Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля выбараў-2020 на Падляшша прыбылі 527 беларускіх уцекачоў


Ад 9 жніўня 2020 году да 12 траўня 2021-га беларуска-польскую мяжу на адрэзку, які ахоўвае Падляскі аддзел Памежнай варты, перасеклі 527 беларусаў, якія пакінулі сваю краіну з палітычных прычынаў.

Пра гэта паведаміла Свабодзе маёр Катажына Здановіч, прэсавая прадстаўніца Падляскага аддзелу Памежнай варты.

Беларусы, якія пакідаюць сваю краіну з палітычных матываў, могуць уехаць у Польшчу ў трох выпадках: на падставе гуманітарнай візы, атрыманай у польскім консульстве ў Беларусі; у рамках так званай працэдуры міжнароднай абароны; на падставе згоды камэнданта Памежнай варты Польшчы.

Катажына Здановіч паведаміла, што падляскія памежнікі за пэрыяд з 9 сьнежня 2020-га да 12 траўня 2021-га зарэгістравалі:

  • 99 беларусаў, якія папрасілі даць ім міжнародную абарону ў Польшчы (такія просьбы разглядае і прымае рашэньне кіраўнік Упраўленьня ў справах іншаземцаў);
  • 333 беларусы, які ўехалі на Падляшша з гуманітарнай візай;
  • 95 беларусаў, якія атрымалі згоду камэнданта Памежнай варты на ўезд у Польшчу ўжо пасьля перасячэньня беларуска-польскай мяжы.

Катажына Здановіч паведаміла, што сёлета (да 12 траўня) падляскія памежнікі затрымалі на польска-беларускай мяжы 5 групаў нелегальных мігрантаў: агулам 60 чалавек з Расеі (асобы чачэнскай нацыянальнасьці), Іраку, Ірану і Таджыкістану.

У 2020 годзе Падляскі аддзел Памежнай варты выявіў 13 групаў нелегальных мігрантаў: агулам 113 чалавек з Расеі (асобы чачэнскай нацыянальнасьці), Аўганістану, Іраку, Шры-Ланкі і Кубы.

Прэс-прадстаўніца падляскіх памежнікаў таксама адзначыла, што апошнім часам адной з найбольшых праблемаў на мяжы зьяўляецца кантрабанда цыгарэт зь Беларусі. Ад пачатку 2021 году падляскія памежнікі і мытнікі выявілі на беларускім адрэзку мяжы спробы перавозу больш за 87 мільёнаў непадакцызных цыгарэт на агульную суму 17,5 мільёна даляраў. За ўвесь 2020 год колькасьць выяўленых нелегальных цыгарэт перавысіла 61 мільён штук (вартасьцю 11,5 мільёна даляраў).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG