Стала вядома, якое заключэньне дала рэспубліканская камісія адносна матэрыялаў рэдакцыі. Высновы камісіі леглі ў аснову пазову МУС супраць сайту, піша Tut.by.
Рэспубліканская экспэртная камісія па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі на прадмет наяўнасьці/адсутнасьці ў ёй прыкмет праявы экстрэмізму 12 траўня прадставіла ў МУС сваё заключэньне № 234.
Экспэрты: прафэсар катэдры прававой інфарматыкі Акадэміі МУС Аляксандар Іваноўскі і Тацяна Лапуніна — начальнік аддзелу маўленчых і эканамічных дасьледаваньняў Дзяржаўнага камітэту судовых экспэртыз.
У дакумэнтах пазначана, што на экспэртызу паступілі 498 матэрыялаў: 39 публікацый на партале, 97 матэрыялаў зь відэа і больш за 350 скрыншотаў допісаў з Telegram-каналаў Tut.by. Таксама згаданыя тры матэрыялы іншых СМІ, якія сайт перадрукаваў.
Асноўныя тэзісы экспэртызы:
- службовыя асобы краіны характарызуюцца нэгатыўна. Нібыта ў публікацыях ідзе адмоўная ацэнка Аляксандра Лукашэнкі, Натальлі Качанавай, Натальлі Эйсмант і іншых. Дзеяньні іх праціўнікаў, на думку Іваноўскага і Лапунінай, Tut.by ацэньвае выключна станоўча;
- партал зьяўляецца схаваным каардынатарам пратэстна настроенай часткі грамадзтва;
- дзеяньні Tut.by па інфармацыйным забесьпячэньні пратэстаў, стварэньню магчымасьці выступаць з дэструктыўнымі заклікамі наносяць шкоду нацыянальным інтарэсам Беларусі;
- у матэрыялах ёсьць ускосныя заклікі да пратэстаў, напрыклад, да такіх заклікаў прылічылі загаловак матэрыялу «Ціханоўская разьлічвае на сыход Лукашэнкі ўвесну»;
- шматразовым паўтарэньнем лёзунгу «Я/Мы з вамі» выяўляецца ідэя кансалідацыі ўсіх слаёў грамадзтва вакол пратэстаў, накіраваных «на страйк асноўных бюджэтаўтваральных прадпрыемстваў Беларусі»;
- у тэкстах ёсьць маўленчыя стратэгіі і тактыкі дыскрэдытацыі, тут прыводзяцца цытаты Сьвятланы Ціханоўскай і Марыі Калесьнікавай адносна становішча ў краіне. Выказваньні нібыта аказвалі ўзьдзеяньне на чытачоў.
Суд у справе прызнаньня матэрыялаў Tut.by экстрэмісцкімі прызначаны на 24 чэрвеня. Матэрыялы будзе разглядаць суд Цэнтральнага раёну Менску.
Пра перасьлед Tut.by
- 18 траўня офіс рэдакцыі быў заблякаваны за публікацыю «забароненай заканадаўствам інфармацыі», туды прыйшлі супрацоўнікі ДФР. Пазьней у ведамстве паведамілі, што на службовых асобаў завялі крымінальную справу за ўхіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. На думку сілавікоў, рэзыдэнт Парку высокіх тэхналёгій атрымаў выручку, не абумоўленую дзейнасьцю, дазволенай для рэзыдэнтаў.
- У справе затрымалі агулам 15 чалавек: кіраўнікі, журналісты і іншы пэрсанал мэдыйнага парталу Tut.by (Людміла Чэкіна, Марына Золатава, Вольга Лойка, Ірына Рыбалка, Алена Талкачова, Анжэла Асад, Марыя Новік, Ала Лапатка, Аляксандра Дайнека, Андрэй Аўдзееў, Дар'я Данілава, Кацярына Ткачэнка і Ірына Касьцючэнка), а таксама генэральны дырэктар Hoster.by Сяргей Павалішаў (вызвалілі 1 верасьня) і ўдава заснавальніка Tut.by Юлія Чарняўская. Праваабаронцы прызналі іх палітвязьнямі.
- Удава заснавальніка парталу Юрыя Зісера Юлія Чарняўская цяпер пад хатнім арыштам, два дні пасьля затрыманьня пра яе не было нічога вядома, яна перанесла гіпэртанічны крыз і была на нейкі час шпіталізаваная.
- Сам сайт Tut.by заблякаваны рашэньнем Мінінфармацыі.
- У сьнежні 2020 году Tut.by на патрабаваньне Міністэрства інфармацыі пазбавілі статусу СМІ. Падставай сталі раней вынесеныя папярэджаньні да матэрыялаў аб правядзеньні прэзыдэнцкіх выбараў, дзейнасьці Камітэту дзяржаўнага кантролю, беларускай мытні і г.д.
- Увечары 27 чэрвеня партал выдаліў з сацыяльных сетак усе допісы за апошнія паўтара года.
- 13 жніўня Суд Цэнтральнага раёну Менску прызнаў інфармацыйную прадукцыю і сацыяльныя сеткі Tut.by і новага праекту тутбаеўцаў Zerkalo.io экстрэмісцкімі.
- 7 кастрычніка Сьледчы камітэт паведаміў пра новую крымінальную справу супраць тутбаеўцаў — за распальваньне варожасьці, учыненае групай асобаў (ч. 3 арт. 130). Максымальная санкцыя па гэтым артыкуле — 12 гадоў зьняволеньня.
- Справу Tut.by пачалі разглядаць 9 студзеня 2023 ў Менскім гарадзкім судзе. Працэс праходзіў ў закрытым рэжыме, яго ўзначальвала судзьдзя — Валянціна Зянькевіч.
- На лаве падсудных знаходзіліся галоўная рэдактарка выданьня Марына Золатава, былая генэральная дырэктарка Людміла Чэкіна. Яшчэ тры фігуранткі справы, якім раней зьмянілі меру стрыманьня, – Вольга Лойка, Алена Талкачова і Кацярына Ткачэнка – на судзе не прысутнічалі, яны жывуць за мяжой.
- 17 сакавіка Марыне Золатавай і Людміле Чэкінай прысудзілі па 12 гадоў калёніі кожнай.
- 15 красавіка генэральны дырэктар Hoster.by Сяргей Павалішаў напісаў, што ўлады памілавалі дзевецярых фігурантаў справы пасьля пададзенага ў сьнежні прашэньня аб памілаваньні. Партал Zerkalo.io паведаміў, што мае інфармацыю аб тым, што агулам ад крымінальнай адказнасьці вызвалілі 9 чалавек.