Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Надгляд у Менскім аэрапорце багажу пасажыраў самалёта кампаніі Ryanair, які ляцеў рэйсам Атэны — Вільня
Надгляд у Менскім аэрапорце багажу пасажыраў самалёта кампаніі Ryanair, які ляцеў рэйсам Атэны — Вільня

Улады Беларусі пасадзілі самалёт Ryanair, затрымалі блогера Рамана Пратасевіча. Галоўнае

абноўлена
00:26 24.5.2021

Бацька Пратасевіча: Як вайсковец скажу, што спэцслужбы Беларусі былі не адны

Дзьмітры Пратасевіч, бацька затрыманага сёньня ў менскім аэрапорце блогера Рамана Пратасевіча, у інтэрвію «Свабодзе» назваў інцыдэнт з самалётам, які прымусілі сесьці ў Беларусі, дакладна сплянаванай акцыяй спэцслужбаў і параўнаў з тэрарыстычным актам.

Чытаць тэкст>>>

23:36 23.5.2021

Кангрэсмэн ЗША заклікаў сусьветную супольнасьць запатрабаваць вызваленьня Пратасевіча

Найстарэйшы рэспубліканец камітэту замежных справаў Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША Майкл Маккол (ад штату Тэксас) лічыць, што ўлады Беларусі мусяць панесьці пакараньне за інцыдэнт з самалётам авіякампаніі Ryanair і затрыманьне рэдактара прызнанага ў Беларусі «экстрэмісцкім» тэлеграм-каналу NEXTA Рамана Пратасевіча.

«Прымусіць ірляндзкі самалёт з амаль 200 невінаватымі грамадзянамі сесьці, каб правесьці арышт, — гэта абраза дэмакратычных супольнасьцяў ува ўсім сьвеце», — сказана ў пашыранай у нядзелю заяве заканадаўцы.

На ягоную думку, улады Беларусі і тыя, хто іх падтрымлівае, «ня могуць заставацца беспакаранымі». «Міжнародная супольнасьць мусіць рашуча адрэагаваць і выступіць адзіным фронтам з патрабаваньнем неадкладна вызваліць Рамана Пратасевіча», — заявіў кангрэсмэн.

23:34 23.5.2021

IATA заклікала да стараннага расьсьледваньня інцыдэнту з самалётам Ryanair

Міжнародная асацыяцыя паветранага транспарту (IATA) ў Твітэры выступіла за правядзеньне ўважлівага расьсьледваньня інцыдэнту з самалётам кампаніі Ryanair:

«Мы рашуча асуджаем любое ўмяшаньне або патрабаваньне пасадкі самалётаў цывільнай авіяцыі, якое супярэчыць нормам міжнароднага права».

23:30 23.5.2021

Латвія, Украіна і Эстонія запатрабавалі неадкладна вызваліць Пратасевіча

Неадкладна вызваліць журналіста Рамана Пратасевіча, затрыманага ў Менску пасьля вымушанай пасадкі 23 траўня самалёта Ryanair (рэйс Атэны — Вільня), запатрабаваў афіцыйны Кіеў.

«Цалкам недапушчальным і супярэчным міжнароднаму праву» назваў здарэньне міністар замежных спраў Латвіі Эдгарс Рынкевічс.

МЗС Эстоніі назваў «шокавым актам беларускага рэжыму» прымусовую пасадку самалёта з Пратасевічам на борце, запатрабаваў яго вызваленьня і міжнароднага расьсьледаваньня «гэтай беспрэцэдэнтнай падзеі».

23:22 23.5.2021

Як выглядаюць галоўныя старонкі сайтаў сусьветных мэдыя

Інцыдэнт з перахопам самалёта ў Беларусі — галоўная тэма найбуйнейшых заходніх мэдыя.

23:14 23.5.2021

Навошта ўладам так спатрэбіўся Пратасевіч? Аналіз экспэртаў

Ці была пасадка ў Менску самалёта Ryanair добраахвотнай ці прымусовай? Навошта беларускім уладам так спатрэбіўся Раман Пратасевіч? Якім будзе міжнароднае рэха інцыдэнту з самалётам і затрыманьня журналіста?

Гэтыя пытаньні ў Праскім акцэнце абмяркоўваюць палітычныя аналітыкі Юры Дракахруст і Валер Карбалевіч.

22:59 23.5.2021

«Інцыдэнту на борце фактычна не было»

Падчас развароту самалёта пасажырам не патлумачылі прычыны. Пра гэта ў інтэрвію карэспандэнту літоўскага DELFI з аэрапорту ў Вільні расказаў адзін чалавек з рэйсу.

«Фактычна нам нічога не расказалі, чаму разварочваемся. Мы самі заўважылі, што зьмянілася траекторыя ў кірунку Менску. (...) Інцыдэнту на борце папраўдзе не было. Гэта толькі потым напісала прэса. Мы ўбачылі, што пілёт, які вёў самалёт, рэзка павярнуў налева і ўніз, зьмяніў траекторыю і сказаў, што, на жаль, павінны сесьці ў Менску. Прычыны не сказаў».

