На сёньня паўнамоцтвамі галоўнага адміністратара дамэннай зоны .by валодае менавіта ААЦ. Але за ўсімі дамэннымі адміністратарамі стаіць сусьветны рэгулятар дамэнных імёнаў — ICANN, які мае права пазбавіць дамэннага адміністратара гэтых паўнамоцтваў шляхам перадэлегаваньня іх іншай арганізацыі, гаварылася ў закліку да ICANN. Дзясяткі людзей далучыліся да ініцыятывы і сталі адпраўляць у ICANN лісты з просьбай зьвярнуць увагу на сытуацыю ў Беларусі.
Выданьне dev.by атрымала копію адказу ад IСANN:
«Шкадуем аб праблемах, зь якімі вы сутыкнуліся з дамэнам .by. Дамэнныя імёны, якія сканчаюцца на двухлітарны код краіны — дамэны верхняга ўзроўню (ccTLD), такія як .by, адмініструюцца country-code мэнэджарамі. Апэратары прызначаюцца ў кожнай краіне ў адпаведнасьці зь мясцовым заканадаўствам сумесна зь мясцовай інтэрнэт-супольнасьцю і мясцовымі органамі ўлады. У ICANN няма паўнамоцтваў удзельнічаць у правядзеньні апэрацый ccTLD і няма дамоўных паўнамоцтваў для прыняцьця мер па выкананьні патрабаваньняў у дачыненьні да апэратараў ccTLD», — адказалі ў IСANN.
Са скаргамі і пытаньнямі па тэме ICANN прапанаваў зьвяртацца ў ААЦ, падаўшы яго пошту і тэлефон.