Прадстаўніца АБСЭ ў пытаньнях свабоды СМІ Тэрэза Рыбэйра выказала шкадаваньне ў сувязі зь нядаўнімі арыштамі некалькіх журналістаў у Беларусі, перадае БелаПАН.
Як адзначаецца ў паведамленьні прэс-службы АБСЭ, гаворка ідзе пра журналістку партала tut.by Любоў Касьпяровіч (арыштаваная на 15 сутак), магілёўскіх журналістаў Аляксандра Буракова і Ўладзімера Лапцэвіча (абодва атрымалі па 20 сутак), фотажурналістку Тацьцяну Капітонаву (арыштавалі на 10 дзён).
Рыбэйра зноў заклікала афіцыйны Менск «павярнуць назад нэгатыўную тэндэнцыю» і выконваць свае абавязаньні ў рамках АБСЭ.
«Тое, як улады Беларусі абыходзяцца з супрацоўнікамі СМІ, па-ранейшаму выклікае сур’ёзную трывогу і нароўні зь іншымі трывожнымі падзеямі, зьвязанымі са свабодай СМІ ў краіне ў апошнія месяцы, сур’ёзна ставіць пад пагрозу фундамэнтальнае права чалавека на свабоду выказваньня думак, — адзначыла Рыбэйра. — Я заклікаю ўлады спыніць перасьледаваць журналістаў і вызваліць усіх затрыманых».