«Пры пасадцы ў Менску мы ўбачылі, што стаяць тры пажарныя машыны, міліцыя, АМАП — і самалёт сеў. Пад’ехалі 50 чалавек. (...) Я сядзеў ззаду, бачыў, што ён [Раман Пратасевіч] рэзка ўстаў, узяў сумку. Мы бачылі Рамана. Ён спрабаваў перадаць свой кампутар сваёй дзяўчыне, пазбавіцца [магчыма] ад нейкай інфармацыі. Пачаў друкаваць нешта... ».

22:32 23.5.2021

Разам з Пратасевічам зь Менску ў Вільню не прыляцела ягоная дзяўчына

Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа паведаміў на брыфінгу ў Вільні, што, апрача Рамана Пратасевіча, зь Менску ня вылецела ягоная сяброўка.

«Я не хацеў бы камэнтаваць інфармацыю, яшчэ не пацьверджаную. Ясна толькі адно: спадара Пратасевіча і яго сяброўкі больш няма ў самалёце», — сказаў прэзыдэнт Наўседа, якога цытуе delfi.lt.

Пазьней на БТ пацьвердзілі затрыманьне сяброўкі Рамана Пратасевіча, яна грамадзянка Расеі.

Тое, што разам з Раманам Пратасевічам была затрыманая і яго сяброўка, пацьвердзілі карэспандэнтцы delfi.lt пасажыры, якія ляцелі гэтым рэйсам. Падчас праверкі дакумэнтаў у Менску — ужо пасьля затрыманьня Рамана — па яе прыйшлі асобна і вывелі з памяшканьня.

22:31 23.5.2021

Генэральная пракуратура Літвы расьсьледуе інцыдэнт з самалётам у Менску


У нядзелю генэральная пракуратура Літвы пачала дасудовае расьсьледаваньне захопу самалёта, які выконваў рэйс Атэны — Вільня.

«Пачата дасудовае расьсьледаваньне захопу самалёта і забароненага міжнародным правам абыходжаньня зь людзьмі», — паведаміла агенцтву BNS у нядзелю прадстаўніца пракуратуры Літвы Эляна Марцінанене.

22:29 23.5.2021

Наўседа: Літва прапануе «вельмі сур’ёзныя» санкцыі ў дачыненьні да Беларусі

На прэс-канфэрэнцыі ў Вільні прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа абвясьціў, што будзе прапаноўваць Эўрапейскаму зьвязу ўвесьці жорсткія санкцыі ў дачыненьні да Беларусі і абмежаваць палёты авіякампаній гэтай краіны ў краіны ЭЗ і NATO.

Такія захады прапануюцца ў адказ на арышт беларускага журналіста Рамана Пратасевіча ў Менску. Наўседа ацаніў дзеяньні беларускага рэжыму як акт дзяржаўнага тэрарызму і выкраданьне чалавека з выкарыстаньнем вайсковай сілы.

22:27 23.5.2021

Прэм’ер-міністарка Літвы: «Гэтая сытуацыя ня можа застацца без адказу»

Прэм’ер-міністарка Літвы Інгрыда Шыманіце, гаворачы з журналістамі ў віленскім аэрапорце, заявіла:

«Мы ўжо добрыя паўдня працуем з усімі нашымі міжнароднымі партнэрамі, ёсьць юрыдычныя праблемы, якімі займаюцца нашы праваахоўныя органы. Бясспрэчна, гэтая сытуацыя ня можа застацца без адказу. І гэта не пытаньне Літвы, бо ў самалёце былі некалькі грамадзянаў іншых краін Эўразьвязу. Відавочна, што гэта міжнародная тэма», — падкрэсліла прэм’ер-міністарка.

22:22 23.5.2021

У МУС Беларусі расказалі аб праверцы самалёта Ryanair


Праверка авіялайнэра ў Менску заняла больш за дзьве гадзіны, сказаў камандзір сапэрна-піратэхнічнай групы ўнутраных войскаў МУС Беларусі ў нядзелю ў эфіры тэлеканала «Беларусь-1». Паводле ТАСС, ён размаўляў з журналістамі ў балаклаве і не раскрыў свайго імя.

«Дзьве — дзьве з паловай гадзіны пайшло на працу. Багаж [правяралі], бо ў багажы магло быць закладзена выбуховае прыстасаваньне. У салёне маглі быць пакінутыя рэчы з ручной паклажы, дзе таксама магло знаходзіцца выбуховае прыстасаваньне. Таму агледжаны візуальна цалкам самалёт унутры і звонку, багажны адсек».

21:59 23.5.2021

Генэральная пракуратура і паліцыя Літвы пачалі расьсьледаваньне ў сувязі з інцыдэнтам з самалётам Ryanair

Намесьнік генэральнага камісара Паліцыі Літвы Арунас Паўлаўскас паведаміў журналістам на лётнішчы ў Вільні, што літоўская паліцыя распачала ў сувязі з прымусовай пасадкай у Менску самалёта Ryanair два дасудовыя расьсьледаваньні: у сувязі з захопам самалёта і ў сувязі з прымусовай пасадкай.

