мы ня маем права».