Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ліст Альберта Эйнштэйна прадалі на аўкцыёне за 1,2 млн даляраў


Эйнштэйн і ягоная знакамітая формула
Эйнштэйн і ягоная знакамітая формула

Ліст быў напісаны ў 1946 годзе калегу-фізыку, які аспрэчваў некаторыя тэорыі.

Ліст знакамітага навукоўца Альберта Эйнштэйна, які зьмяшчае адну з найбольш вядомых формулаў у фізыцы E = mc², прадалі на аўкцыёне ў Бостане за 1,2 мільёна даляраў. Пра гэта паведамляе ВВС.

Выніковая сума, якую пакупнік заплаціў за ліст, утрая перавысіла прагназаваную экспэртамі. Імя пакупніка арганізатары аўкцыёну не назвалі, абмежаваўшыся толькі інфармацыяй, што гэта калекцыянэр дакумэнтаў.

Ліст на нямецкай мове датуецца 26 кастрычніка 1946 году і адрасаваны фізыку Людвіку Зільбэрштэйну, які аспрэчваў некаторыя тэорыі Эйнштэйна. Ліст уваходзіў у архіў, які прадавалі сваякі Зільбэрштэйна.

Усяго ў сьвеце вядомыя толькі чатыры рукапісныя тэксты Альберта Эйнштэйна, у якіх зьмяшчаецца формула E = mc².

Формулу E = mc² Эйнштэйн вывеў у 1905 годзе. Яна паказвае прамую залежнасьць поўнай энэргіі фізычнага аб’екту ў стане спакою ад яго масы (эквівалентнасьць масы і энэргіі).

Адмысловая і агульная тэорыі адноснасьці, якія распрацаваў Эйнштэйн, неаднаразова былі падставай намінаваць яго на Нобэлеўскую прэмію. Аднак яе ў 1922 годзе фізыку далі не за іх, а за тэорыю фотаэфэкту. Аднак на традыцыйнай Нобэлеўскай прамове навуковец гаварыў усё-ткі пераважна пра тэорыю адноснасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG