У праекце зьменаў у адзіную таварную намэнклятуру замежнаэканамічнай дзейнасці ЭАЭС прадугледжваецца ўвядзеньне стаўкі мыта 15% для электрамабіляў з 2022 году.
Гэта адпавядае агульнаму ўзроўню бар’еру для легкавых машын, але для электратранспарту ад леташняй вясны мыта абнулялася тэрмінам да канца 2021 году «з улікам адсутнасьці ўнутранай вытворчасьці, а таксама дзеля стымулаў на фармаваньне неабходнай інфраструктуры».
Абмеркаваньне праекту завяршаецца 20 траўня, аднак прапановы краін-чальцоў аб падаўжэньні дзеяньня нулявой стаўкі ў камісію не паступалі, піша расейскае дзелавое выданьне.
У Міністэрстве прамысловасьці і гандлю Расеі паведамілі, што нулявая стаўка была ўведзеная з ініцыятывы Беларусі і цяпер ужываецца часова. Таму ў праекце новай рэдакцыі таварнай намэнклятуры значыцца ранейшая стаўка ў памеры 15%.
Нулявое мыта на ўвоз электрамабіляў было адным з драйвэраў росту рынку электрамабіляў у 2020 годзе, а ў адсутнасьць мясцовай вытворчасьці вяртаньне ранейшага бар’еру прывядзе да рэзкага зьніжэньня рынку і перашкодзіць разьвіцьцю зараднай інфраструктуры.
У Беларусі дзякуючы адмене мыта колькасьць электрамабіляў вырасла ад сотні ў 2018 годзе да больш як 3500 на гэты момант.