Масква запатрабавала ад яго пакінуць тэрыторыю Расеі на працягу 48 гадзін. Пра гэта гаворыцца ў заяве афіцыйнай прадстаўніцы МЗС РФ Марыі Захаравай.
Яна адпрэчыла пярэчаньні МЗС Эстоніі аб незаконнасьці расейскага рашэньня, назваўшы пазыцыю Таліна «цынічнай». У МЗС Расеі настойваюць, што ў Масквы маюцца «неабвержныя доказы». Пра якія менавіта «доказы» ідзе гаворка, расейскія ўлады не ўдакладнілі.
У адказ міністэрства замежных справаў Эстоніі ў сераду абвясьціла аб ужываньні люстэркавай меры: Талін высылае расейскага дыплямата.
Кіраўніца МЗС Эстоніі Эва-Марыя Ліймэтс назвала абвінавачваньні з боку Расеі беспадстаўнымі, падкрэсьліўшы, што Лятэ «выконваў паўсядзённую працу дыплямата».
У эстонскім парлямэнце заявілі, што «Расея сумна вядомая арганізацыяй такога кшталту правакацыяў», і заклікалі дамагацца таго, каб увесь Эўразьвяз выказаў Расеі пратэст з-за высылкі Лятэ.
- Лятэ быў затрыманы ў аўторак супрацоўнікамі ФСБ і прабыў у іх на «гутарцы» паўтары гадзіны. У спэцслужбе настойваюць, што консул нібыта спрабаваў атрымаць ад расейскага грамадзяніна матэрыялы «закрытага характару», і назвалі гэтыя дзеяньні «відавочна варожымі».
- У сваю чаргу ў МЗС Эстоніі адзначаюць, што Лятэ быў затрыманы пры выхадзе з Пецярбурскага політэхнічнага інстытуту, дзе ў яго была звычайная рабочая сустрэча.
- Лятэ неаднаразова браў удзел у розных мерапрыемствах у Санкт-Пецярбургу і суседніх гарадах. Ён удзельнічаў у дыскусіях па разьвіцьці Балтыйскага рэгіёну, а таксама ўмацаваньню гуманітарных і інфраструктурных сувязяў паміж Расеяй і краінамі Балтыі. Яшчэ адзін напрамак дзейнасьці Лятте — супрацоўніцтва з Эўрапейскімі школамі ў Расеі, грамадзка-палітычнымі моладзевымі форумамі, прысьвечанымі пытаньням эўраінтэграцыі.