21:53 23.5.2021

У Вільні праходзіць мітынг у падтрымку Пратасевіча

21:43 23.5.2021

Саміт ЭЗ 24 траўня абмяркуе магчымыя санкцыі ў сувязі з інцыдэнтам з пасадкай самалёта ў Мінску

Кіраўнікі дзяржаваў і ўрадаў Эўразьвязу абмяркуюць на саміце 24 траўня інцыдэнт з прымусовай пасадкай у Менску самалёта кампаніі Ryanair і магчымыя санкцыі ў сувязі з гэтым. Пра гэта паведаміў у Твітэры прадстаўнік Эўразьвязу Барэнд Лейтс.

«Старшыня Эўрапейскай Рады заўтра паставіць пытаньне аб прымусовай пасадцы рэйсу Ryanair ў Менску. Наступствы і магчымыя санкцыі будуць абмяркоўвацца».

21:41 23.5.2021

Самалёт Ryanair прызямліўся ў Вільні

Ён спазьніўся на 8 з паловаю гадзін.

Сярод тых, хто сустракае пасажыраў на лётнішчы, — прэм’ер-міністарка Літвы Інгрыда Шыманіце.

Пасажыры выходзяць з самалёта Ryanair у Вільні.
Пасажыры выходзяць з самалёта Ryanair у Вільні.

21:35 23.5.2021

Офіс Ціханоўскай прапанаваў дапамогу бацькам Пратасевіча

Каманда Сьвятланы Ціханоўскай зьвязалася з бацькамі Рамана Пратасевіча і прапанавала дапамогу.

Апрача таго, офіс Ціханоўскай зьвязаўся з Ryanair, з урадамі Грэцыі, Ірляндыі. Ціханоўская заклікала Грэцыю, Ірляндыю, Літву і Польшчу ініцыяваць расьсьледаваньне інцыдэнту.

«Офіс накіраваў запыт у Міжнародную арганізацыю цывільнай авіяцыі, а таксама зьвязаўся з урадавымі арганізацыямі ЗША, Францыі і Нямеччыны, заклікаўшы іх ініцыяваць дэталёвае расьсьледаваньне, бо гэты інцыдэнт можна ацэньваць як акт дзяржаўнага тэрарызму. Міжнародныя партнэры, з якімі зьвязалася Ціханоўская, заявілі, што не дазволяць пакінуць беспакараным учынак рэжыму», — паведамляе прэсавая служба Ціханоўскай.

21:27 23.5.2021

Старшыня АБСЭ заклікала да неадкладнага вызваленьня Пратасевіча

Ан Ліндэ, міністарка замежных справаў Швэцыі, якая цяпер старшынюе ў АБСЭ, заявіла ў Твітэры:

«Глыбока трывожныя паведамленьні аб тым, што ў Менску быў прымусова пасаджаны цывільны самалёт для арышту журналіста Рамана Пратасевіча. Цалкам недапушчальныя і безразважныя паводзіны. Беларусь мусіць неадкладна вызваліць Пратасевіча. Абмяркуем магчымыя наступствы з калегамі ў ЭЗ», — напісала яна ў Твітэры.

21:16 23.5.2021

МЗС Нямеччыны: такі акт ня можа застацца без наступстваў

«Той факт, што самалёт, які лётае паміж дзьвюма дзяржавамі ЭЗ, прымусова пасаджаны пад маркай пагрозы бомбы, становіць сабой абуральнае ўмяшаньне ў авіязносіны. Мы вельмі занепакоеныя паведамленьнямі аб тым, што такім чынам быў арыштаваны журналіст Раман Пратасевіч», — заявіў міністар. — «Такі акт ня можа застацца без сур’ёзных наступстваў з боку Эўрапейскага Зьвязу. Мы застаемся ў шчыльным кантакце з партнэрамі ў ЭЗ. У кожным разе Беларусь мусіць неадкладна гарантаваць бясьпеку, недатыкальнасьць і свабоду ўсім пасажырам і вызваліць Рамана Пратасевіча», — лічыць Маас.

20:59 23.5.2021

Рэакцыя NATO: «Сур’ёзны і небясьпечны інцыдэнт»

У NATO перакананыя, што прымусовая пасадка самалёта Ryanair у Менску ёсьць «сур’ёзным і небясьпечным інцыдэнтам», які патрабуе міжнароднага расьсьледаваньня.

«Улады Беларусі павінны гарантаваць бясьпечнае вяртаньне экіпажу і ўсіх пасажыраў у Вільню», — сказаў прэс-сакратар NATO, якога цытуе Reuters.

«Мы ўважліва адсочваем прымусовую пасадку ў Беларусі самалёта Ryanair, які ляцеў з Атэнаў у Вільню, і паведамленьні пра затрыманьне апазыцыйнага дзеяча Рамана Пратасевіча», — дадаў прэс-сакратар NATO.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG