17 чэрвеня дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прынялі ў першым чытаньні законапраект «Аб зьмене законаў у пытаньнях абароны сувэрэнітэту і канстытуцыйнага ладу».
Законапраект быў распрацаваны з улікам дэкрэту Аляксандра Лукашэнкі ад 9 траўня № 2 «Аб абароне сувэрэнітэту і канстытуцыйнага ладу», піша БелТА.
Праект прадугледжвае, што будуць унесеныя зьмены ў законы «Аб Узброеных сілах Рэспублікі Беларусь», «Аб надзвычайным становішчы» і «Аб ваенным становішчы».
Праект закону быў унесены ў Палату прадстаўнікоў на даручэньне Лукашэнкі Саветам Міністраў 15 чэрвеня 2021 году.
9 траўня Аляксандар Лукашэнка падпісаў дэкрэт № 2 «Аб абароне сувэрэнітэту і канстытуцыйнага ладу». Дакумэнтам прадугледжваецца, што ў выпадку ягонай гібелі ад замаху, тэракту, вонкавай агрэсіі на тэрыторыі краіны ўводзіцца надзвычайнае або ваеннае становішча.
Дэкрэт № 2 «Аб абароне сувэрэнітэту і канстытуцыйнага ладу» прадугледжвае, што ў выпадку гвалтоўнай сьмерці Лукашэнкі дзяржаўныя органы і службовыя асобы дзейнічаюць у адпаведнасьці з рашэньнямі Рады бясьпекі, на пасяджэньнях якой старшынюе прэм’ер-міністар. Акрамя таго, у законе:
- удакладненыя задачы войска, паўнамоцтваў і сацыяльна-прававых гарантый вайскоўцаў, якія прымаюць удзел у забесьпячэньні рэжыму надзвычайнага і ваеннага становiшча;
- удакладнены падставы і парадак увядзеньня надзвычайнага і ваеннага становішча з улікам сучасных пагроз нацыянальнай бясьпецы;
- адкарэктаваныя надзвычайныя меры і часовыя абмежаваньні, якія прымяняюцца ва ўмовах надзвычайнага становішча, удакладнены сілы і сродкі, якія ўдзельнічаюць для забесьпячэньня рэжыму надзвычайнага становішча, а таксама парадак ажыцьцяўленьня кантролю па рэалізацыі дадзеных захадаў;
- рэглямэнтаваныя нормы аб дзяржаўнай сыстэме рэагаваньня на акты тэрарызму і дзейнасьць тэрарыстычных арганізацый, незаконныя ўзброеныя фармаваньні і масавыя беспарадкі.
Новая нагода для надзвычайнага становішча — «спробы гвалтоўнай зьмены канстытуцыйнага ладу, захопу або прысабечваньня ўлады»; пры надзвычайным становішчы забараняюцца ці абмяжоўваюцца любыя зборы грамадзян, мітынгі, шэсьці, прыпыняецца выпуск СМІ, абмяжоўваецца доступ да інтэрнэт-СМІ.