Пра гэта піша газэта The Jerusalem Post.
Ізраільскія вайскоўцы, піша газэта, самі называюць апэрацыю «Вартавы сьцен» першай вайной з дапамогай штучнага інтэлекту.
«Упершыню штучны інтэлект стаў ключавым кампанэнтам і сродкам павелічэньня сілы ў барацьбе з супернікам», — сказаў выданьню старшы афіцэр Корпусу выведкі ўзброеных сілаў Ізраілю (Ангельская абрэвіятура IDF, яшчэ іх называюць ЦАХАЛ. — РС). — Гэта першая ў сваім родзе кампанія для IDF. Мы ўкаранілі новыя мэтады працы і выкарыстоўвалі тэхналягічныя распрацоўкі, што павялічылі сілу ўсяго ЦАХАЛу».
За 11 дзён баёў у сэктары Газа ізраільскія вайскоўцы нанесьлі інтэнсіўныя ўдары па аб’ектах ХАМАС і палестынскага ісламскага джыхаду. ЦАХАЛ заявіў, што ён нацэліўся на ключавую інфраструктуру і пэрсанал.
За некалькі гадоў да пачатку баявых дзеяньняў ЦАХАЛ стварыў перадавую тэхналягічную плятформу штучнага інтэлекту, якая цэнтралізавала ўсе дадзеныя аб тэрарыстычных групах ў сэктары Газа ў адной сыстэме. Гэта дазволіла аналізаваць і здабываць выведныя дадзеныя.
Салдаты атраду 8200, элітнага падразьдзяленьня корпусу выведкі, упершыню распрацавалі альгарытмы і код, якія прывялі да стварэньня некалькіх новых праграм пад назвай «Алхімік», «Эвангельле» і «Глыбіня мудрасьці». Гэтыя праграмы выкарыстоўваліся падчас баявых дзеяньняў.
Зьбіраючы дадзеныя з выкарыстаньнем сыгнальнага інтэлекту (SIGINT), візуальнага інтэлекту (VISINT), чалавечага інтэлекту (HUMINT), геаграфічнага інтэлекту (GEOINT) і іншых, ЦАХАЛ назапасіў шмат дадзеных, якія трэба было прааналізаваць, каб знайсьці ключавыя элемэнты, неабходныя для выкананьня.
...Вайскоўцы лічаць, што выкарыстаньне штучнага інтэлекту дапамагло скараціць працягласьць баявых дзеяньняў, паколькі яно эфэктыўнае і хутка зьбірае цэлі з дапамогай звышпазнаньня.
Армія абароны Ізраілю нанесла сотні удараў па ХАМАС і руху «Ісламскі джыгад», уключаючы ракетныя ўстаноўкі, месцы вытворчасьці і захоўваньня ракет, офісы вайсковай выведкі, бесьпілётныя лятальныя апараты, рэзыдэнцыі камандзіраў і атрад вайскова-марскіх сіл ХАМАС. Ізраіль зьнішчыў вялікую частку інфраструктуры і ўзбраеньня падразьдзяленьняў марскіх камандас, у тым ліку некалькі аўтаномных падводных лодак з GPS-навядзеньнем, якія могуць несьці да 30 кг выбуховых рэчываў.
Спадарожнікі IDF Unit 9900 у рамках геаграфічнага інтэлекту GEOINT зьбіралі дадзеныя на працягу многіх гадоў. Яны змаглі аўтаматычна выяўляць зьмены на мясцовасьці ў рэжыме рэальнага часу, так што падчас апэрацыі вайскоўцы маглі выяўляць стартавыя пазыцыі і паражаць іх пасьля стральбы.
Напрыклад, вайскоўцы атраду 9900 з дапамогай спадарожнікавых здымкаў змаглі выявіць 14 ракетных установак, разьмешчаных побач са школай.
...ЦАХАЛ таксама выкарыстоўваў сыстэму пад назвай «Алхімік», якая была распрацавана падразьдзяленьнем 8200 і выкарыстала штучны інтэлект і машыннае навучаньне для папярэджаньня войскаў у палявых умовах аб магчымых нападах з боку ХАМАС. Дынамічная і абнаўляльная сыстэма выкарыстоўвалася кожным камандзірам палявога падразьдзяленьня пры дапамозе зручнага ў карыстаньні пляншэту.